Так яна і зрабіла ў адзін памятны летні дзень. Дачцэ тады не споўнілася і сямі.
Напэўна, не варта апісваць тут падрабязнасці разводу і станаўленне Марыны Паспелавай як самастойнага, незалежнага чалавека. Скажам толькі, што праявіла яна пры гэтым і цвёрдасць, і мужнасць, і псіхалагічную ўстойлівасць. Дапамаглі і добрыя людзі. У прыватнасці, інстытуцкая прыяцелька, муж якой узначальваў адно выдавецтва, уладкавала яе туды на пасаду дызайнера. Марына асвоіла кампутарныя праграмы, і кнігі, аформленыя ёй, карысталіся попытам і хутка разыходзіліся. За пяць гадоў выдавецтва зрабіла прарыў на кніжным рынку, называлася ўжо выдавецкім домам, а Марына з шараговага дызайнера вырасла да галоўнага.
Гэта, бадай, усё, што меліся мы пакуль расказаць пра жанчыну, якая рушыла поруч з Леанідам Нілычам Пугачом па яловай алеі марозным студзеньскім ранкам. Была нядзеля і мастак з сяброўкай прыехалі сюды проста адпачыць ад гарадской мітусні, пабыць на прыродзе. Машына стаяла ў дачным гаражы Леаніда Нілыча, у доміку палілася буржуйка, а яны вырашылі пакуль прайсціся, пагаварыць, падзівіцца на зімовыя краявіды.
15
— Чуеш, Марыся, — гаварыў Леанід Нілыч, — як мяне сын аддзячыў за дабрыню. Заяўляе нядаўна, што яшчэ зрабіў мне вялікую ласку, калі на асобную кватэру з’ехаў. А што я тое жытло аплачваю, то гэта, па яго словах, я ад яго адкупляюся. Во як завярнуў нашчадак!
Паспелава ішла, апусціўшы голаў, і слухала.
— Для мяне тая кватэра — капейкі, — абураўся мастак, — справа ж не ў грошах. Я яму дзесяць такіх кватэр здыму, каб ён толькі чалавекам зрабіўся, каб не гаварыў роднаму бацьку такія крыўдныя словы… Гэх, ды што там казаць! Не складваюцца ў нас з сынам адносіны.
— Ды нармальныя ў вас адносіны, — зірнула на яго Марына, — звычайны канфлікт пакаленняў.
— Не канфлікт пакаленняў, а непаразуменне паміж нармальным чалавекам і інфантылам, паміж працавітым мастаком (прабач за няскромнасць) і гультаяватым, з няўстойлівай псіхікай акцёрчыкам. Ух, як ненавіджу я гэтае скамарошае племя! — Нілыч са злосці ўзняў нагой фантан снегу.
— За што так сурова? — усміхнулася гэтай успышцы яго спадарожніца.
— А таму, што гэта не людзі, а паразіты. Не ўсе, вядома, але большая з іх частка — дакладна. Яны ж і гадзіны не пражывуць, каб які фортэль не выкінуць. Паразітуюць на нашых эмоцыях, жываглоты. Дарэчы, па сынку маім з пяці гадоў было відаць, што стане артыстам. Так і наравіў заўсёды схлусіць, разыграць, абжуліць. Прычым натуральна ілгаў, не чырванеючы. А ў школу пайшоў — зусім праўды ад яго не дазнаешся. У чацвёртым класе ў яго двайны дзённік быў, дакладней — два дзённікі: адзін для настаўнікаў, другі для мяне. І галоўнае ж, так удала, шэльма, подпісы падрабляў, што я, мастак, не заўважыў. Толькі праз тры месяцы, на бацькоўскім сходзе, адкрылася, што мой сын — двоечнік і хуліган, а не ўзорны вучань, як вынікала з фальшывага дзённіка. — Леанід Нілыч ціха рассмяяўся.
— Напэўна ж, сам вінаваты, — таксама рассмяялася Паспелава, — навучыў яго маляваць на сваю галаву, вось ён і рашыў прымяніць, так бы мовіць, сваё ўмельства на практыцы.
— Ох, Марынка, — уздыхнуў мастак, — ды каб ён меў да малявання ахвоту, я б толькі ўсцешаны быў. Колькі намаганняў да таго мной прыкладалася. З пяці гадоў з ім біўся. І здольнасці ж былі ў чалавека! Усё марна. Не было ў Сяргея асноўнага — уседлівасці і зацікаўленасці. Сядзіць, малюе, пакуль я над ім стаю, а ледзь адышоўся — шусь і пабег па кватэры. Або выводзіць алоўкам гожую форму, аж любата глядзець, і раптам, чортведама ад чаго, як заверне нейкую крывую недарэчную лінію. У мяне аж валасы ўздыбяцца. “Што ж ты творыш! — крычу. — Хіба так можна!” Апусціць ён вочы, памаўчыць, паслухае мае ўшчуванні — нібы ўсё зразумеў. А не далей як заўтра тое ж самае выкіне. Гэх… Як цяпер разумею, гэтае заганнае зерне артыста ў ім ад нараджэння сядзела. І нічога тут не паробіш.
— Ды за што ж ты артыстаў не любіш? Што яны табе такога зрабілі?
Нілыч зморшчыўся. Не мог жа ён сказаць Марыне пра тую актрысачку, што дваццаць пяць гадоў назад закруціла яму галаву, ачмурыла, змусіўшы духоўна і цялесна здрадзіць яго любімай жонцы, яго Ірыне, светлую памяць якой мастак шануе беззапаветна. Не мог.
— А таму што нібы не людзі гэта, а фантомы нейкія, — адказаў Леанід Пугач пасля невялікай замінкі. — Ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць. Ніколі не знаеш, з чалавекам ты размаўляеш у дадзеную хвіліну ці з чарговым яго персанажам. Няма ў іх стрыжня, за які б можна было ўхапіцца ды сказаць: вось гэта добры чалавек, а вось гэта нягоднік. Расплывістыя яны нейкія, як мядузы.
— Не ведала я, Нілыч, — гарэзна зірнула на яго Паспелава, — што ты такі артыстаненавіснік. Гэта нешта для мяне новенькае…