Танька падышла да яго рабочага стала і бесцырымонна пачала рыцца ў службовых паперах і папках.
— Што ты тут забыла? — агарошана паглядзеў на яе Аркадзь Рыгоравіч. — Ды не камячы ты дакументы!
— Не, ну дакладна ж памятаю, што палову шакаладзіны я не даела. — Таццяна не звяртала ўвагі на яго абурэнні.
Раптам яна нагнулася і высунула ніжнюю шуфляду рэжысёравага стала. Бабаеўскі абамлеў, бо ў верхнюю ён толькі што паклаў лекі, пра існаванне якіх ведаць яго палюбоўніцы было зусім неабавязкова. У Аркадзя Рыгоравіча заняло мову, і ён здранцвела ўтаропіўся на Таццяну, што па-свойску корпалася ў гэтай аб’ёмістай скрыні. Добра што ён замкнуў верхнюю шуфляду! Але тут жа варухнулася ў галаве трывожнае: ці замкнуў, ці дакладна ў верхнюю шуфляду паклаў ён тыя ганебныя таблеткі? І адчуў дырэктар найвядомейшага тэатра сталіцы, як па яго спіне прабег халадок…
А тым часам Зарэмба, не здаволіўшыся павярхоўнымі пошукамі, стала вымаць з шуфляды папкі з дакументамі ды вывальваць іх на стальніцу, каб лацвей было шукаць сваю шакаладзіну.
— Э, ды ты што, Танюсік! — усклікнуў Рыгоравіч, хапаючы яе за рукі. — Ды тут жа міністравы ўказы ляжаць! Калі што згубіцца… — Ён збянтэжана пазіраў на стройны стан Таццяны, што нахілілася і арудавала ў напаўпустой шуфлядзе.
Беспаспяхова скончыўшы там пошукі, яна тарганула ручку верхняй скрыні стала. Бабаеўскаму падалося, што сэрца яго спынілася ад страху. Ён ужо ўсур’ёз прайграваў варыянт, як — калі шуфляда раптам падасца — коршунам кінецца на сіні пачак, каб не даць прачытаць Таньцы яго прызначэнне…
Але шуфляда не падалася, бо ўсё-ткі была абачліва замкнута.
— Дзе ў цябе ключ? — нахабна павярнула да яго Зарэмба свой прыгожы твар.
Яшчэ не хапала яму апраўдвацца перад ёй у сваім кабінеце! Гэта ўжо занадта.
— Слухай, — узяў строгі тон дырэктар, — а табе не здаецца, што ты не тым займаешся ў працоўны час?
— Я хачу есці, — з выклікам, карцінна ўзяўшыся ў бокі, сказала Таццяна.
— Для перакусаў унізе ёсць буфет і ён, дарэчы, адкрыты на ўвесь час рэпетыцый. — Бабаеўскі ўзяўся засоўваць назад выцягнутыя сужыцелькай службовыя паперы.
— А я хачу шакаладу, — капрызна заладзіла Зарэмба.
— Я табе не шакаладная фабрыка, а, між іншым, дырэктар гэтага тэатра. І наогул, прызначаны мной перапынак скончаны… Так што давай, — ён нервова махнуў рукою ў бок дзвярэй, — на рэпетыцыю.
— А я гавару, што я тут учора пакінула сваю шакаладку і хачу яе ўзяць. — Таццяна пачала жвава торгаць ручку замкнутай шуфляды.
Бабаеўскі схапіў яе за руку. Завязалася барацьба.
— Ну няма тут твайго шакаладу! — роспачна ўсклікнуў ён. — Няма, чуеш? Я, я яго з’еў!
— Няпраўда! — упарта дужалася з ім ля стала палюбоўніца. — Ты не любіш салодкага.
І богведама чым бы гэта скончылася, каб не раздаўся мілагучны званок дырэктарскага тэлефона.
— Слухаю, Бабаеўскі, — узяў трубку задыханы Аркадзь Рыгоравіч. Раптам яго твар прыняў дагодліва-адказны выраз, уся пастава выструнілася, а дыханне само сабой нармалізавалася. — Так. Так, Матвей Лукіч. Так. Зразумеў. Зробім. Так. Прымем да ўвагі. Так. Запісваю: адзінаццатага ў 15.00.
Ён павярнуўся да Таццяны, якая, скарыстаўшыся тэлефонным званком, зноў намагалася пранікнуць у таямніцы верхняй шуфляды. Дырэктар, што не пераставаў рабалепна падтакваць міністру культуры (гэта званіў ён), тузануў Зарэмбу за плячо і сваім перакошаным тварам, страшнымі вырачанымі вачыма, а таксама ўзмахамі рук стаў упрошваць яе пакінуць кабінет і не замінаць размове з начальствам.
Зарэмба, якая ўвогуле вызначалася кемлівасцю, зразумела, што жарты скончыліся, і прашалахцела да дзвярэй. На выхадзе яна павярнулася да сужыцеля і зляпіла саркастычную міну. На што дырэктар пагразіў ёй кулаком свабоднай ад трубкі рукі.
Па заканчэнні тэлефоннай размовы Аркадзь Бабаеўскі зноў запёр дзверы, кінуўся да стала і хапатліва дастаў з яго злашчасны сіні пачак. Затым адамкнуў службовы сейф, паклаў таблеткі туды. Секунду павагаўшыся, ён працягнуў руку па бутэльку каньяку, што стаяла там жа, і паўнютка наліў сабе невялікую чарку. Доктар параіў гэтак здымаць стрэсы, што з’яўляюцца першапрычынай усіх хвароб і функцыянальных разладаў.
4
Пасля рэпетыцыі, цягам якой Сяргею Пугачу яшчэ пару разоў даводзілася ўдаваць хадзячага балвана, ён прыбыў у сваю грымёрную ў кепскім настроі. Злосна сарваў з галавы парык і шпурнуў яго на крук. Парык не ўтрымаўся і ўпаў на падлогу. Гэтак жа зацята сарваў з сябе акцёр і каптан, а тады плюхнуўся ў крэсла і прыняўся здымаць пантофлі.
Грымёрная — цесная невыгодная кабінка — была не адно Сяргеева, ён дзяліў яе з Янкам Тышкевічам, які сюды пакуль не дабраўся. Пугач чуў яго голас у адной з грымёрак па калідоры, дзе, відаць па ўсім, наладзіліся чарговыя пасядзелкі.