— А потым узяў на тыя грошы чарніла, нажорся да ачмурэння і пачаў жонку за валасы цягаць ды дзяцей сваіх калашмаціць, — прадоўжыў за яго з’едлівы Адынец.
— Ды што ты ўсё апашляеш! — трэснуў кулаком па стале Пугач. — Зубаскал дзёўбаны. Я з ім усур’ёз гавару, а ён усё са шпількамі ды з падколачкамі… Ты ведаеш, што такое для цывілізаванага чалавека дзверы? Гэта не кусок дрэва памерамі метр на два, а цэлая філасофія. Дзверы — гэта шчыт, за якім пачынаецца духоўны свет чалавека. Дзверы — гэта інтым, сям’я, творчасць. Гэта тое, што свяцей за ўсё ахоўваецца грамадскімі законамі. З дзвярэй, калі хочаш знаць, сам чалавек пачынаецца.
— Чалавек пачынаецца знутры.
— Э не, браце! — усклікнуў Леанід Нілыч. — Нармальны чалавек пачынаецца з дома, з сям’і, з мамы з татам, што адмяжоўваюцца ад вірлівага свету тымі ж банальнымі дзвярыма. А іх прыдумалі, удасканалілі, данеслі да нас з глыбіні вякоў не мысляры, не навукоўцы, а рамеснікі, умельцы, майстры. І калі псуецца гэтая святая святых чалавецтва — дзверы, — то рамантаваць іх зноў жа бягуць простыя людзі. А мы, інтэлігентная погань, адно соплі жуём і хныкаем: “Памажыце!”
— Чаму ж ты так інтэлігентаў не любіш? — спытаўся Адынец, прывольней развальваючыся ў фатэлі. — Завошта ж тады мастаком стаў? Ішоў бы кайлом махаць.
— І пайду! — з запальчывасцю ўсклікнуў Нілыч і выплюхнуў у рот рэшткі каньяку. — І пайду, калі гэта спатрэбіцца. Не перажывай, я да мазольнай працы прывучаны. А інтэлігентаў не люблю таму, што кволы гэта народ, паршывы нейкі. Амаль усе неўротыкі, псіхапаты, шызафрэнікі і самагубцы з інтэлігенцкага асяроддзя выходзяць. А гэта гаворыць аккурат пра тое, што няправільна, непабожна яны жывуць. Няма ў іх унутранае гармоніі.
— Глядзі, у рабацяг яна завялікая, — саркастычна скрывіўся Валерый Віктаравіч,
— Вялікая не вялікая, а лепшая, чым у нас з табой, адназначна. — Нілыч пацягнуўся па пляшку каньяку, наліў сабе на донца і прапанаваў Адынцу; той адмовіўся. — Рабацяга ў пятлю палезе, адно калі дап’ецца да белай гарачкі. Таму што ў цвярозым стане ён да такой дураты не дадумаецца, для яго, простага чалавека, няма нічога даражэйшага за жыццё. Яго з работы звальняюць, яму зарплату не выплачваюць месяцамі, ад яго жонка сыходзіць — а ён нішто, ён бадзёры, жвавы і нават жыццярадасны. Ён пойдзе нап’ецца з таварышамі, ён будзе за п’янкай бэсціць і ўрад, які яго галечай мардуе, і жонку, што гуляе напрапалую, але ніколі не прыйдзе яму ў галаву легчы тварам да сцяны ў гнілой меланхоліі, а потым вены сабе парэзаць — маўляў, усе падлюганы і жыць з вамі я не жадаю. Не! — пляснуў далонню аб далонь мастак. — Ён людзей любіць, ён жыццём даражыць.
— Глупства! — з пыхлівай адназначнасцю сказаў Адынец. — Несусветнае глупства гародзіш. Па-першае, вены сабе ён не ўскрые таму, што ў яго мозгу звілін на гэта не стане, а зусім не з жыццялюбства, табой прыдуманага. Жывёліна таксама ніколі сябе не заб’е. Стоп! Не перабівай, — ускінуў руку Віктаравіч, калі Нілыч раскрыў рот запярэчыць. — Не перабівай, я цябе выслухоўваў… Дык вось. Па-другое, ён, рабацяга, любіць не жыццё ў тваім разуменні — з яго паэзіяй, жывапісам, хараством прыроды ды іншымі аздобамі. Не! Ён любіць сябе, а ўсё акаляючае для яго ёсць асяроддзем, з якім ён мусіць змагацца за выжыванне і з якога мусіць зубамі выдзіраць харч, жанчын і забавы шматстайныя. Канешне, ён сваё “я” шануе і ў цвярозым розуме на самагубства не пойдзе. Што ён — дурань, калі можна ўзяць пляшку ды паваліць Машку?
— О, як жа ты ўсё спрашчаеш! — ускінуў дагары рукі Пугач. — Як жа ты ўсё зводзіш да пошлага прымітывізму! Для цябе працоўны чалавек — гэта нейкае быдла, якое мусіць такіх разумнікаў, як мы, абслугоўваць…
— Я так не казаў.
— Не, якраз гэта ты ўвесь час і меў на ўвазе. Які абсурд! І гэта кажа чалавек, які сядзіць на мяккім крэсле, вырабленым рукамі рабочых; які п’е каньяк, зроблены з вінаграду, сабранага селянінам; які грэецца ў дваццаціградусны мароз у доме, узведзеным будаўніком. А дом гэты, між іншым, ацяпляецца качагарам, так — тым мурзатым качагарам, што дзяжурыць у бруднай кацельні цэлыя суткі дзеля таго, каб нам было ўтульна і цёпла…
— Згодны. Не гарачыся, Нілыч, не гарачыся… — прымірэнча пачаў Адынец. — Толькі не забывайся і ты, што крэсла гэтае мяккае спраектавана ў СКБ нейкім меланхалічным інтэлігентам; што вытворчасць і дастаўку да цябе каньяку арганізавалі людзі з вышэйшай адукацыяй; што чарцяжы і дома і кацельні таксама выкананы інжынерамі. А інакш гэта былі б не будынкі, а груда камення. І тварыў бы ты не ў выгоднай майстэрні, а сядзеў у пячоры і ў лепшым выпадку высякаў бы свае малюнкі на гранітных плітах.