Выбрать главу

Распытваў і пра Яніну Пятроўну. З яўнай цікавасцю слухаў яе аповеды пра вайну, пра мужа, — пра ўсё тое, што было для яе набалелым і запаветным. Пайшоў Кастусь у той вечар позна. А назаўтра, гадзін у дзесяць, з’явіўся зноў і распачаў грунтоўнае прыбіранне кватэры. За тыдзень ён навёў узорны парадак, аднёс у пральню кучу бялізны, адрамантаваў тэлевізар, напоўніў халадзільнік такімі прадуктамі, пра існаванне якіх Мачульская толькі здагадвалася. “Не хвалюйцеся, гэта па гуманітарнай дапамозе, — адказваў на яе недаўменныя пытанні малады чалавек. — Наш дом замежныя пасылкі атрымоўвае”.

А галоўнае, Кастусь аказаўся ці не першым за апошнія гады, хто паставіўся да хворай Яніны Пятроўны з душою, хто з ёй жыва і зацікаўлена размаўляў, хто бачыў у ёй не інваліда, а чалавека. Прыходзіў ён два-тры разы на тыдзень, тэлефанаваў штодня, даведваўся пра настрой і здароўе. Хлопец як бы ўдыхнуў жыццё ў кватэру Мачульскай. Рэчы і прадметы абыходку, якія яна лічыла старызнай і хламам, цяпер ажылі і зноўку вабілі да сябе. Пятроўна сядала перад трумо і падоўгу разглядала бацькавы попельніцу і трубку, пасля вайны перавезеныя з Гродна, раскрывала старую мудрагелістую шчатулку, даставала адтуль танныя каралі і пярсцёнкі, чысціла іх шаўковай хусткай, любавалася бляскам, які набываюць пасля гэтага метал і каменьчыкі. У адной з каробачак адшукала старэнькі медальён з выцвілай фотакарткай і раптам страпянулася: пекная светлавалосая дзяўчына, што глядзела на Пятроўну скрозь шматгадовы пыл, была яе мама! Гадоў трыццаць як забылася Яніна на гэты медальёнчык, так ён і ляжаў сярод гузікаў, караляў і завушніц. Дрыготкімі рукамі паднесла бабулька яго да вуснаў, пацалавала, расплакалася і на некаторы час стала яна маленькай… маленькай дзяўчынкай Яніначкай, якая так любіла сядзець у матулі на каленях, туліцца да мяккіх грудзей, слухаць лагодны голас. І, як ніколі, адчула тады Пятроўна, што не паміраюць любімыя людзі, заўжды яны сярод нас: з кожнай драбнюткай рэчы, з люстэрак, з нябеснай сінізны і прымятай травінкі глядзяць на нас іхнія вочы…

— Яніна Пятроўна, — перарваў бабульчыны роздумы Кастусь; ён стаяў перад ёй са швабрай у руках. — Вы мяне проста крыўдзіце.

— Я? — здзівілася Мачульская.

— Я ж прасіў вас, не мыць у ваннай свае рэчы. Вам жа нельга згінацца пасля інсульту, каб кроў да галавы і прылівала. А вы…

— Ну, Косценька, — сумелася Пятроўна, — не хапала, каб вы маёй бялізнай займаліся. Да таго ж я ў ракавіне мыю, а над ёй згінацца не трэба…

— Яніна Пятроўна, — з сур’ёзным дакорам зірнуў на яе хлопец. — Я вас прашу, каб гэтага больш не было. Мне нават невыносна такія гаворкі слухаць.

— А вы думаеце, як я жыла ўсе сем год, пакуль з вамі не пазнаёмілася? Усё па кватэры сваімі рукамі рабіла. Мне толькі прадукты прыносілі ды пыласосілі раз на месяц. А я ж тады куды слабейшая была, чым цяпер.

— Што яны там рабілі, то Бог ім суддзя. А я адказваю за сябе і за вас. І таму настойліва прашу вас не выконваць цяжкую працу. — Кастусь укленчыў і шураваў швабрай пад канапай.

— Дык што ж мне, зусім засесці і чакаць скону? — пакрыўдзілася старая. — Нерухомасць у маім стане яшчэ страшнейшая…

— А ніхто вам і не кажа не рухацца. Але ж — разумна, у меру, адпаведна сваім магчымасцям. Вы ж падумайце, калі з вамі што здарыцца, як мне потым жыць на зямлі. — Ён падняўся і сур’ёзна паглядзеў на Пятроўну. — Напрыклад, пражыву я яшчэ паўвека, а ўсё буду думаць, што па маёй віне вы… Гэх! — узмахнуў ён рукой. — Нават і гаварыць пра гэта не хочацца.

— Дык мне ж усё адно паміраць. І хутка.

— Усім паміраць, мілая мая Пятроўна. А хутка — не хутка, пра тое Бог ведае. Пра тое маўчаць трэба. Як кажа наш айцец Аляксандр: дзякуй сённяшняму дню, а думай пра вечнае. Жыві, кажа ён, так, быццам зусім не памрэш, паколькі з Хрыстом у душы не паміраюць ніколі.

Крыху памаўчалі.

— Глядзі ты, як завея разбушавалася, — кіўнуўшы на акно, сказала гаспадыня.

Кастусь адставіў швабру і падышоў да падваконня. Упёрся лбом у шыбу.

Нібы жывая істота, шчыравала на двары завіруха. Раі сняжынак шарахаліся ў розныя бакі, накідваліся на яблыні, тэлефонную будку, шыбы. Людзі ішлі, тулячы галовы ў плечы, некаторыя паднімалі каўняры. Была толькі дванаццатая гадзіна дня, але з-за снегавых хмар сцямнела, як адвячоркам.