— Але ж… Як жа… — з недаўменнем пачала старая, ды не знайшла слоў.
— Даруйце, Яніна Пятроўна, — вінавата зірнуў на яе Кастусь, — што ўстурбаваў вашу душу… Даруйце.
Неўзабаве размова скіравала ў іншае рэчышча, Кастусь выпіў яшчэ віна, павесялеў, цытаваў зімовыя вершы Пушкіна, якіх ведаў неверагодную колькасць. Ажывілася і Яніна Пятроўна.
Пайшоў госць за поўдзень, калі крыху ўлеглася завіруха. Перад адыходам уключыў тэлевізар і настроіў яго на нейкую забаўляльную перадачу.
20
Перад дзесятым пад’ездам дома №24 па вуліцы Жаўлая, нягледзячы на марознае ветранае надвор’е, было шумна. Тут у разгар працоўнага дня сабралася кампанія лайдакоў-пераросткаў. Чалавек шэсць.
Гэтыя маладзёны былі бічом дома №24 ужо некалькі гадоў запар. Канешне, не менавіта тыя, што зараз дурыліся перад дзесятым пад’ездам, а ўвогуле гэтая кліка. Яе штогод папаўнялі падонкі мікрараёна — тыя, хто перарос школу, далей вучыцца не можа, а працаваць не жадае. Дзень і ўначы, узімку і летам задзірыстыя хлапчыны і разбэшчаныя дзеўкі скаланалі вокны ціхамірных жыхароў тупатам, дзікунскім рогатам, шумам тузаніны і тымі дапатопнымі воклічамі, з дапамогай якіх у старажытнасці збіраліся нашы прашчуры ў статак.
Асабліва цярпеў ад тае моладзі дзесяты пад’езд памянёнага дома. Акурат тут збольшага таўкліся гэтыя дармаеды, бузілі, распівалі спіртное і зухавата лупасілі бутэлькі аб муры і прыступкі ганка. Відаць, іх прыцягвала суседства тэлефонных кабін, усталяваных каля пад’езда №10.
Неаднойчы прачыналіся ўночы добрапрыстойныя жыльцы ад жудлівага галашэння і мусілі слухаць, як нейкі Янка крые мацюкамі нейкага Хведзьку, а нейкая Наташка хіхікае да ўпаду. Насельнікі дома №24 баяліся вяртацца дамоў цемначы, бо даводзілася прамінаць гэтую нязводную, нахабна-ўхмылістую кампанію.
Управы на хуліганаў не было, паколькі ў найбліжэйшым міліцэйскім пункце ставіліся да іх з дабрадушнай паблажлівасцю. Маўляў, няхай лепш дурэюць навідавоку, чымся цішком рабуюць кватэры ці “шыраюцца наркатой” па блатхатах. І толькі зрэдку, пасля настойлівых званкоў-скаргаў, пасылалася з апорнага пункта брыгада міліцыянтаў, каб разагнаць свавольных малайцоў, а праўдзівей, проста адагнаць ад пад’езда. Як толькі міліцыянты сыходзілі, хеўра вярталася на сваё месца зборышча і з новым імпэтам прымалася цвяліць спакой добрых людзей.
Аднаго разу нехта, адчаяўшыся дамагчыся цішыні, набраў у вялізны поліэтыленавы пакет гарачай вады і скінуў яго з верхатуры на галовы нягоднікам. У адказ тыя ўзнялі небывалы лямант і, каб адпомсціць, уключылі штомоцы магнітафон.
У халоднае ці даждлівае надвор’е шпанюкі збіраліся непасрэдна ў пад’ездзе. Там яны абгаджвалі батарэі ацяплення пляўкамі, мачыліся і апраўляліся па-сур’ёзнаму на лесвічным пралёце, каля адтуліны смеццеправода. Іх раўлівая гамана, бывала, доўжылася цалюткую ноч, узмацнялася выдатнай акустыкай пад’езда, і нават жыльцам дзевятага паверха здавалася, што нехта бушуе за іх сцяною.
Раней сяк-так утаймоўваў расперазанцаў адзін пяцідзесяцігадовы дзядзька, жылец другога паверха. Ён спускаўся ўніз і нацкоўваў на іх сваю раз’юшаную аўчарку. Выганяў вон. Але ён быў чалавекам занятым і не мог цэлы дзень вартаваць пад’езд ад гэтай пошасці. Маладзёны ж мелі часу колькі заўгодна, і калі гэты рашучы дзядзька раптоўна памёр ад інфаркту, жыльцам стала зусім кепска. Пад’езд пакрысе ператварыўся ў клааку. У ліфт было немагчыма зайсці, не заціснуўшы нос пальцамі. На прыступках нязменна валялася бітае шкліва, горы акуркаў, прэзерватывы і іншыя адкіды жыццядзейнасці пераросткаў.
Лаўку перад пад’ездам яны дабілі дашчэнту, таму што сядзелі на ёй не так, як нармальныя людзі, а нагамі на сядзенні і задамі на спінцы. З сядзення яны пакрысе, проста дзеля забавы, павыдзіралі ўсе дошкі, і ад яго засталася адна бетонная аснова.
Бабулькі, каб пагаманіць на свежым паветры, вымушаны былі ісці да суседніх пад’ездаў, дзе яшчэ ацалелі лаўкі.
Вось і зараз дзве пажылыя кабеты стаялі і зводдалеку назіралі, як бушуюць ля іх пад’езда шэсць “сынкоў” — бамбізаў прыкладна семнаццацігадовага ўзросту. Твары састарэлых грамадзянак выяўлялі нездавальненне.