У кожным мужчынскім твары ўгадвае яна ненавісныя рысы свайго бацькі, Лявона Міхалыча, у кожным мужчынскім руху — яго павадкі. Павадкі здрадніка, крывадушніка, подлага чалавека.
Вось кароткая гісторыя іхняй сям’і, якую цяпер ужо нельга не распавесці.
22
Яшчэ чатыры гады таму гэта была самая звычайная сям’я. Можна нават сказаць, што добрая. Лявон Міхалыч Стрэчань любіў жонку і дачку, жыў хатнімі клопатамі. І Свету, адзінае дзіцё ў сям’і, найбольш песціў якраз бацька. Мама была стражэйшая. Міхалыч жа і нявывучаныя ўрокі, і двойкі дачцэ дараваў, і па два разы на тыдзень вадзіў у кіно на новыя фільмы. Зімой браў з сабой на лыжы ў лес, а з шасці гадоў навучыў Свету на каньках катацца. І хадзілі яны ўзімку кожныя выхадныя ў парк Горкага на адкрыты каток. Вярталіся румяныя і жыццярадасныя, з зайздроснымі апетытамі. Ад сталых заняткаў фізкультурай і спортам у Светы быў заўжды добры настрой, яна ніколі нічым не хварэла.
Летам жа яны зазвычай ехалі на месяц у Крым, на Каўказ ці на азёры Беларусі, у дамы адпачынку. Ужо там і плавалі ўволю, і па гарах лазілі… У верасні аднакласнікі заўсёды дзівіліся Свецінаму шакаладнаму загару, заслухваліся ейнымі расповедамі пра адпачынак у мясцінах далёкіх і незнаёмых. Дарэчы, Лявон Міхалыч кожнае лета вёз сям’ю на новае месца — цярпець не мог паўтарэнняў. А таму і ў Батумі пабывалі яны, і ў Сочы, і ў Ялце, і Еўпаторыі.
Так, добрая гэта была сям’я. І гарнуліся да яе людзі: на святы іх дом поўніўся разнастайнымі цікавымі гасцямі. Часта хадзілі ў госці і бацькі, нярэдка і дачку з сабой бралі. А там — дзеці, захапляльныя гульні, весялосць, радасць…
Вядома, як у кожнай сям’і, надараліся і канфлікты паміж бацькамі, непаразуменні. Але неяк не памятае Святлана, каб даходзіла гэта да слёз, ляманту і праклёнаў, не прыгадае, каб, у знак непрыхільнасці, не размаўлялі паміж сабой Лявон Міхалыч з Нэляй Аляксандраўнай. Не, мірыліся яны хутка, таму што незлапомнымі, добрымі былі людзьмі.
Маці ўсё жыццё працавала настаўніцай геаграфіі, бацька — у канструктарскім бюро на заводзе, у сорак тры гады даслужыўся да начальніка аддзела, зарабляў самавіта і ні ў чым не адмаўляў любімай дачце. Апранута была Света заўсёды гожа, модна, у халадзільніку нават у пакутныя часіны развалу імперыі не пераводзіліся якасныя прадукты. Але не гэта, не гэта было галоўнае. Значна важней выглядалі бацькавы ўвага, памяркоўнасць, лагода і ласка. Аж да дванаццаці гадоў усаджвалася Света да яго вечарамі на калені, шаптала на вуха розныя пусцяковіны, і абое радасна, блазнавата смяяліся…
Але аднойчы ўвосень, чатыры гады таму, прыйшоў Лявон Міхалыч дамоў надзвычай узрушаны і, жвава жэстыкулючы, расказваў за вячэрай пра нейкіх вернікаў, якія выступалі ў клубе іхняга прадпрыемства. Паколькі Святлане было тады толькі шаснаццаць год і ў галаве віравалі праблемы далёка не рэлігійныя, то не запомнілася ёй, пра якую менавіта хрысціянскую секту ішла гаворка. Аднак ужо тады з трывогай заўважыла назіральная дзяўчына нязвычны, нейкі апантаны бляск у вачах Лявона Міхалыча. Яна нават прыраўнавала бацьку да тых сектантаў, бо надта ўжо палка, узахлёб, расказваў ён пра іх мудрыя прамовы, пра іх любасць да бліжняга, прастату і даступнасць. Помніцца, узгадваў праваслаўных святароў, бэсціў іх за пыхлівасць, за аддаленасць ад народа, за сквапнасць. Ды зноў прымаўся хваліць, спрачаючыся з мамай, прапаведнікаў, што выступалі сёння ў іхнім клубе — якія яны малайцы. Сказаў, што ўзяў адрас іх прыхода і абавязкова пойдзе ў нядзелю на сустрэчу з тымі цікавымі, высокадухоўнымі людзьмі. Затым вышмаргнуў з дыпламата кіпу каляровых, добра выдадзеных буклетаў, брашур, часопісаў. Расклаў іх на стале і да ночы любаваўся карцінкамі на евангельскія сюжэты, зачытваў услых некаторыя прамудрыя месцы з артыкулаў, змешчаных на старонках.
Свеце напачатку гэта было цікава, яна таксама разглядвала каляровыя малюнкі. Асабліва падабаліся анёлы з ажурнымі крылцамі, якія сядзелі на ружаватых аблоках. Затым, праўда, ёй патэлефанаваў аднакласнік, і дзяўчына, адасобіўшыся ў спальні, хутка забылася за гуллівай балбатнёй і на буклеты, і на бацькаў дзіўны аповед пра нейкіх там вернікаў.
Але ў нядзелю Лявон Міхалыч дбайна пагаліўся, прыняў ванну, спырснуўся адэкалонам, апрануў парадны касцюм і накіраваўся ў далёкі кут горада, дзе ў нейкай школе арандавала памяшканне тая рэлігійная суполка. Клікаў туды і жонку, але яна, па неахвоце, спаслалася на галаўны боль.