Дырэктар ускочыў з крэсла і падбег да акна. Усё той жа вечаровы краявід, той жа сквер, ліхтары, набярэжная. Адно людзей паменшала на дарожках, ды апускаецца пакрысе на дол марозная імгла…
Новы, мацнейшы прыступ страху разабраў Аркадзя Рыгоравіча: што як не прыйдзе да яго ніхто? А гэта зусім верагодна, паколькі на трэці паверх, дзе толькі службовыя памяшканні, пасля спектакля заходзяць рэдка, па выпадковых справах. Праўда, па інструкцыі павінен абыходзіць паверхі вартаўнік, але дырэктар ведае, як выконваюцца інструкцыі ў іхнім тэатры. Праклён! Але ж павінна быць выйсце…
І тут, азораны новай ідэяй, Рыгоравіч падбег да пераключальніка і пагасіў святло. Затым запаліў зноў. Так, ён будзе сігналізаваць на вуліцу ўключэннем і выключэннем люстры. Мірглівыя вокны, толькі два на ўсім паверсе, абавязкова прыцягнуць увагу прахожых. Нехта захоча разабрацца, даложыць вахцёру, і тады ён выратаваны! Каб так… А калі міліцыя, калі разгалошванне ў прэсе? Гэх, халера з імі, не гібець жа тут усю ноч. Будзе яшчэ недарэчней, калі яго знойдуць тут заўтра раніцай.
Рыгоравіч рашуча засігналіў магутнай люстрай. Напачатку ён проста мерна гасіў і запальваў святло, хвілін пяць запар. Затым стаў мяняць перыядычнасць і міргаць хітрамудрымі камбінацыямі. Тут ён пашкадаваў, што калісьці ў гуртку юных тэхнікаў кепска вучыў азбуку Морзэ.
Прайшло хвілін дзесяць, але на падмогу ніхто не спяшаўся. Дырэктар некалькі разоў кідаў выключальнік і падбягаў да акна — паназіраць рэакцыю прахожых. Але рэдкія постаці безуважна крочылі па сваіх маршрутах, ніхто не спыніўся перад будынкам тэатра. “Сволачы! Абыякавае быдла!” — вылаяўся Бабаеўскі і прыняўся яшчэ шалёней націскаць пераключальнік. Аднак неўзабаве нешта бухнула, і пакой акунуўся ў цемрадзь. Гэта вылецелі засцерагальнікі электрычнасці. Няшчасны Рыгоравіч абамлеў і ледзьве не разрыдаўся ад безвыходнасці: электрашчыт быў выведзены на калідор; цяпер нават таршэр не ўключыш.
Да цемры ён звык хвілін праз дзесяць. Да таго ж ліхтарні сквера часткова асвятлялі яго кабінет. Але менавіта ў гэтым прывідным святле і згледзеў Аркадзь Рыгоравіч на сваім гадзінніку страшнае: прайшла першая дзея спектакля, прамінуў антракт, а галоўнага рэжысёра, выходзіць, не спахапіліся… Ногі зноў аслабелі, Бабаеўскі давалокся да крэсла і паваліўся ў яго. У нямым здранцвенні ён праседзеў немаведама колькі часу. У галаве ўтварылася пустата, якая не перамяжалася ні злосцю, ні жахам.
Але тое, што вывела яго з гэтай прастрацыі, было намнога страшнейшым за ўсё папярэдняе — за сапсаваныя замок і тэлефон, за бязмоўную цемру: рэзкая спазма скруціла ніз жывата шаноўнага спадара дырэктара. Ён пахаладзеў. Пахаладзеў не так ад болю, як ад прадчування магчымых наступстваў гэтай кішэчнай спазмы.
“Спакойна, галоўнае — быць спакойным, — малітоўна зашаптаў Бабаеўскі, баючыся паварухнуцца. — Гэта мне падалося, гэта проста ад нерваў… не трэба хвалявацца… то была звычайная нервовая сутарга… Усё будзе добра. Я тут ціхенька пасяджу, неўзабаве нехта прыйдзе, адкрые дзверы, а там… там, у дзесяці метрах, выратавальная службовая прыбіральня…”
Пры слове “прыбіральня” новая, куды мацнейшая за папярэднюю спазма працяла дырэктарава нутро. Аркадзь Рыгоравіч застагнаў і роспачна сціснуў мяккія падлакотнікі пальцамі. Не трэба шавяліцца, рух правакуе перыстальтыку кішак, думаў гаротны вязень. Трэба нерухома пасядзець, і ўсё пройдзе. І не думаць, не думаць пра боль у жываце, не даваць яму падставы ўзнавіцца. Няблага ўзгадаць нешта прыемнае, напрыклад… Але нішто прыемнае не лезла ў галаву, страх перад новым прыступам болю скаваў свядомасць Рыгорыча. Шаноўны дырэктар драмтэатра “Кіцеж” і кішачны боль, гэты закляты вораг чалавецтва, што падпільноўвае ўсіх — ад старых да малалеткаў, ад бамжоў да прэзідэнтаў супердзяржаў у розных недарэчных месцах, — як бы затаіліся, насцярожана чакаючы першага кроку праціўніка. Так прайшло пару хвілін. І боль вярнуўся, вярнуўся цэлай серыяй жахлівых, пакутлівых спазмаў, што прастрэльвалі жывот Бабаеўскага, нібы кулі. Сутаргі ішлі справа налева, зверху ўніз і пераходзілі ў здрадніцкае, такое знаёмае з немаўлячага ўзросту ныццё ў прамежнасці. Ныццё зрабілася няспынным, і здавалася, што сама прырода дужаецца з арганізмам беднага Аркадзя Рыгоравіча, як бы намагаецца разарваць напалам яго цела.