Выбрать главу

— Ну і Бог з ім. — Паспелава ўбачыла, як хваравіта збляднеў твар яе спадарожніка. — Што ты на ім зацыкліўся!

— А табе не здаецца дзіўным, што чалавек кідае ўезджаны шлях, збочвае на цалік і прэцца на калючыя елкі? — утаропіўся на яе мастак. — Давай сходзім паглядзім.

— Яшчэ чаго! Каб набраць поўныя чаравікі снегу?

— Ну тады пачакай. — Леанід Нілыч рашуча ступіў на свежы лыжны след і адразу ўгруз па калені.

— Во ненармальны! Як дзіцё, дый годзе… Нілыч!

Але мастак ужо прабраўся скрозь гурбы да строю елак.

— Дзіўна, — крычаў ён Марыне, — тут у адным месцы снег на метр не даходзіць да голля, і след акурат у гэтую арку пранырвае. — Нілыч нагнуўся, запыхкаў і папёрся пад елкі.

Паспелава разгублена назірала за яго дзеяннямі.

Леанід Пугач вярнуўся толькі хвілін праз дзесяць, Марына ўжо ўсур’ёз хвалявалася і колькі разоў яму безвынікова гукала. Прычым вылез не з таго месца, дзе знік, а метрах у дзесяці наперадзе. Быў ён расчырванелы, задыханы і раздражнёны; на ўскалмачанай барадзе ляжаў снежны пыл, штаны і кажух былі белыя.

— Нічога не разумею, — развёў ён рукамі, падыходзячы да Марыны. — Метраў пяцьдзесят правалокся па следзе… там куп’ё адно, шчыльны падлесак, у некаторых месцах гурбы па грудзі, а след па іх — хоць бы хны… Нейкая д’ябальшчына.

— Як дзіцё, далібог, Нілыч, — дакорліва глядзела на яго Паспелава.

— Ат, ладна… — з прыкрасцю матнуў галавой мастак і пачаў абабіваць з вопраткі снежны бісер; Марына яму памагала.

Неўзабаве яны зноў рушылі наперад. Лес віднеўся ў канцы алеі.

Спачатку ішлі моўчкі, затым Леанід Нілыч загаварыў:

— Дык вось, Марына, я не сказаў галоўнага. А іменна, што пасля таго выпадку з хакеем, калі адкрылася мне бессэнсоўнасць жыцця, упёрся я ў сваю бясцэнную асобу і, як заўсёды бывае, пачаў яе ўсяляк апраўдваць. Маўляў, усё лухта, акрамя майго любімага занятку — малявання. Бо мастак, разважаў я, спасцігае таямніцы прыроды і дзеліцца гэтым з людзьмі, ён ідзе наперадзе чалавецтва… Словам, панёс і панёс я падобную несусвеціцу. І тут нібы па галаве мяне шчоўкнулі: я толькі адкрываю ўжо існыя таямніцы, якіх, магчыма, незлічоная колькасць. А хто іх стварыў?! Хто стварыў гэтае неба, гэты цудоўны лес, — ён паказаў на сасновы бор, да якога заставалася метраў сто пяцьдзесят, — гэты снег, які чамусьці халодны?.. Не кажучы ўжо пра тое, што мы з табой, Марына, складанейшыя за самыя сучасныя кампутары і механізмы, прычым непараўнальна складанейшыя! Стоп, сказаў тады я сабе! Ты што, гэтага не ведаў? Ведаў, адказваю, але за ачмурэннем ад навуковага прагрэсу, ад захаплення сваёй творчасцю, ад эгаізму самаўзвелічэння забыўся я, небарака, што сам створаны з праху, што ў любую секунду магу зноў у той прах перайсці. І я, гэты хадзячы прах і разам з тым найскладанейшая істота сусвету, насмельваюся падвяргаць сумневу асэнсаванасць быцця! Хіба можа зраўняцца мая вартая жалю мазня на палотнах з гэтымі ялінамі, што вырастаюць з маленькіх зярнятаў, або з небам і сонцам, дзякуючы якім я жыву? Як ніколі праяснілася тады мне мая нікчэмнасць, Марына, і не толькі мая, а ўсёй плоймы вучоных, філосафаў, паэтаў і раманістаў, што ўяўляюць сябе выкшталцонымі творцамі, уладарамі над прыродай і чалавечымі душамі. Мы ж, слепакі, толькі карыстаемся маленькай долькай прыродных сілаў, а думаем, што з’яўляемся вялікімі творцамі! А колькі ад нас скрыта, колькі мы не спазналі і, можа, ніколі не спазнаем з прычыны нашага непамернага гонару…

— Але пачакай, Нілыч, — уступіла ў размову Паспелава. — Творчасць, наколькі я разумею, гэта заўсёды захапленне перад Усявышнім. Калі яна нармальная творчасць… Большасць карцін Рафаэля, Мікеланджэла — на евангельскія сюжэты. Творчасць Дастаеўскага…

— Э-э-э, — балесна зморшчыўся Пугач. — А колькі бязбожнікаў было паміж Мікеланджэла і Дастаеўскім! Колькі пастаўлена пахабных драм і камедый, колькі напісана раманаў і паэм, дзе апяваюцца адно міжпалавыя стасункі, а чалавек падаецца гэткім пыхлівым героем, расчараваным у жыцці эгаістам, якому нудна жыць без вайны, кахання, гульні ў карты. Пракляты байранізм! Ледзьве не на паўтысячы гадоў творцы на Бога забыліся. Успомнілі пры канцы дзевятнаццатага стагоддзя, у Расеі, ды позна — камунізм наваліўся, усё спляжыў. Толькі цяпер нейкія пробліскі пабожнасці паяўляюцца. І тое — асцярожненькія такія, кволыя. Бо нямодна зараз інтэлігентнаму чалавеку ў Бога верыць, прынамсі выказваць гэта ў сваёй творчасці. Рэлігія абмяжоўвае свабоду самавыяўлення, крычаць гэтыя вашывыя інтэлігенты. Самавыявіцца ім дай ды падай! Бачылі мы такіх самавыразнікаў… — сярдзіта бурчаў мастак. — Толькі яны пра адно забываюцца, што сусвету на іх самавыяўленне начхаць, ён і без іх пражыве. А не пражыве ён без хрысціянскай маралі, без якой гэтыя супертворцы патрапяць у чарговы ГУЛаг і там жыўцом пазгніваюць…