Выбрать главу

18

З прычыны слабага слыху Яніна Пятроўна не расчула, як адчыняліся ўваходныя дзверы. Разабрала яна ўжо крокі па калідоры: у пакой увайшоў Кастусь, малады чалавек дваццаці сямі гадоў, прыходу якога састарэлая гаспадыня даўно чакала.

— Добры дзень, паважаная Яніна Пятроўна. — Госць імкліва падышоў да бабулькі, галантна ўзяў ейную руку і, нахіліўшыся, пацалаваў. — Ну, надвор’е, я вам скажу, сёння акурат пушкінскае. Не “мороз и солнце, день чудесный”, а “вьюга мглою небо кроет” — дакладна.

— Холадна? — Гаспадыня сядзела на канапе і пазірала на маладога чалавека знізу ўверх.

— Не холадна, Яніна Пятроўна, — звонкім, жыццярадасным голасам прамовіў Кастусь. — Самы лёгкі марозік. Затое які снег, які снег!

— І я вось сяджу ды ў акно дзіўлюся. Такога снегападу яшчэ не было гэтай зімою…

— Так, не было… Гэта вам. — Госць хапатліва дастаў са скураной сумкі, што трымаў у руках, кіпу газет і працягнуў бабульцы. — І гэта таксама вам. — Ён выняў празрысты пакет з мандарынамі.

— Ой, Косця, я ж вас прасіла не бянтэжыць мяне падарункамі, — з дакорлівай удзячнасцю паглядзела на хлопца Яніна Пятроўна. — Зусім вам не трэба на мяне траціцца…

— А я, можа, не на вас, а на сябе трачуся. — З гэтымі словамі хлопец вывудзіў з дна сумкі бутэльку сухога віна і паставіў на часопісны столік. — У мяне сёння добры настрой, вось і хачу яго з вамі адзначыць.

— Ой… — старая разгублена пазірала на прынесеныя пачастункі. — Ну, ва ўсякім разе ўсцешна за ваш добры настрой.

— Вось так, Яніна Пятроўна, — Кастусь выпрастаўся і дабрадушна глядзеў на гаспадыню, — сёння гуляем. Але перш папрацуй, а тады і танцуй. Я там на кухню прадукты перанёс. Пайду што-небудзь згатую, прыбяруся…

— Думаю, прыбірацца сёння не варта. Я па меры сіл падмяла, пыл выцерла.

— Ну, паглядзім, Яніна Пятроўна, паглядзім… — Малады чалавек паклаў сумку на крэсла і весела рушыўся ў бок кухні; у калідорчыку ён прыпыніўся і гукнуў: — Можа, вам тэлевізар уключыць, каб не нудзіліся?

— Не, Косценька, я павяжу пакуль.

Пятроўна, між іншым, другі тыдзень вязала свайму памочніку шкарпэткі. Але ён пра тое не ведаў.

— Ну я мігам. — Праз хвіліну хлопец ужо гаспадарыў на кухні: бразгаў каструлямі, ляпаў дзвярыма халадзільніка, уключаў і выключаў вадаправодны кран.

Старая ж дастала з нішы паміж канапай і падваконнем вязанне і занурылася ў яго.

Яніне Пятроўне Мачульскай ішоў восемдзесят другі год. Яна была чалавекам хворым і адзінокім, але пражыла сумленнае, праведнае жыццё і таму магла смела глядзець у твар ужо недалёкай смерці.

Адзінота яе не пужала, таму што была спадарожніцай Мачульскай, па меншай меры, палову жыцця. Жанчына да яе звыкла. Страшна падумаць, удоўствуе яна шэсьдзесят гадоў, з лета сорак першага, калі вайна разлучыла іх з мужам — маладым афіцэрам, лейтэнантам Максімам Ягоравічам Тарасенкам.

Калі ў Гродна, дзе яны жылі да вайны, уварваліся нямецкія войскі, Максім знаходзіўся ў часці, на баявым дзяжурстве. Так, яны не бачыліся з першага ж дня вайны. І ніколі больш не бачыліся… Хаця потым, за ліханосныя гады нямецкай акупацыі, пакрысе даведалася Яніна, што некаторыя савецкія часці здолелі адступіць, не былі дарэшты разбіты.

Усю вайну Мачульская цешыла сябе надзеяй, што ўратаваўся яе Максім, што ваюе і б’е ворага, што толькі не можа перакінуць ёй вестку праз лінію фронту. Так лягчэй было выжываць…

Аднак закончылася Вялікая Айчынная, нармальна запрацавалі пошта і адрасны стол, а пра мужаў лёс па-ранейшаму было ані гуку. Не аб’яўляўся ён, не шукаў лістамі і запытамі сваю Яніну і, што самае страшнае, не напісаў і ў Львоў, да свайго бацькі і сястры, якія ацалелі ў вайну і жылі на старым месцы…

Прайшло яшчэ пяць гадоў, і стала ясна, што Максіма няма ў жывых. Стала ясна розуму, а не сэрцу. Сэрца па-ранейшаму было з ім, каханым маладым афіцэрам, з якім пажыла Яніна ўсяго год да вайны. Затое як пажыла! Кахалі яны адно аднаго бязмерна, нейкай рамантычнай, адданай, ненармальнай любоўю. Так не кахаюць цяпер.

І таму вырашыла Яніна чакаць. Чакаць свайго любага. Чакаць калі не для жывога чалавека, то хаця б дзеля яго светлай памяці. Пакуль не прыйдзе дакументальнага пацвярджэння Максімавай гібелі.

Пацвярджэнне не прыходзіла. І жыла Мачульская адна, заміраючы ад кожнага нечаканага званка ў дзверы, ад кожнага пісьма з незнаёмым адрасам, ад новага голасу па тэлефоне.

Міналіся гады. Яніна пераехала ў Мінск, пасялілася на кватэры ў незамужняй цёткі, паступіла на завод. Бацькі ж яе, адны за адным, памерлі яшчэ ў сорак чацвёртым у Гродне. Цётка Ксеня засталася, па сутнасці, адзінай яе раднёй. Пасля скону цёткі, у 1961 годзе, кватэра перайшла да Яніны, а разам з ёй — і непазбежная адзінота. У сорак два гады не выпадала знайсці сабе спадарожніка па жыцці, ды Яніна і не хацела — прывыкла да ўдавінай долі, сцярпелася. Старалася гнаць ад сябе думкі пра самотную хворую старасць, занурвалася ў работу. Дарэчы, яна скончыла завочна інстытут, стала інжынерам.