Выбрать главу

Спрабавала Яніна Пятроўна званіць па прыватных атэлье. Там пацвердзілі, што такія дэталі не выпускаюцца, аднак гэта не значыць, што іх немагчыма дастаць. Трэба пахадзіць па радыёрынку, пашукаць. І зычліва назвалі яго месцазнаходжанне — у гіблым раёне, на другім канцы горада.

Словам, пакінула старая спробы адрамантаваць свой “Гарызонт”, змірылася з лёсам. Толькі пыл тры гады з яго выцірала. Слухала ж радыё — таксама старадаўняе, прыштукаванае да кухоннай сцяны яшчэ ў шасцідзесятых гадах. Уключыўшы яго на поўную гучнасць, за рыпамі і трэскам усё ж можна было расчуць і голас дыктара, і мелодыю, і нават прагноз надвор’я паслухаць.

Запомнілася Мачульскай сустрэча Новага года, калі сядзела адна-адзінюткая на кухні, піла гарбату з куском пірага (што прынесла суседка) і некалькі гадзін запар слухала навагодні сімфанічны канцэрт у пярхлівым дынаміку. Нуднавата было. За апошнія гады ўсё ж прывыкла Пятроўна глядзець у гэты вечар па тэлевізары “Блакітны агеньчык” або фільм “Карнавальная ноч” Э.Разанава… Але ж перажыла яна і вайну, і разуруху і ведала, што адсутнасць тэлевізара — не самае страшнае выпрабаванне.

Па гаспадарцы дапамагалі работнікі з Аддзела сацабароны. Яны ж і прадукты прыносілі з крамы. Чула Яніна Пятроўна, што часцяком бываюць сярод іх сардэчныя, спагадлівыя людзі. Ды, відаць, не пашанцавала ёй на такіх. За сем гадоў чатыры жанчыны ў яе памяняліся, і ўсе — нейкія негаваркія, бяздушныя, грэблівыя. Зробяць сваю справу — і спяшаюцца знікнуць, не хочуць пагаварыць з самотнай бабулькай. Пэўна, баяліся, што скардзіцца пачне яна, нэндзаць. А каму чужы боль патрэбны? І правільна: маладому дрэву — цвісці, а драхламу — чэзнуць. Відавочна было, што працавалі тыя жанчыны ў Аддзеле сацабароны толькі па неабходнасці, з-за куска хлеба, і што пры першай жа магчымасці гатовыя адтуль уцякаць на скрут галавы. Каб не бачыць чужых пакутаў.

Тут Пятроўна крыху памылялася. Бо як урач не можа блізка перажываць хваробы сваіх кліентаў — інакш не зможа нармальна лячыць, — гэтак і сацработнікі не выконвалі б як след сваіх абавязкаў, каб празмерна спагадалі адзінокім старым калекам. Чэхаўскі доктар, які гатовы заразіцца дыфтэрыяй, ратуючы хворага, — усё ж выключэнне; да таго ж ён памёр…

19

Прайшло сем гадоў пасля інсульту. Жыццё Яніны Пятроўны Мачульскай як бы сціснулася ў кропку, а час спыніўся: дні былі падобныя на дні, ночы на ночы; знешнія падзеі бурлівага свету амаль не пранікалі ў яе кватэрку. Падчас находзіла на старую зацьменне, і не магла яна ўспомніць, які зараз дзень, месяц і год на двары. Тады глядзела яна ў акно і бачыла, напрыклад, як аблятае яблыневы квет. Значыць, сярэдзіна траўня… Або валіў снег, нагадваючы, што зіма ў разгары. Толькі які месяц? Снежань, студзень ці люты? Тады клыпала Пятроўна на кухню, садзілася пад старэнькае радыё, якое ніколі, дарэчы, не выключалася. І слухала, слухала, слухала, пакуль не назаве нехта з дыктараў год, месяц і дзень…

Адна засталася ўсцеха ў Яніны Мачульскай — разглядаць фотаальбом. З пажоўклых нягеглых картачак пазіралі на яе любыя твары мамы, таты, усміхаўся ў малайцаватыя вусы высокі лейтэнант — муж Максім. Былі тут і пазнейшыя фотаздымкі — пасляваенны Мінск у руінах; а вось Яніна перад Вечным агнём, на плошчы Перамогі; а гэта лагоднае мора пад скаламі — Ялта… у пеністых хвалях, па пояс, — Яніна з сяброўкамі; вось яна на банкеце ў гонар свайго пяцідзесяцігоддзя… Усё, з таго часу не фатаграфавалася больш Мачульская. Хацела застацца ў гісторыі маладой і прыгожай. Хаця… хто будзе тыя карткі калі разглядаць?

Паўгода таму, улетку, пазваніў Яніне Пятроўне незнаёмы малады голас, прадставіўся служыцелем Дома міласэрнасці прыхода, назву якога яна не запомніла, і прапанаваў сваю дапамогу. Здзівілася ціхмяная бабулька: адкуль ён пра яе даведаўся? Адказаў, што іх Дом збірае інфармацыю пра хворых адзінокіх людзей, каб падтрымоўваць іх, — гэта адна з ягоных задач. Голас быў настолькі ветлівы і прыемны, што Пятроўна, якая хоць і зняверылася ў такой дапамозе, не магла ўсумніцца ў шчырасці маладога чалавека.

Вечарам ён завітаў да яе. Назваўся проста Кастусём. “А як па бацьку?” — пацікавілася Мачульская. “Я сірата. Выхоўваўся ў дзетдоме. Так што называйце мяне проста Косцем”. — І абаяльна ўсміхнуўся. На выгляд яму было гадоў дваццаць сем. Сярэдняга росту, светлавалосы з добрымі блакітнымі вачыма.

Увесь вечар Кастусь захоплена распавядаў пра свой прыход, пра тое, з якімі цяжкасцямі яны будавалі Дом міласэрнасці, якая гэта небывалая па сваёй задуме ўстанова і як яна цяпер хораша дапаможа абнядоленым людзям. Хваліў айца Аляксандра, мудрага, высокадухоўнага і адначасова дзелавітага чалавека, які здолеў звярнуць увагу дзяржавы на свой аб’ект і дамагчыся нармальнага фінансавання будаўніцтва.