Выбрать главу

І ледзь толькі Таццяне ўдалося патрапіць на рэпетыцыю да Аркадзя Рыгоравіча, лёс яго быў вырашаны канчаткова і беспаваротна. Кінуў Бабаеўскі сям’ю, быў публічна пракляты сынамі, завочна абсмяяны трупай, перасяліўся з чатырохпакаёўкі ў Зарэмбін катух, але ўважаў сябе за найшчаслівейшага чалавека на свеце.

Хутка стаў Рыгоравіч рабом сваёй падначаленай. Выдыхся гэты дзед ужо пасля трох месяцаў любоўнага жыцця з маладой і дужай Зарэмбай. Не паспяваюць яго магчымасці за яго апетытамі. І, адчуваючы гэту віну, на ўсё для яе гатовы цяпер дырэктар тэатра “Кіцеж”. Галоўная роля ў лепшым спектаклі — Таццяніна. Хай зайздросцяць калегі, хай заліваюцца жоўцю. Чхаць ёй на іх любоў, ёй патрэбныя павага з пашанаю. А паважаюць і шануюць моцных, паспяховых ды ўплывовых. Прабіў ёй Бабаеўскі і кінапробы ў двух серыялах. Адна, праўда, правалілася — ніяк не захацеў паверыць галоўны рэжысёр у яе геніяльнасць. Дык ён і ў пасцелі з ёю не быў! Паверыў бы мігам. Ну ды халера з ім. Затое ў другі, яшчэ больш грашавіты, серыял, яна прайшла як па масле. Цяпер чакае пачатку здымак.

3

— Колькі разоў я цябе прасіў, Танюсік, — з дакорам пазіраў Аркадзь Бабаеўскі на Зарэмбу, — не заходзіць сюды ва ўрочныя гадзіны.

Ён ускочыў з крэсла, жвава затэпаў да дзвярэй і замкнуў іх.

Таццяна, пусціўшы міма вушэй яго заўвагу, пакіравала да халадзільніка, што стаяў у далёкім куце прасторнага кабінета. Як у сябе дома, яна адчыніла яго і ўсчала шнарыць унутры. Неўзабаве вывудзіла пачак ананасавага соку, наліла ў фужэр і развалілася ў крэсле, пацягваючы жаўтлявы напітак.

— У-у-ф, нешта я сёння ператамілася, — штучна млявым голасам сказала актрыса і, раптам нешта ўспомніўшы, дадала куды жывей: — Што гэта Пугач такі пабіты выходзіў?

Бабаеўскі сярдзіта махнуў рукой і апусціўся ў сваё рабочае крэсла.

— А тое, што гэты жываглот у магілу мяне загоніць сваімі выбрыкамі. — Ён узяў самапіску і пачаў нервова перабіраць яе ў пальцах. — Вось ужо дзе — малая куча ды смярдзюча! Мёртвага дапячэ…

— Ты проста да яго нераўнадушны.

— Ды, па мне б, хоць ён пад зямлю праваліся! — фыркнуў Аркадзь Рыгоравіч. — Не ўмееш іграць, дык хоць не замінай іншым. Якога нячысціка ён толькі што падносам круціў, як жанглёр, калі ў сцэнарыі чорным па белым напісана: падай гаспадарам віно, пакланіся ды адыдзіся пачціва?!

— Не ведаю… — прыжмурылася Зарэмба. — Мне дык гэты яго жэст спадабаўся. — Ёй чамусьці хацелася зараз заесці Бабаеўскага, а Пугач быў яго любімым мазалём.

— Ага! — ускінуўся рэжысёр. — А то я бачыў, як ты на яго скасавурылася! Замест таго каб глядзець на суразмоўцу, што, дарэчы, — ён зрабіў націск на апошнім слове, — табе па ролі належыць.

— Дык я што, па-твойму, дрэнна іграла?! — падробна абурылася Зарэмба; а насамрэч ёй было напляваць і на гэтую рэпетыцыю і на меркаванне рэжысёра, настолькі ўпэўнена яна тут пачувалася.

— Я ж не гавару, што ўвогуле дрэнна іграла. Але ў гэтым элеменце схібіла. І вінаваты ў тым твой любімы Пугач!

— Чаму мой любімы? — крыва ўсміхнулася Таццяна.

— А таму, што зачаста ты яго, як пагляджу, бароніш, — прабурчаў Аркадзь Рыгоравіч.

— Я не бараню, а проста бачу, што ты цкуеш таленавітага чалавека, гноіш яго на ўсялякіх дзярмовых ролях… — Таццяна паставіла пустую шклянку на тумбачку, устала з крэсла і зноў падышла да халадзільніка.

— У гэтага таленавітага, як ты кажаш, чалавека было дастаткова магчымасцяў сябе праявіць. Хіба не даваў я яму роляў?! Дык ён мне спектакль праваліў. Сволач! — гаркнуў рэжысёр і ў запале змахнуў са стала нейкую паперыну.

Але тут жа перапужаўся магчымага прыліву крыві ў галаву і, адкінуўшыся на спінку прывольнага крэсла, замоўк і пачаў лічыць пульс на шыйнай артэрыі.

А Зарэмба тым часам шнарыла па халадзільніку.

— Слухай, Рыгорыч, — звярнулася яна да рэжысёра, — я тут учора паўшакаладкі пакінула. Не бачыў?

Бабаеўскі дэманстратыўна маўчаў, падлічваючы сардэчныя такты.

— Я ў цябе пытаюся, — патрабавальна павярнулася да яго Таня, дзівосна прыгожая ва ўбранні сярэднявечнай пані.

— А халера яе ведае. Я не еў, — адмахнуўся ад яе Бабаеўскі.

Ён быў дужа ўстрывожаны тым, што пры замеры пульсу адзначыў не толькі пачашчэнне, але і перабоі ва ўдарах сэрца. Гэта тахікардыя, прадвесце інфаркту. А тут Зарэмба са сваім паганым шакаладам…