Але вера верай, а і пра цела не забывай, і неяк так выйшла, што новая сужыцелька Лявона Міхалыча аказалася гадоў на дваццаць за яго маладзейшая. Як потым высветлілася, была тая жанчына адной з актывістак іхняга прыхода, таксама зацятая верніца. У першыя тры гады падарыла яна Лявону Міхалычу аж трох сыноў, прычым двое нарадзіліся блізнятамі ўжо праз сем месяцаў пасля таго, як Міхалыч пачаў жыццё новае і праведнае. Пра што і пахваліўся бацька Нэлі Аляксандраўне ў мнагаслоўным лісце, у якім, дарэчы, заявіў, што разводзіцца з ёй не збіраецца, таму што не лічыць штамп у пашпарце за сапраўдны шлюб, а сапраўдным лічыць ён толькі шлюб, азораны дабрадаццю Гасподняй, то бок асвечаны іх царквою.
З гэтай жа прычыны і аліменты ён не плаціў на Свету цэлых паўтара года — пакуль ёй не стукнула васемнаццаць. Спагнаць жа з бацькі па законе было немагчыма, таму што ён звольніўся з СКБ і стаў адным з кіраўнікоў прыхода. Там жа, відаць, і карміўся.
А яшчэ пісаў бацька, што ён непамерна цяпер шчаслівы, бо знайшоў сэнс існавання чалавека на зямлі. Пісаў, што не можа нарадавацца на сваіх карапузаў і любімую жонку Юлю, якая амаладзіла яго гадоў на дзесяць, дае яму энергію і духоўную моц. Пры канцы ліста збіўся на маралізм і павучаў, што яго лёс можа ім стацца прыкладам, як сапраўдная вера прыносіць шчасце, душэўны спакой, з’яўляецца апірышчам у цяжкіх жыццёвых калізіях. Не трэба адчайвацца, заканчваў ліст Лявон Міхалыч, трэба любіць, спадзявацца і верыць, трэба маліцца, рабіць людзям дабро, і тады Бог паможа.
23
Свой дзень нараджэння Леанід Нілыч Пугач на гэты раз адзначаў даволі сціпла. З усяе процьмы сяброў, таварышаў і знаёмцаў ён запрасіў толькі сына, Марыну Паспелаву і, вядома ж, Валерыя Віктаравіча Адынца.
З закускамі мастак таксама асабліва не размахваўся і прывёз сякі-такі харч з рэстарана, дзе папярэдне зрабіў заказ. І хоць яды было не многа, затое ўся яна мела досыць вытанчаныя і пажыўныя якасці.
На невялікім прыземістым століку, абкружаным чатырма фатэлямі, апрача закусак стаялі пляшка армянскага каньяку і дзве бутэлькі французскіх він. Каньяк, дарэчы, быў ужо адкаркаваны і гаспадар з адзіным пакуль сваім госцем — Адынцом — пакрысе яго папівалі.
Леанід Нілыч з нецярпеннем чакаў астатніх запрошаных, бо было ўжо сем гадзін вечара, а і сына і сяброўку ён настойліва прасіў прыходзіць не пазней за палову сёмай. Да таго ж ён забегаўся з самага ранку па справах, перажыў віншаванне на кафедры ад студэнтаў і выкладчыкаў, шматлікія званкі па мабільніку, дужа змарыўся і ўсур’ёз хацеў есці.
Валерый Адынец, наадварот, быў у самым бестрывожным душэўным стане, у настроі між іншым паспрачацца з імяніннікам, пафіласофстваваць. Яны сядзелі ўжо з гадзіну, і за гэты час не раз прыводзіў Адынец свайго гарачага сябра ў раздражненне, узнімаючы злабадзённыя, балючыя для мастака тэмы.
— Не гавары, чуеш, ніколі не гавары пры мне дрэнна пра простых людзей! — кіпяціўся Леанід Нілыч, ёрзаючы ў крэсле. — Яны нашмат за нас лепшыя хаця б тым, што цэняць сам працэс жыцця, а не выдумляюць розныя там карціны ды вершыкі. І ў гэтым іх сіла.
— У табе гаворыць нязжыты марксіст, ленінец, — падбаёдваў Валерый Віктаравіч суразмоўніка, — тыя таксама любілі рабочы люд. І да чаго далюбіліся? Тое, што адбылося восемдзесят гадоў таму, — гэта звычайнае паўстанне рабоў. З шэрагу тых, што ўспыхвалі тысячакроць за гісторыю чалавецтва. І заўваж, ніколі да дабра не даводзілі.
— Ды пры чым тут паўстанне! — абурыўся Леанід Нілыч. — Што ты абвастраеш увесь час!
— Я не абвастраю, а проста перасцерагаю цябе ад найтыповейшай памылкі інтэлігента — ад памылкі распусціць нюні і замілоўвацца рабацягамі. Не дай Бог!
— “Рабацягамі”, — перадражніў яго мастак. — І слова ж якое падабраў: абразлівае, прыніжальнае, грубае. А вядома табе, інтэлігент-разумнік, што на гэтых, як ты кажыш, рабацягах свет трымаецца. Бо якраз яны нясуць праз тысячагоддзі ўвесь вопыт рамёстваў, дзякуючы якім мы з табой не бегаем на чатырох лапах, а сядзім лютай зімой у цяпле і каньячок армянскі пацягваем. Пра гэта падумаў?!
— Ну-ну, — хітра прыжмурыўся Валерый Віктаравіч, прыгубіў каньяк.
— Нукае ён! — фыркнуў Леанід Нілыч і нервова зірнуў на наручны гадзіннік. — Я вунь, на што ўжо не беларучка, на хутары гадаваўся, з малалецтва ў баразну ўлягаў, а як тры гады таму паляцеў у мяне дзвярны замок, то не ведаў, як да яго падступіцца. Поркаўся, торкаўся — нават стары выняць нармальна не здолеў, не кажучы ўжо, каб новы замок урэзаць. І гэта я, які сотні скульптур наляпіў, тысячы палотнаў пэндзлем выпацкаў! А прыйшоў малады хлопец, слесар, і за паўгадзіны замок так прыладзіў, што залюбуешся. І прычым не лічыў гэта вялікай справаю, нейкай там творчасцю недасяжнай. Прыйшоў, зрабіў, атрымаў грошы і развітаўся…