Выбрать главу

Дырэктар умяў у пустым буфеце штук пяць булачак з дзвюма шклянкамі малака і падняўся наверх. Тут жа, нібы чакаючы свайго гаспадара, затрашчаў тэлефон. За прарэзлівым, вярэдлівым званком Аркадзь Рыгоравіч западозрыў новую нервовую размову і таму не падняў трубку. Але нехта з упартасцю яго дамагаўся і званіў не перастаючы. Бабаеўскі чарговы раз памянуў нядобрым словам сакратарку Ніну, што была на бальнічным і тым самым змушала яго самога адказваць на шматлікія званкі, чартыхнуўся і выскачыў з кабінета. Да спектакля яшчэ было далекавата і ён рашыў, каб усё ж супакоіцца, выйсці ў сквер і пахадзіць па набярэжнай. Дакучлівы мабільнік пакінуў у вахцёра.

Але ў скверы Бабаеўскі напаткаў знаёмага крытыка, які ўзахлёб, назойліва стаў распавядаць пра новую пастаноўку ў суседнім драмтэатры, на якой ён учора быў. Крытык занадта хваліў галоўнага рэжысёра спектакля, не ведаючы, што Аркадзь Рыгоравіч яго недалюблівае і крыху, зусім трошкі, раўнуе да яго славы і паспяховасці.

Адным словам, прагулка не ўзняла Бабаеўскаму настрою.

Аднак у свой кабінет Аркадзь Рыгоравіч вярнуўся расчырванелы ад студзеньскага марозіку, з нармалізаваным дыханнем і пульсам. Ён сеў і ўзнавіў у памяці вузлавыя моманты будучага спектакля, унутрана адзначыў сілу і выкшталцонасць некаторых сцэн; уявіў апладысменты гледачоў, убачыў нават сябе ў пачэснай ложы — самавітага, у бездакорным касцюме і гальштуку, у атачэнні высокапастаўленых гасцей… Зрэшты, сур’ёзных гасцей сёння не прадбачылася. Але гэта да лепшага — можна расслабіцца і атрымаць эстэтычную асалоду ад самога дзейства, пільна прасачыць за ігрой акцёраў і на заўтрашняй рэпетыцыі ўнесці сякія-такія папраўкі. Гэта, трэба прызнаць, неабходная рэч. Бо спектакль малады, як след не абкатаны і некаторыя шурпатасці, безумоўна, будуць час ад часу выяўляцца. Важна іх заўважыць самому і неадкладна выправіць, пакуль не раскрычаліся ў газетах тэатральныя крытыкі. Бабаеўскі ведаў, што некаторыя нядобразычліўцы проста палююць за яго пастаноўкамі, вышукваюць слабыя месцы. Трэба быць уважлівым.

Да спектакля заставалася з паўгадзіны. Па сваёй даўняй завядзёнцы, у гэты час Рыгоравіч ужо не заходзіў за кулісы — за парадкам сачылі памочнікі і дакладвалі яму па тэлефоне. Вось нядаўна патэлефанавалі, супакоілі, сказалі, што ўсё на мазі. Добра. Сам жа ён не будзе дарма нервавацца, а з’явіцца ў ложы толькі пасля другога званка.

17

Без пяці хвілін сем Аркадзь Рыгоравіч апошні раз падышоў да люстэрка, паправіў гальштук, зняў парушынку з пляча, праверыў, ці няма парэзаў на твары пасля галення, і накіраваўся да выхадных дзвярэй. Ён крутануў барабан унутранага замка і таргануў дзверы за ручку. Але дзверы не паддаваліся. Азадачаны гэтым, Бабаеўскі апусціў правую руку, якую быў падняў да пераключальніка святла, і ўсю ўвагу засяродзіў на дзвярным замку. “Заеў, пракляты! — варухнулася ў галаве прыкрая думка. — Слесара павесіць мала…” Рыгоравіч узяўся за барабан, каб яшчэ яго пракруціць, але хутка выяснілася, што справа тут не ў верхнім замку. Дзверы не пускала нешта іншае. І гэтым іншым быў ніжні замок, які дырэктар, на сваю бяду, загадаў нядаўна ўрэзаць. Бабаеўскі прысеў і ясна разгледзеў у шчыліне між дзярным шчытом і вушаком стальны язычок. Што за чартаўшчына! Аркадзь Рыгоравіч не запіраў гэты замок.

Брыдка, па-люмпенску вылаяўшыся, дырэктар дастаў з кішэні штаноў звязку ключоў, хутка знайшоў патрэбны і ткнуў яго ў шчыліну. Тут ён адчуў, як пахаладзелі шчокі, а ў нагах з’явілася здрадніцкая кволасць: ключ не пралазіў! Праўдзівей, пралазіў, але толькі на адну чвэрць. Яму нешта замінала.

Бабаеўскі дрыготкай рукой запаліў сярнічку і паднёс да шчыліны. Яна не прасвечвалася наскрозь. А гэта выдавала на тое, што з супрацьлеглага боку ў шчыліну ўстаўлены яшчэ адзін ключ. Праклён! Рыгоравіч уміг абнядужаў і апусціўся на кукішкі. І тут, нібы здзекуючыся з яго, у дынаміку над галавой раздалася пералівістая трэль апошняга званка. Спектакль пачынаўся. Гэтая гарэзная трэль вывела дырэктара з імгненнай разгубленасці. Ён ускочыў і шалёна замалаціў кулакамі ў дзверы. Але яны, па загадзе самога ж Бабаеўскага, былі абабіты з абодвух бакоў таўшчэзным слоем дэрмаціну. Гукі ўдараў амаль не пранікалі ў калідор. Скеміўшы гэта, вязень усчаў грукаць рукамі, а затым нагамі па вушаку. Аднак вынікам было толькі тое, што ён рассадзіў да крыві два пальцы. Ніхто не адгукаўся на яго покліч.