Выбрать главу

— Дарэмна ты так распаляешся, Лёня. — Яны не заўважылі, як дайшлі да канца алеі, павярнулі і рухаліся назад. — Калі ўявіць, што Космас мае разумны пачатак, то чалавецтва ёсць увасабленнем гэтага розуму ў плоці. Я дык мяркую, што чалавек творчы надзвычай каштоўны хаця б таму, што ён з’яўляецца носьбітам ведаў пра веліч светабудовы і перадае свой досвед нашчадкам… Птушкі ж і дрэвы далей за сябе не глядзяць, а Космасу важна, каб хтосьці разумна яго ацэньваў. Ці не так?

— Прыгожая казка, — скептычна хмыкнуў мастак. — Але рэальнасць паказвае тое, што празмерны розум, калі ён не грунтуецца на рэлігійнай маралі, як правіла спараджае празмерныя беды — як для носьбіта таго розуму, гэтак і для людзей, што з ім дачыняюцца… Творцы, а артысты найперш, уявілі сабе, што ім усё дазволена, раз яны такія адораныя. Заўваж: адораныя! Нехта ж іх адарыў! Але яны нават гэтага не заўважаюць і галосяць са сваіх сцэн, карцін і кніжак: я вялікі, любуйцеся мной і цаніце! я геній, я першапраходнік, я вас павяду!.. Як абрыдла мне гэтыя шматстайныя “я” слухаць… Цяпер ужо лічыцца за благі тон публічна сказаць, што я захапляюся творчасцю Талстога ці Салжаніцына — засмяюць, гідліва скрывяцца твае крытыкі. Цяпер модна ўсхваляць Маркеса, Борхеса, якія, па адной прыродзе сваёй, не могуць быць блізкія беларусу ці рускаму. Бо гэта людзі іншай культуры, іншага менталітэту, іншых задач, калі хочаш. Як незразумелы славяніну бразільскі карнавал, гэтак незразумелая яму і творчасць паўднёвых пісьменнікаў. І гэта нармальна. Трэба спярша сябе спазнаваць навучыцца, сябе палюбіць, тады мо і другія народы палюбіш…

Нілыч замоўк і сярдзіта мясіў нагамі снег.

— Іншы раз, — зноў загаварыў ён раздражнёным голасам, — проста свярбіць выцягнуць нейкага фанабэрлівага прамоўцу з трыбуны за шыварат ды колькі разоў цюкнуць галавой аб сцяну, каб выбіць з яго самалюбнае ачмурэнне, каб прымусіць цвяроза сябе ацаніць. А то развялося настаўнікаў чалавецтва! Разумнікі… чортава вымя. — Хмура памаўчаўшы, ён дадаў: — Сапраўдная творчасць, ды наогул стваральная дзейнасць, Марына, не могуць пачынацца іначай, як з усведамлення ўласнай мізэрнасці, з пакаяння. І яшчэ важна, надзвычай важна ведаць наступнае: мастацкая творчасць ніколькі не вышэйшая за любую іншую ў прыродзе. Цякуць вясной раўчукі, змываюць снег, наталяюць глебу, арэ селянін зямлю, рубіць цясляр хату — усё гэта патрэбная, неабходная, жыццёва важная творчасць!

…Перад дачным пасёлкам Леанід Нілыч як бы выдыхся, замаўчаў, і па вуліцы яны ішлі ў казачнай марознай бязмоўнасці. Было гадзін дзесяць раніцы. Засмужанае сонца палівала мяккай барвай аснежаныя і ад таго нязграбныя домікі, вялізныя сумёты ўздоўж агароджаў, чэзла бліскала на ўзорыстых шыбах і заінелых дрэвах. Пасёлак, такі жывы ўлетку, цяпер амаль не падаваў прыкмет жыцця, толькі над трыма комінамі віўся слабы дымок.

Калі праміналі адзін з дамоў, мастак спыніўся, агледзеў двор і сумна сказаў:

— Дзіўная ўсё-ткі штука — жыццё… Вось ужо другі раз прыязджаю сюды, бачу, што гэты дом пустуе, і мне ніякавата… Тут жа стары скульптар зімой і летам жыве. Дзівак, сышоў з сям’і, самотнічае. Я з ім амаль незнаёмы: прывітаемся кіўкамі, і ўсё. Адно ведаю — Генам яго завуць…

— Я памятаю яго. Такі хударлявы, з сівой барадой… Яшчэ заўжды ў целагрэйцы заношанай ходзіць.

— Во-во. Калі ні прыедзеш — у мароз, завею, хлюпоту, — ведаеш, што Генка тут, і цяплей робіцца на душы… не адзін ты, значыць, пасярод лесу. А зараз пусты яго двор, нячышчаны, і непакоюся я за яго, як за блізкага чалавека. Як жа ўсё звязана на зямлі…

Яны яшчэ крыху пастаялі перад безжыццёвай хацінай скульптара, памеркавалі ды рушылі да свайго доміка, да якога цяпер было зусім недалёка.

16

Панядзелак выдаўся для Аркадзя Рыгоравіча Бабаеўскага днём турботным. Праўда, ранішняя рэпетыцыя прайшла без асаблівых збояў. Былі невялічкія хібы ў ігры некаторых акцёраў, але іх можна прызнаць неістотнымі.

Аркадзь Рыгоравіч зайшоў у свой кабінет з думкамі пра вячэрні спектакль. Гэтая пастаноўка была яго козырам, ішла яна толькі чатыры разы і заўсёды з вялікім поспехам. Хваліў і міністр культуры, які быў на прэм’еры. Адно азмрочвала сённяшні добры настрой: на пятнічнай рэпетыцыі гэтага спектакля адбыўся непрыемны эксцэс, і віноўнікам яго з’явіўся ўсё той жа Сяргей Пугач.