Выбрать главу

Нядаўна аціхла завіруха, што наваліла горы снегу, і гэта выклікала ў хлопцаў неўтаймоўнае жаданне дурэць, штурхацца, кідацца снежкамі, проста падаць і ўставаць. У такога кшталту людзей менавіта свежасць, навізна і белізна спараджаюць умоўны рэфлекс знішчэння. З гэтай прычыны яны не марудзячы спісваюць унутранасць новага ліфта брыдкімі словамі, калупаюць сцізорыкам пластыкавае пакрыццё школьных партаў, б’юць шыбы і вырываюць з коранем трубкі ў тэлефонных будках, шпурляюць на мецены тратуар абгорткі, плююць у аўтобусе, выдзіраюць старонкі з новых бібліятэчных кніжак. Зараз іх знішчальную энергію прыцягнуў свежы снег.

З гіканнем і драпежным ровам насіліся яны адзін за адным па пляцоўцы перад пад’ездам, заскаквалі на лаўку, станавіліся нагамі на спінку, звальваліся ад штуршкоў долу, збіваліся ў клубкі целаў і разляталіся ў розныя бакі. Гэткая дэманстрацыя спрыту і дужасці.

Прахожыя, якія мерыліся прайсці пад арку за пад’ездам №10, мусілі рабіць крук і крочыць да суседняй аркі — каб не быць збітымі з ног буйнай сябрынай.

Ад гэтых малойчыкаў, якія ў дзяцінстве гадзілі ў штаны і міма гаршкоў, якія ў малалецтве былі двоечнікамі, а з юнацтва і па сённяшні дзень яшчэ нічога стваральнага не рабілі, — ад гэтых лайдакоў і нікчэмнасцяў цярпелі сумленныя працавітыя людзі. Гэтыя людзі здабывалі ад зямлі ежу, шылі адзенне, выраблялі тэлевізары і магнітафоны, узводзілі будынкі для таго, каб памянёныя дзецюкі сытна харчаваліся, прыгожа апраналіся, пражывалі ў цёплых кватэрах і наталяліся шматстайнымі тэлевідовішчамі. А ў падзяку, за сваё сытае бестурботнае жыццё, дзецюкі гарланілі пад іх вокнамі, кідалі ў шыбы снежкі, абражалі і рабілі іх існаванне нязносным.

Вось з дзвярэй пад’езда паказалася адна бабулька з кульбай. Убачыла, што творыцца ўнізе, і замерла ў нерашучасці. Яна б спусцілася, ды ганак быў напалову замецены снегам, і можна было спатыкнуцца. З хлапчынаў жа, што іржалі і гойсалі перад ганкам, ніхто на яе не зважыў, ніхто не прапанаваў памагчы. Патапталася старая пад павеццю, пазябла і павярнула назад. Калі праходзіла ў пройму дзвярэй, у яе спіну патрапіла выпадковая снежка, кінутая адным з хуліганаў у таварыша.

Вось выйшлі дзве жанчыны з-пад аркі і таксама спыніліся, не ведаючы што рабіць, паколькі крыклівы клубок целаў перакрыў ім дарогу. Жанчыны ўсё ж рушылі праз бузацёраў. Тыя ў запале тузаніны некалькі разоў іх штурхнулі і абсыпалі снежным пылам.

— Ну, маладыя людзі, — паспрабавала абурыцца адна, — вы б трохі цішэй весяліліся…

На што таўстун у кажусе, па клічцы Фядул, павярнуў да іх свой разгарачаны тлусты твар, ухмыльнуўся, паказваючы шэраг здаровых зубоў, і тупа зарагатаў ва ўсё горла.

З аднолькавым поспехам жанчына магла рабіць заўвагу арангутангу.

Праўда, малпы толькі няўцямна крычаць, а з ратоў гэтых зухаў усё ж выляталі як асобныя словы, так і словазлучэнні. Як тое:

— Сука, Фядул… Хадзі сюды, тлустае мяса!

— Хрэн табе, Макарон… Паліжы ў мяне задніцу! Хе-хе.

— Гэй, трымай Сыча, Джэксан! Падножку яму, свалаціне…

— Падла, Фядул! Га-га-га.

— Кол табе ў рот, Лупаты. Кароткія ў цябе завароткі.

(Чытач павінен разумець, што выказваліся хлапчыны з дапамогай значна каларытнейшых слоў, але рамкі мастацкага твора абмяжоўваюць тую палітру.)

Тут шосты, нехта Металіст, які адлучаўся ў краму, прыцягнуў валізу з півам. Бузацёры тут жа кінуліся да яго і, піхаючыся, сталі хапаць бутэлькі. Кожнаму выйшла па дзве, акрамя Лупатага, адна пляшка якога ў штурханіне ўпала і цюкнулася аб бетонную аснову лаўкі.

Лупаты доўга мацюкаў Фядула, па віне якога ён застаўся з адной порцыяй піва, і патрабаваў, каб той з ім падзяліўся. На што таўстун пасылаў Лупатага далёка-далёка і спрытна выліваў змесціва пляшкі ў свой бяздонны трыбух.

Піва яшчэ больш завяло маладзёнаў, і яны зачалі баяць пахабныя анекдоты і выбухова рагатаць. Затым Сыч, хлопец з тварам бывалага алкаголіка, павёў падрабязны аповед пра свае любоўныя подзвігі. Расказваў такое, у што, зважаючы на яго васпаватае шызае аблічча і нязграбную постаць, паверыць было няможна.

Фядул загарэўся гэтай тэматыкай і стаў распавядаць, як ён надоечы дамогся былой настаўніцы гісторыі. Прычым зрабіў гэта на лесвічнай пляцоўцы, па-каўбойску, і маладая настаўніца, па словах Фядула, была ім вельмі задаволена.

— Хлусіш ты, таўстамясы, — выказаў сумненне даўгалыгі Макарон. — Цябе, мядзведзя, бабы не любяць. Вось я, дык…

— Каго не любяць, мяне? — ускінуўся на яго Фядул. — Ды я за тыдзень па тры штукі мяняю, мне толькі свіснуць — бабы ўвобмірг збягаюцца…

Усе яхідна зарагаталі з яго слоў.