— Не новенькае, а старэнькае… — прабурчаў мастак у бараду. — Проста ў кожнага чалавека павінна быць нейкая аснова, нейкі светапогляд і маральныя прынцыпы, якімі ён кіруецца. Будзь тое нават дрэнная, няправільная, злачынная аснова! Тады выбіраеш: сябраваць з гэтым чалавекам ці не; кахаць яго ці не; мець дзелавыя стасункі ці трымацца ад яго падалей. Вось мы з табой ужо пяты год і, калі не ўсё, то многае адно пра аднаго ведаем. Ці не так?
— Так, так, Нілыч. Не гарачыся.
— Ды не гарачуся я. — Пугач засунуў рукі ў кішэні кажуха. — А проста хачу быць у чалавеку ўпэўнены. І калі шпацырую з табой, то ведаю, што ты не адмочыш нейкага штукарства, не скажаш недарэчнасці, не абразіш мяне па пусцяковіне. І ўжо адно гэта для мяне радасна. Не тое з артыстамі! Бо яны чамусь лічаць, што крыўляцца ды скамарошнічаць — гэта самая вартая справа.
— Ты так гаворыш, нібы ўсё жыццё толькі з артыстамі й дычыняўся. Ёсць жа розныя людзі. І розныя акцёры — таксама. Добрыя, дрэнныя, удачлівыя, апальныя, шчаслівыя і гаротныя… Завошта агулам на ўсіх нападаць?
— А таму, мілая, што гэта самы небяспечны народ. Ніхто так, як акцёр, не здольны завалодаць нашымі душамі. Асабліва цяпер, у век татальнага наступу тэлевізара на чалавека. І калі дадзена яму такая здольнасць, то і адказнасць на яго ўскладаецца агромністая. Адна справа, калі пануюць над мільёнамі людскіх псіхік барадатыя мысляры, а другая — калі нейкія архараўцы, малакасосы, недаробленыя акцёрчыкі, карыстаючыся магчымасцямі сродкаў масавай інфармацыі, прапагандуюць у народ антымараль.
— Што такое антымараль, і дзе яе крытэрыі?
— Крытэрыі ўсе ў Бібліі, даражэнькая. А паколькі яе мала хто чытае, то і крытэрыяў дабра і зла ў народа нямашака. Таму і замбіруецца ён усялякімі злаподлымі серыяламі, дзе ўсё круціцца вакол таго, хто з кім пераспаў і хто ад каго зацяжараў.
— А гэта немалаважна, — усміхнулася Паспелава.
— Табе ўсё жарцікі! А я сур’ёзна хачу гаварыць. — Нілыч дастаў рукі з кішэняў і стаў імі размахваць. — І сцвярджаю, што амаральны, разбэшчаны артыст значна небяспечнейшы для грамады, чымся нават таленавіты падлюга пісьменнік. Каб таго прачытаць, трэба прынамсі кніжку купіць ды патраціць на яе колькі гадзін запар. Кнігі не так замбіруюць, як тэлевізар і кінафільмы, бо на экране ўсё разжавана — адно развальвайся ў крэсле і атрымоўвай асалоду ад голых ног, ад гвалту, ад бесперастанных боек і страляніны.
— Нешта ты разышоўся, Лёня. Прыехаў адпачыць і сам сябе заводзіш. — Марына любоўна страсянула з яго шапкі снег, што пастаянна церусіўся на іх з ялін.
Раптам мастак знерухомеў і здзіўлена ўтаропіўся наперад.
— Глядзі, — крануўся ён Марынінага пляча і ўзмахнуў рукой перад сабою.
Спадарожніца падняла вочы і ўбачыла наперадзе, метрах у ста пяцідзесяці, лыжніка ў пунсовым спартыўным касцюме, што аддаляўся ад іх. Але ішоў ён неяк дзіўнавата: раз-пораз мяняў лыжню, пераскакваючы з уезджанай, што пралягала па цэнтры алеі, на старую разбітую, якая тулілася бліжэй да правых прысадаў і па якой зараз крочылі Леанід Нілыч з Марынаю. На галаве ў лыжніка была белая шапачка з пунсовым кутасікам, што гарэзна матляўся на бягу.
— Табе ён нікога не нагадвае? — спытаўся Пугач.
— Хто яго ведае… — задумалася Паспелава. — Можа, і нагадвае… Пэўна ж нехта з пасёлка.
— А табе не здаецца, што гэта сын мой, Сяргей? — зірнуў на яе Леанід Нілыч так, нібы сам не верыў у сказанае.
— Ды што за глупства! З якой радасці яму тут быць… — Марына пільней прыгледзелася да лыжніка, што, гэтак жа мяняючы лыжні, усё больш аддаляўся ад іх. — У яго што, ёсць такі спартыўны касцюм?
— Няма, здаецца… — Мастак знячэўлена глядзеў наперад. — І на лыжах я яго ўжо гадоў пяць не бачыў… І тым не менш — гэта мой сын. Лухта нейкая… Сярге-ей, гэй, Сяро-ога!!! — зыкнуў мастак і паскорыў крок, быццам намагаўся дагнаць імклівага лыжніка.
А той зусім не зрэагаваў на гэты крык а, узнімаючы снежны пыл, гнаў і гнаў наперад.
— У цябе ўжо трызненні пачынаюцца, Нілыч. — Марына трывожна зірнула на сябра. — Ды адкуль яму тут быць?
— Можа, сапраўды з глузду з’язджаю… — Леанід Пугач запусціў руку ў бараду і задумаўся.
— Гэта ўсё ад перанапругі. Працуеш замнога… — Марына ўзяла яго пад локаць.
— Слухай, але нас жа ніхто не абганяў? Ці мы не заўважылі за размовай?
— Здаецца, не абганяў.
— Дык як ён тады з’явіўся перад намі, не разумею. — Леанід Нілыч абярнуўся назад, абярнулася і Паспелава.
Доўгая прамая алея звужалася ў перспектыве, і пачатак яе скрываўся за навіслымі яловымі лапамі. Ззаду не было ні душы.