За снежнай павалокай, праваруч, віднеўся нейкі мур, паўз які марудна рухалася іх машына.
— То ж гэта твой дом! — паказаў хлопец на мур. Ён яшчэ раз перапытаў у яе адрас. — Ну правільна, дом №75. Ды ты прачыні свае дзверы, паглядзі.
Света адшчоўкнула замок, падала створку і высунула галаву. У твар рынуліся калючыя сняжынкі…
Дом сапраўды аказаўся яе родным домам. Адно патрэбную арку яны ўжо праехалі. Дзяўчына хацела была падзякаваць і пайсці пешкі, але Сяргей запрацівіўся, усадзіў яе назад і скамандаваў “шэфу” руліць у панадворак. Там яны доўга выкручваліся і буксавалі, пакуль дабраліся да схаванага ў глыбіні двара Свецінага пад’езда.
Кінуўшы вадзіцелю: “Пачакай”, хлопец выскачыў вонкі і правёў Свету да самых дзвярэй. Усё ён рабіў неяк мітусліва, быццам кудысьці спяшаўся. Яшчэ ў салоне заўважыла дзяўчына, што ён раз-пораз, праўда не перапыняючы балбатні, пазіраў на наручны гадзіннік.
І зараз, калі ўжо развітваліся, зусім нечакана для Светы і без якой-небудзь сарамлівасці ён папрасіў яе даць нумар свайго тэлефона. Аргументаваў гэта тым, што з-за спешкі нават не даведаўся пра яе нічога, акрамя імені, і што будзе вельмі крыўдна разысціся і назаўжды прапасці ў двухмільённым горадзе.
Святлане, па праўдзе, таксама крыўдна было расстацца назусім з такім рашучым і крыху дзівачлівым маладым чалавекам, таму яна без ваганняў дала яму свой нумар. Адно здзівілася, што ён яго не запісаў, а сказаў, што запомніць. “Не запомніць. Шкада”, — міжволі прамільгнула ў галаве, калі ўжо падымалася па лесвіцы.
Пад’езд быў цёмны, з крутымі прыступкамі і выкручастымі парэнчамі. Пасля сляпучага снегу на вуліцы тут быў зусім змрок. На другі паверх прыйшлося ісці амаль вобмацкам. Перад дзвярыма №41 Света спынілася, дастала з сумачкі ключы, паваждалася з замкамі і пранікла ў кватэру.
Жылі яны ўдзвюх з мамай, Нэляй Аляксандраўнай. Мама зараз на рабоце.
Дзяўчына распранулася і, пабыўшы ў ваннай, прайшла на кухню. За вузкім акном валіў снег, збялелае голле клёна калыхалася пад імпэтамі ветру, страсала долу лішкі пухнатай ваты. Дрэва засланяла ад яе тры чвэрці двара.
Кухня была маленькая, але чыстая і ўтульная. Света паставіла на пліту чайнік, села на лакіраваную драўляную лаўку, што стаяла ўздоўж сцяны, журліва задумалася.
Думала яна зараз пра тое, як бяздарна праходзяць чарговыя студэнцкія канікулы, якіх яна так чакала. Ізноў — адзінота, адчужанасць ад усяго свету, адчуванне сябе найняшчаснай з людзей. Нягледзячы на дваццацігадовы ўзрост, прывабную знешнасць, дапытлівы розум, у Святланы не было ні жаніха, ні проста блізкага хлопца. Магчыма, розум тут якраз і зашкодзіў… А зрэшты, мэтазгодна будзе адкрыць, што пасля распаду іх сям’і, які адбыўся тры гады таму, у душы яе ўтварылася трэшчына. Незагойная рана. Гэты ашаламляльны сыход колісь любімага бацькі… Гэтая нянавісць, што знячэўку ўспыхнула ў ёй… Нянавісць, якая змяняе любоў, — найстрашнейшая штука. Тады пачынаеш разумець, што няма нічога трывалага на зямлі, што ўсё ашуканства і зман, вераломства і эгаізм. Тады адкрыццём паўстае, што нельга нікога любіць і давяраць нельга нікому. Каб у адзін момант не апынуцца ля разбітага карыта, твар у твар з пустатою…
З таго часу стала Света цурацца хлопцаў, рэзка і груба супрацьстаяць іхнім дамаганням. А тое, бывала, прыносіла ёй дзіўную патолю прывабіць кагосьці, падпусціць — ды адрынуць. А затым глядзець, як мучыцца гэты былы залётнік, як слёзна (ці пагрозна) тэлефануе ёй з ранку да вечара, прыніжаецца… “Ага! — торгалася нешта ў Свецінай душы. — Табе балюча! А якога ліха ты да мяне заляцаўся? Цярпі, братка, цярпі паганае мужчынскае племя…” Аднак унутраны голас не спаў і нашэптваў Святлане, што гэтак паступаць нельга, што зло множыцца злом, што гэта не ёсць для яе выйсцем…
Але імкліва мінаўся час, і ўсё прыгажэла Света, сталела, паступіла ў тэхналагічны інстытут, дзе семдзесят працэнтаў — хлопцы. Куды ж падзенешся ад іхніх залётаў, ад гэтага назойлівага прыставання ў калідорах, ад гэтых бясконцых прапаноў схадзіць у кіно, тэатр, кавярню? А дыскатэкі! Інстытуцкія дыскатэкі, куды нельга не хадзіць — каб не думалі пра цябе немаведама што сяброўкі. Але ад тых танцпляцовак за вярсту тхне распаленым жывёльным юрам, свербам агрэсіўных самцоў, што шнараць у пошуках самак. Гэткае дзікае гульбішча, якое ладзілася яшчэ сотні мільёнаў гадоў таму дыназаўрамі, яшчарамі, якое ладзіцца і па сённяшні дзень змеямі, птушкамі, звярамі і чалавекам…
Колькі разоў заракалася Света не хадзіць на дыскатэкі, загідзіўшыся гэтымі потнымі ліпучымі рукамі, ухмылістымі хцівымі тварамі хлопцаў. Там кожны так і наровіць шчыльна прыціснуць, блудліва абмацаць формы, плюнуць у душу… А словам, што вымаўляюцца за танцамі, абы не маўчаць, яна нітрохі не верыць. Дый проста не слухае тыя словы — пошлыя, нікчэмныя жарцікі або псеўдасур’ёзныя разважанні…