Сяргей выслабаніў ногі з пантофляў і пачаў абціраць грым з твару. Рабіў ён гэта нядбайна і нават грэбліва. Крыўда, нанесеная яму ў чарговы раз галоўным рэжысёрам, не аціхала. Цяпер акцёра душыла неспатоленая злосць, і свярбела з кімсьці пагаварыць, пажаліцца на прыдзірлівасць Бабаеўскага, пакпіць з яго тупасці. Але гаварыць так шчыра ён мог з нямногімі — з Тышкевічам ды яшчэ з парай-тройкай акцёраў.
Увесь час, пакуль галоўны распякаў яго ў кабінеце, Сяргей змагаўся з дзіўным жаданнем моўчкі падысці да Аркадзя Рыгоравіча, ухапіць яго за строгі гальштук і марудна, праз стол, пацягнуць на сябе. Уяўлялася, як збарвянее яго тлусты твар, як вылезуць ад неспадзеўкі вочы. Пугач нават рукі схаваў за спіну, каб не паддацца гэтай спакусе.
Такія жаданні даўно, з самага дзяцінства, мучылі Сяргея Пугача, і часцяком ён ім даваў волю.
Аднойчы, калі яму было гадоў пяць, пад час урачыстага шматлюднага банкету ў іх доме нейкі адказны чалавек прамаўляў тост. Усе прыціхлі. Сяргея, у прынцыпе, за стол не пускалі, але перад самым тостам ён без дазволу ўвайшоў у залу і ўзлез на калені бацьку, што сядзеў якраз насупраць прамоўцы. Ці то падзейнічала на хлопчыка надзвычайная цішыня, ці то напружаныя ўрачыстыя твары застольшчыкаў, а толькі схапіў ён знячэўку з талеркі масліну, запусціў у прамоўцу і, дзіка зарагатаўшы, выскачыў вон. Бацька, які пры выхаванні сына ніколі не ўжываў рукапрыкладства, пакараў яго зняволеннем у пустым пакоі на паўсутак.
Падобныя прыступы раз за разам паўтараліся з Сяргеем і ў школе. Асабліва на ўроках фізікі, якую вяла суровая дырэктарка. І чым больш гнятлівай і адказнай была атмасфера ў класе, тым часцей карцела Пугачу выкінуць нейкае штукарства. На кантрольных, калі ўсе тужыліся над складанымі задачамі, а строгая настаўніца хадзіла па радах, каб не дапусціць спісвання, Сяргея душыў рогат. Нярэдка ён быў пакараны за гэта двойкамі, выгнаннямі з урокаў і выклікамі ў школу бацькі. Затым хлопец стаў хітраваць і, апярэджваючы прыступ неўтаймоўнага смеху, закрываў твар хусткай, імітаваў насавое кровацячэнне і выбягаў з класа. Насоўку ён насіў у кішэні папярэдне заляпанай чырвонай гуашшу.
Вельмі няпроста было Сяргею і ў час службы ў войску, дзе не дапускалася парушаць цішыню ў страі перад якім-небудзь грозным палкоўнікам ці генералам. Таму ён навучыўся заўсёды станавіцца ў другі рад, і не многія бачылі, што за страшная барацьба адбывалася на яго твары, якія высілкі прыкладаў гэты салдат, каб не заржаць сваім недарэчным, вар’яцкім рогатам.
Пугач нежартоўна баяўся сябе, нібы сядзеў у ім нейкі іншы, непадуладны яму чалавек, здатны на самыя эксцэнтрычныя ўчынкі, што ніяк не стасаваліся з агульначалавечымі правіламі.
Толькі за апошні тыдзень яму тры разы карцела на рэпетыцыях падскочыць да Бабаеўскага і заляпіць поўху, два разы Сяргей змагаўся з жаданнем прылюдна пацалаваць яго палюбоўніцу — Таньку Зарэмбу, адзін раз — даць у калідоры падножку народнаму артысту Дамаронку, старому паважанаму чалавеку, а яшчэ раз — сарваць афішу на тумбе перад тэатрам.
…Па меры таго як акцёр здымаў з сябе мудрагелістыя вопраткі і сціраў грым, праступала сапраўднае яго аблічча.
Гэта быў бялявы малады чалавек сярэдняга росту, нядрэннага целаскладу, з худым і нервовым тварам. Выглядаў ён маладзей за свае пашпартныя дваццаць дзевяць гадоў. Але асноўнай адметнасцю яго твару быў невялічкі шрам над левым брывом, атрыманы Сяргеем яшчэ ў дзяцінстве. Ён як бы падаўжаў гэтае брыво і загінаў яго дагары, надаваў твару нешта мефістофелеўскае і адначасова камічнае. Пугач з дзяцінства камплексаваў з гэтай прычыны, бо якіх толькі мянушак і клічак не прыцягвала на яго галаву гэтая хіба. Але, можа, дзякуючы шраму і паступіў ён калісьці ў тэатральны.
Сяргей памыў твар і рукі, нахапкам апрануўся і выйшаў на калідор. Па дарозе ён хацеў стрэльнуць пару цыгарэт у Тышкевіча і таму скіраваў да кабінкі, адкуль даносіўся зухаваты перасмех акцёрскіх пасядзелак. Але, калі наблізіўся да дзвярэй, то расчуў там голас Альберта Сычова, свайго заклятага нядобразычліўца і халуя Бабаеўскага. Альбертаў тонкі гугнявы голас, перабіваючы суразмоўнікаў, нёс нейкую несусвеціцу… “Мярзотная душа!” — вылаяўся Пугач і прамінуў дзверы.
У фае, перад гардэробам, ён сустрэў Людку Дробаш, маладую актрысу, сваю добрую прыяцельку.
— Прывітанне ўніжаным і абражаным, — сказала яна, жартаўліва ўшчыпнуўшы Сяргея за вуха.
— Прывітанне ўзвышаным і знакамітым, — буркліва адказаў Пугач. — У цябе курыць ёсць?