Выбрать главу

З таго часу стаў Міхалыч наведваць памянёныя сходы па два разы на тыдзень. Прыходзіў адтуль нейкі прасветлены, незямны, падоўгу дзяліўся з Нэляй Аляксандраўнай сваімі ўражаннямі ад гэтых мерапрыемстваў. Спрабаваў навязацца з расповедамі і дачцэ, але тая, інтуітыўна адчуўшы нядобрае, пад рознымі прычынамі ўхілялася: то ўрокі трэба дарабіць, то пазваніць камусьці, то фільм цікавы па тэлевізары…

Праз тры тыдні, у суботу, раздаўся ў іхняй кватэры неспадзяваны званок. Калі Святлана адчыніла, то спужалася: перад ёй стаялі два самавітага выгляду дзядзькі і пыталіся на ламанай мове, ці дома Лявон Міхалыч. Былі яны белавалосыя, белатварыя, вельмі ахайныя і прыветлівыя. Распранаючыся ў пярэдняй перад усхваляваным бацькам і яго дачкою, за ўсё дзякавалі ды прасілі прабачэння за прынесеныя невыгоды. Неўзабаве яны адасобіліся з Лявонам Міхалычам у зале і завялі гутарку, якая доўжылася не менш за дзве гадзіны. Бубнёж іх роўных, добра пастаўленых галасоў, што напачатку выклікаў цікаўнасць у Светы, праз гадзіну стаў на яе дзейнічаць самым гнятлівым чынам. Нібы паклаў нехта яе галаву на кувадла і мерна біў молатам. Праз шчыльна зачыненыя дзверы залы даносіліся адно нізкія частоты: “Бу-бу-бу, бу-бу-бу…” — бясконца!

Як потым выяснілася, гэта прыходзілі амерыканскія місіянеры, заснавальнікі філіяла іхняй секты ў Мінску — Біл і Джэк. Гэтыя “слаўныя хлопцы”, як называў іх Лявон Міхалыч, завіталі да яго з мэтай праводзіць падрыхтоўчыя гутаркі, пасля якіх ён, бацька, будзе рэкамендаваны для ўступлення ў іхнюю суполку.

Пачуўшы гэта, маці схапілася за галаву, а дачка падумала, ці не сніцца ёй усё гэта. Не, не снілася. Гэтым вечарам, першы раз за жыццё, Нэля Аляксандраўна, змогшыся пераканаць мужа адумацца, сур’ёзна пасварылася з ім і начавала ў пакоі дачкі.

Але гэта, як паказалі далейшыя падзеі, былі толькі кветачкі. Наведванні місіянераў сталіся рэгулярнымі і ўсё болей працяглымі. А ў тыя вечары, калі Лявон Міхалыч не гутарыў з імі, то прападаў у малельным доме.

У снежні, пасля іспыту, яго прынялі ў секту, пра што бацька з гонарам паведаміў дамашнім. А заадно і аб’явіў, што Біл і Джэк ужо не будуць хадзіць да яго з пропаведзямі, бо ён сам цяпер прапаведнік ніжэйшага рангу і сам павінен далучаць да іх праведнай веры аблудныя душы. Цяпер ужо ён будзе, на пару з нейкім Сымонам Францавічам, хадзіць па дамах і гутарыць з кандыдатамі на ўступленне.

У хуткім часе бацька выступіў з паўгадзінным зваротам да дачкі і жонкі, дзе спавяшчалася, што ад гэтага часу ён мусіць парваць усякія дачыненні з ранейшымі сябрамі-прыяцелямі, паколькі яны вядуць грахоўны лад жыцця, у прыватнасці — спажываюць алкагольныя напоі, што катэгарычна забаронена іхняй верай. Гэта раз. Другім, і самым страшным, было тое, што Лявон Міхалыч давёў пра заклапочанасць кіраўніцтва секты недалучанасцю да яе Нэлі Аляксандраўны і Святланы. Гэта ў іх недапушчальна, таму што ёсць такія мерапрыемствы, дзе паяўляцца без сям’і — вялікі грэх. І прапанаваў бацька дамашнім сур’ёзна задумацца над гэтым пытаннем. Тэрміну ён дае ім месяц.

І літаральна праз дзень адбылося здарэнне, якое проста шакіравала няшчасную Свету.

У суботу, па абедзе, яна, мама і Лявон Міхалыч вярталіся з рынку. На выхадзе з метро, калі праміналі падземны пераход, бацька знячэўку аддзяліўся ад іх, падскочыў да жабрака, які сядзеў ля сцяны, падабраўшы пад сябе ногі, і стаў на яго крычаць. Жабрак быў нестары, зацухмолены, варты жалю дзяцька — з брудным змарнелым тварам, закарузлымі рукамі, смярдзючы. Сыты і мажны, дагледжаны Лявон Міхалыч усчаў гарлаць на ўвесь пераход: лаяў дзядзьку за папрашайніцтва, вінаваціў у жульніцтве, папракаў у тым, што ён — малады і здаровы — не працуе і дурыць людзям галовы. Пры гэтым трос рукамі, у якіх былі валізы, набітыя мясам, рыбай, сырамі і садавінаю…

У Светы нібы парвалася нешта ўнутры. Яна аслупянела і з жахам вытарашчылася на бацьку. Маці ж падбегла да яго і намагалася суняць. Марна. Усё больш шалеючы ад выгляду бруднага дзядзькі, бацька роў, тупаў нагамі, а затым адмахнуўся чарговым разам ад жонкі і ўдарыў нагой па жабраковай шапцы, што ляжала на доле. З яе паляцелі, закружлялі ў паветры папяровыя грошы.

Але найбольш уразіла Свету тое, што ніхто з людзей, якія знаходзіліся паблізу, не ўступіўся за няшчаснага жабрака, не асадзіў развар’яванага Лявона Міхалыча. Помніцца, апанавала Святлану нездаровае жаданне, каб нейкі дужы мужык падскочыў да яе бацькі, заляпіў кулаком у твар, збіў з ног і пачаў мяцеліць нагамі. Але не аказалася такіх рашучых заступнікаў… У лепшым выпадку нехта спыняўся і з цікаўнасцю назіраў, што ж будзе далей. А большасць дык і наогул спяшалася як найхутчэй прамінуць месца канфлікту.