Восень і лета, наадварот, былі для Яніны Пятроўны сумнымі порамі. Таму што ў восеньскую непагадзь дзеці гулялі менш і не так захапляльна, як узімку, — пераважна бухалі мячамі па сценах ці ганяліся адно за адным з цацачнымі аўтаматамі і пісталетамі… Пятроўна не выносіла вайны, нават несапраўднай.
Летам, асабліва ў ліпені і жніўні, двор пусцеў, цішэў, зарастаў травою — дзеці раз’язджаліся па лецішчах, і толькі птушкі несупынна шчабяталі пад вокнамі. Гэтыя памысныя трэлі зрэдчас перарываліся зыкамі якой-небудзь маладой п’янай кампаніі; падчас маладзёны бушавалі да ранку, выклікаючы ў Яніны Пятроўны бяссонне. Назаўтра балела галава і нядужалася.
У кватэры было мала кніг. Да пенсіі не прызвычаілася Яніна чытаць — усё работа, грамадская нагрузка, дачыненні з жывымі людзьмі, якія нашмат цікавейшыя за кніжных герояў.
Аднак апынуўшыся ў вакууме адзіноты, яшчэ да хваробы, прагна схапілася Пятроўна за нешматлікія томікі на паліцах, перачытала ўсё за некалькі месяцаў. Купляць новыя кнігі не дазваляла пенсія, запісацца ж у бібліятэку яна пасаромелася: зайшла і забаялася, што будуць з яе кпіць маладыя адукаваныя бібліятэкаркі; так і выйшла ні з чым.
Выпісала газету. Але надарылася гарбачоўская перабудова, і газеты з добрапрыстойнымі назвамі, як тое: “Комсомольская”, “Советский труд”, “Факты і аргументы” — рэзка памянялі сваё змесціва і неслі ў масы ўжо не ідэалы камунізму, а рэаліі новага часу: падрабязныя расповеды пра сексуальнае жыццё знакамітых людзей, пра якасць прэзерватываў, пракладак і памперсаў, пра бясконцыя шлюбы і разводы эстрадных зорак, пра тое, як пахуднець, прыбраць лішні тлушч ці, наадварот, павялічыць аб’ём грудзей і зрабіць іх пругкімі.
Яніна Пятроўна чытала і не разумела, што здарылася з чалавецтвам. Рэчы, пра якія раней было не толькі недапушчальна, а і сорамна расказваць нават законнаму мужу, цяпер сталі выстаўляцца напаказ мільёнам людзей. Каб тыя радаваліся, напрыклад, што нейкая знакамітая багатая асоба купіла сабе мужа, маладзейшага за яе на пятнаццаць гадоў, ці абзавялася чарговай сядзібай у экзатычнай краіне.
Тэлевізар дык проста пужаў бедную бабульку. Канешне ж, — не сам тэлевізар, не гэты дапатопны чорна-белы “Гарызонт” з барабанным пераключальнікам, а тое, што ў ім жыло і віхурыла. Усе да адной праграмы запоўніліся крымінальнымі зводкамі, дзе паказвалася, як лютуе “братва” ў дзяльбе савецкай маёмасці; крыклівымі сенсацыйнымі навінамі; фільмамі, дзе з асалодай секлі людзей на кавалкі, дзе пралівалася мора крыві, дзе галоўныя героі шалёна кахалі адно аднаго (каханне яны разумелі як бессаромны, цынічны секс). На змену глыбокім савецкім фільмам прыйшлі лацінаамерыканскія серыялы, што ўражвалі колькасцю пазашлюбных сувязяў і любоўных трохкутнікаў; акцёры там ігралі, нібы ў заняпалым правінцыйным тэатры, — манерна, з напышлівым фальшам.
Толькі зрэдзь часу ўдавалася Яніне Пятроўне знайсці ў праграме любімыя фільмы 50—70-х гадоў, дзе ўслаўляліся дружба, рамантычнае каханне і самаахвярнасць, дзе на чалавека глядзелі не як на матэрыял, не на груду касцей, а як на духоўную існасць. Але нават гэтыя карціны нельга было спакойна глядзець, паколькі праз кожныя дзесяць хвілін яны беспардонна перарываліся рэкламай трусоў, пракладак, тампонаў, шампуняў і зубных шчотак. Пры гэтым пародзістыя дзеўкі круцілі задамі, трэслі грудзьмі і валасамі, а мужыкі-атлеты дэманстравалі свае біцэпсы і здаровыя беласнежныя зубы.
За пяць хвілін такой рэкламы Мачульская забывалася, на якім кадры спыніўся фільм, і затым не адразу ўлучалася ў яго канву. Бо мозг пасля перанесенага інсульту працаваў замаруджана. Але ледзь толькі яна засяроджвалася на любімых героях, як чарговы рэкламны блок урываўся ў яе свядомасць прарэзлівымі, дэманічнымі выгукамі.
Цяжка было старой пасля хваробы перад тэлевізарам, але яшчэ цяжэй зрабілася, калі ён сапсаваўся. Выклікала майстра з атэлье. Той прыйшоў пеўнем, пакалупаўся хвіліны тры і заявіў, што не зможа нічым дапамагчы. Згарэлі лямпы, якія ўжо колькі год прамысловасцю не выпускаюцца. “А што ж рабіць?” — спыталася засмучаная Пятроўна. “Сухары сушыць! — здасціпнічаў малады прыгажун і, змякчыўшыся, параіў: — Выкіньце вы, паважаная, гэтую дамавіну на звалку. Трэцяе тысячагоддзе на носе: цяперака ўся апаратура на мікрасхемах”. Задаволены сабой, выйшаў. Не забыўшыся, праўда, узяць па тарыфе за выклік.