А колькі разоў ён бурчаў на дачку, каб тая не ела марожанага, ад якога можна падхапіць ангіну, або папракаў за прамочаныя ногі і недастаткова цёплую для сезона вопратку! І літаральна праз дзень у Вікі ўздымалася тэмпература, з’яўляліся соплі і кашаль. Нібы псоту наводзіў на яе бацька сваімі запужваннямі!
На пяты год сумеснага жыцця Марына ўздрыгвала ад аднаго Іванавага голасу, бо ён устойліва асацыіраваўся з павучаннямі, настаўленнямі, папрокамі ды ўгаворамі. Невыносны стаў і яго выгляд. Ад празмернага апетыту муж растаўсцеў і нагадваў самазадаволенага крамніка. У будныя дні ён з’яўляўся ў шэсць вечара і доўга, грунтоўна і з насалодаю вячэраў на кухні. Марына праглынала сваю ежу за колькі хвілін і затым з гадзіну мусіла назіраць, як наталяецца гэтая прорва каўбасамі, сырамі, чырвонай рыбай, як рухаюцца пры жаванні яго румяныя шчокі, як паблісквае ўспацелая лысіна. Ды каб толькі гэта! За ядой несупынна, занудліва і павучальна гучаў яго сухі, безжыццёвы голас. Пры канцы вячэры Марыне здавалася, што гэта не голас, а доўбня, што мерна і неадхільна б’е па яе патыліцы.
“Гіне жыццё! Ён мяне засушыць, замарынуе! Трэба штосьці рабіць”, — такія думкі ўсё часцей забрыдалі ў галаву Паспелавай.
Нават шлюбныя абавязкі гэты сухар выконваў бяздушна, нібы па правілах: у пэўны час, тры разы на тыдзень, не болей, не меней. Быццам не каханнем ён займаўся, а ажыццяўляў чарговы прыём ежы ці спраўляў натуральную патрэбу ў туалеце. На пятым годзе замужжа з гэтай прычыны ў Паспелавай развіўся стойкі неўроз: пры набліжэнні часу інтыму яе пачынала біць дрыготка, халадзела скура, абручом сціскаліся скроні.
Міжволі маляваўся ёй вобраз маладога, стройнага, гарачага палюбоўніка, што кахаў бы яе не па распісанні, а запаляючыся яе душэўнай прыгажосцю і вабнотамі цела.
“Гіне жыццё! Гіне жыццё!” — днём і ноччу стукала ў галаве Паспелавай гнятлівая фраза.
А яшчэ Марына баялася за дачку: каб не расла яна гэткім міні-Скубачом; і для тае трывогі былі падставы. Таму што неяк суха і прагматычна, па правілах намагаўся выхоўваць яе бацька. З чатырох гадоў усчаў мучыць Віку разнастайнымі настаўнікамі, што спрабавалі адшукаць у яе якія-небудзь мастацкія здольнасці. Дачку сілком саджалі за піяніна ці мальберт, якія тая неўзабаве ўзненавідзела. Нават для немузыкальнай Марыны было ясна, што ў дачкі начыста адсутнічае слых і ёсць вельмі пасрэдныя здольнасці да малявання. Але жулікаватыя настаўнікі, якім Іван Іваныч шчодра плаціў за ўрокі, запэўнівалі, што ў дзяўчынкі ёсць несумненныя мастацкія здольнасці і, калі рупліва і ўседліва з ёю займацца, то ў перспектыве, праз колькі гадоў, гэтыя здольнасці раскрыюцца і расцвітуць. Аднак і ў шэсць з паловай гадоў Віка гэтак жа негарманічна лупцавала па клавішах ды стварала на аркушах і палотнах убогія аляпаватыя фігуркі, як і ў чатыры. Прычым было відавочна, што дзяўчынцы гэта дужа не падабаецца, што яна адбывае агорклую павіннасць, а карціць ёй як найхутчэй выскачыць на двор да сябровак і гуляць у звычайныя лялькі ці рыцца ў пясочніцы.
Але ўпарты бацька не сунімаўся і, падбухтораны настаўнікамі, строга сачыў за выкананнем дамашніх заданняў, змушаў дачку гадзінамі карпець над нотнымі сшыткамі, піяніна, малюнкамі. За праяўленую на занятках нядбайнасць, за дрэнныя ацэнкі Іван Іваныч строга караў малалетнюю Віку. Не, ён ніколі не ўжываў фізічную сілу. Пакаранне заключалася ў тым, што бацька пазбаўляў дачку прагляду чарговай серыі мульцікаў, гульні з прыяцелькамі, пірожнага за абедам, — словам, усяго таго, што прыносіла ёй асалоду. Прычым не забываў ніводнай правіны і бязлітасна, незважаючы на плач і слёзы, спраўджваў прысуд.
Марына з трывогай заўважала, што ў Вікі ад празмерных заняткаў бляднее твар, зніжаецца апетыт і з’яўляецца ненармальная для гэтага ўзросту апатыя. Некалькі разоў яна спрабавала пераканаць Івана Іваныча пазбавіць дачку ад непатрэбных ёй малявання і музыкі. Але той заводзіў сваю заўсёдную буркатню, ад якой пухлі вушы і хацелася ўцякаць з дому.
“Уцякаць з дому!” — з’явіўшыся раз, гэтая думка трывала засела ў Марынінай галаве, цвяліла свядомасць і падсвядомасць і нарэшце перарасла ва ўпэўненасць, што іншага выйсця няма, як толькі забраць Віку і перасяліцца да сваіх бацькоў.