Фядул са злосцю агледзеў хаўруснікаў і знячэўку кінуўся на Макарона. Той уюном вывернуўся ад яго, а Джэксан, што стаяў паблізу, даў таўстуну падсечку, і ён ляснуўся на ўтаптаную пляцоўку. Макарон скамячыў снежку і заляпіў Фядулу ў твар.
Таварышы здзекліва заржалі.
— Сукі, сукі вы паганыя! — ледзь не плакаў Фядул; ён устаў і абабіваў снег з кажуха. Раптам ён выпаліў: — Давайце аб заклад, што любую бабу ўраз закадру. Тады пабачыце…
— Ха-ха, гы-гы-гы, хе-хе-хе, — на ўсе лады глуміліся супольнікі.
— Што, неданоскі, слабо вам?! Сас…лі? — перайшоў у наступ пакрыўджаны Фядул. (Дачыненні з супрацьлеглым полам былі яго ахілесавай пятой — жанчыны сапраўды абдзялялі таўстуна пяшчотай.)
— Хто сас…ў? — куражыўся Макарон. — Давай, закадры! А мы паглядзім. Ух-хе-хе…
— Падла ты! — Фядул зачарпнуў прыгаршчу снегу і сыпануў у таварыша. — Давай на тры пляшкі гарэлкі, што першая ж маладуха са мной пойдзе!
— Усе чулі?! — ажывіўся Макарон. — Давай па руках, хлопцы?
Яны сышліся і разбілі заклад пры сведках.
— Не падкачай, таўстапуз! — не пераставаў пацвельваць з’едлівы Сыч.
— Давай ты, погань драная, — павярнуўся да яго Фядул, — сам мне дзяўчыну і ўкажы!
— Так ужо і любую? — расплыўся ў пахабнай ухмылцы Сыч.
— Слабо?
Сыч крыху сумеўся і агледзеўся па баках: наводдаль стаялі дзве бабулькі, якія пры ўсім жаданні не маглі стаць аб’ектамі любоўных дамаганняў Фядула; вось нейкі мужык прайшоў у тэлефонную будку… Тут драпежны пагляд Сыча натрапіў на дзяўчыну, што жвава крочыла па замеценым тратуарчыку ў бок тэлефонных кабін. Яна была метрах у пятнаццаці ад хаўруснікаў.
— Вось тая, — як хан на наложніцу, указаў на дзяўчыну Сыч.
Фядул абмацаў блудлівым позіркам яе постаць і ацэначна кінуў:
— Падыдзе.
Ён счакаў, пакуль ахвяра параўняецца з пад’ездам, а тады борзда рушыў у бок тэлефоннай будкі.
— Гэй, прыгажуня, счакай трошкі, — з гуллівай развязнасцю аклікнуў таўстун дзяўчыну.
Тая зіхатнула на яго вялікімі прыгожымі вачыма, у якіх з’явілася трывога. Яна не спыніла хаду і не адказала на яго вокрык.
— Ну ты, малая! — рыкнуў угневаны яе абыякавасцю Фядул. — Спыніся на пару слоў. — Ён паскорыўся і нагнаў дзяўчыну.
Яна была даволі высокага росту, і нават пад дублёнкай вырысоўваліся яе добрыя, правільныя целаформы. На галаве была вязаная шапачка, з пад якой выбіваліся доўгія цёмна-русыя валасы і спадалі на плечы. Шыя была какетліва абвязана белым шалікам.
— Гэта вы мне? — непрыхільна паглядзела на таўстуна прыгажуня.
— Табе, ластаўка. — Сальная ўсмешка перакрывіла яго і без таго ўродлівы твар.
— Што табе трэба? — таксама перайшла на “ты” дзяўчына.
— Каб ты мяне палюбіла. — Ён няскладна падміргнуў. — Хадзем павяселімся.
— А не замнога будзе? — з непрыхаванай нянавісцю сыкнула дзяўчына.
— А ты паспрабуй, — казырыўся Фядул, — я гарачы…
— Ты не на мой густ.
— Чаму, мілка? — зноў недарэчна падміргнуў дамагальнік.
— А зад у цябе тоўсты. Не люблю.
Хаўруснікі, што стаялі непадалёк і пільна прыслухоўваліся, так і пакаціліся з рогату.
— Во як адпрасавала! Саступай, Фядул! Абас…лі цябе, небараку. Ха-ха! Гы-гы-гы…
І тут таўстун, разлютаваны гэтымі насмешкамі, схапіў дзяўчыну за шалік і рвануў на сябе.
— Пойдзеш са мной, курва! Я тваю задніцу ў мачалку пашкуматаю.
Дзяўчына заляпіла яму поўху.
Тады Фядул, не выпускаючы шалік, учапіўся другой рукой за яе каўнер і рыўком прыгнуў долу. Дзяўчына адчайна супраціўлялася, але іх вагавыя катэгорыі былі несупараўнальныя.
У гэты міг зухаваты Фядул адчуў, як нехта стальнымі халоднымі пальцамі сцяў яго вуха, выкруціў… Ад страшнага болю агрэсар адпусціў ахвяру і паспрабаваў выпрастацца, але не змог і толькі заўважыў: за вуха яго трымаў хлопец гадоў дваццаці пяці.
Хлопец знаходзіўся ў адкрытай тэлефоннай кабіне, калі ўбачыў напад таўстуна на дзяўчыну, і з’явіўся для гвалтаўніка нечаканасцю.
— Слухай мяне, пузаты, — суровым голасам сказаў хлопец, усё прыгінаючы Фядула за вуха долу адной рукою; у другой ён трымаў скураную сумку, — бяжы да сваіх гаўрыкаў, і каб праз дзесяць секунд я вас не назіраў. Ясна?
Таўстун маўчаў, бяздзейнічалі і яго паплечнікі, збянтэжаныя такім паваротам.
— Ладна, ідзі! — хлопец велікадушна выпусціў Фядулава вуха. — Ідзі, я сказаў.
Таўстун нарэшце выпрастаўся; ён моршчыўся і цёр зашчэмленае вуха. І тут ён убачыў, што праціўнік на паўгалавы за яго ніжэйшы, а ў плячах — далёка не Геракл. Грэбліва і пераможна пазірала на Фядула гвалтаваная ім дзяўчына, з нямой насмешкай, як падалося, глядзелі на яго хаўруснікі. Стала нясцерпна сорамна за сябе, і Фядул, ахоплены імгненным парывам, ірвануўся на свайго крыўдзіцеля і ўзмахнуў вялізным кулаком, цаляючы ў галаву…