Прыгажосць, што напачатку прыносіла Тані гэтулькі праблем, зрабілася таварам, за які можна займець многае.
Пераважна дзякуючы гэтай прыгажосці (а не акцёрскаму таленту, які быў пасрэдны) удалося ёй паступіць у сталічны тэатральны інстытут, паспяхова здаваць сесіі, а затым уладкавацца ў адзін з прэстыжных тэатраў. У Бабаеўскага яна працавала толькі два гады і ўжо праз год зрабілася фактычна другім чалавекам у тэатры, пасля дырэктара. Бо за пятнаццаць гадоў блізкіх узаемадачыненняў з мужчынамі ведала яна пра іх усё і кіравала імі зайздросна.
І тым не менш, асабістае жыццё Таццяны Зарэмбы можна лічыць няўдалым. Так нярэдка бывае з празмерна прывабнымі жанчынамі. Бо надта ўжо доўгая, разнамасная, шалёная стаіць па іх чарга, надта няпроста ў ёй разабрацца і выбраць таго адзінага правільнага, што дасць і каханне, і дабрабыт, і дзяцей, і апірышча…
Пры ўсіх сваіх здольнасцях, замужам Таня была толькі раз. Але і гэтага разу хапіла з лішкам. У дваццаць пяць гадоў выйшла яна за акцёра свайго тэатра, равесніка. І таленавіты, і Апалон целам. З двухпакаёвай кватэрай у цэнтры сталіцы. І каханне было такое, што зімой шыбы ў іх спальні плавіліся. Але накахаўшыся да пасінення, недзе праз тры месяцы пасля загса, выявілася, што трэба ж неяк яшчэ і жыць. Што жыццё — не адно пасцель, і не адно сцэна, а паўсядзённая барацьба за існаванне з усімі яе, барацьбы, атрыбутамі: здабываннем і гатаваннем харчоў, прыбіраннем у кватэры, мыццём бялізны і іншым непаэтычным друзам. А тут два халерыкі, два разбэшчаныя эгаісты, якія гэтага не толькі рабіць не любяць, не хочуць ды не ўмеюць, а яшчэ не церпяць ніякай улады над сабою, прынукі.
І ўжо праз паўгода сямейнае жыццё сталася для Таццяны кашмарам. Кватэра зарастала пылам і брудам, у халадзільніку было пуста, а колісь палкае каханне ператварылася ва ўзаеманянавісць, узаемарэўнасць і ўзаемамучыцельства. Тут упершыню зведала Зарэмба, што мужчына можа не толькі лашчыць, цалаваць і насіць на руках, а яшчэ і біць яе слабае цела. У запале скандалаў гэты малойчык, бывала, цягаў яе па кватэры за валасы, запіраў у ваннай, выганяў голую на лесвічную пляцоўку, разбіваў табурэткамі шыбы акон. Словам, свавольнічаў з усім тэмпераментам і фантазіяй артыста. А потым каяўся, поўзаў перад ёй на каленях, абдымаў, нёс у пасцель і зноў кахаў да бяспамяцтва.
З цяжкасцю ўдавалася Таццяне запудрываць перад рэпетыцыямі-спектаклямі сляды мужавых пабояў. Так вытрымала яна крыху больш за год. Потым дамаглася разводу: шумнага, буйнага, праз суд і грамадскую суполку тэатра, куды давялося прынесці заяву з апісаннем некаторых інтымнасцяў.
У выніку мужа звольнілі з тэатра, неўзабаве мусіла сысці адтуль і Таня, бо калектыў, што чамусьці абраў мужаў бок, ад яе адвярнуўся. З год валэндалася яна без сталай працы, падзарабляла ў тэлевізійных масоўках і аднаразовых шоу. Добра што ўдалося хоць паўкватэры адцяпаць у нарачонага — было дзе прытуліцца. А па праўдзе, жыла яна гэты год за кошт мужчын розных. Быў у яе і малады мастак, і добрапрыстойны сем’янін прафесар, і бізнесмен сярэдняй рукі і нават адзін волат грузчык.
Калі нарэшце знайшла работу ў тэатры Бабаеўскага, ужо праз месяц, наслухаўшыся плётак пра ахвочасць дырэктара да слабага полу, ведала Зарэмба, што яго песенька спета. Аднак праходзілі тыдні і месяцы, а не ўдавалася завабіць спрактыкаванай Таццяне ў свае цянёты старога распусніка. А ўсё таму, што працавала яна ўсё з іншымі рэжысёрамі, і ўбіцца на ролю да Бабаеўскага не выпадала магчымасці. Кароткія ж сустрэчы ў людных кулуарах тэатра не прыносілі плёну. Але цярпела Таццяна, знарок не заводзіла сабе палюбоўніка з маладых акцёраў, што з першых жа дзён актыўна яе дамагаліся. Яна ведала, што рана ці позна возьме дырэктара з патрахамі, а мужыкі дужа раўнівыя да мінулага. Таму жыла па-ранейшаму з мастаком і прафесарам.