Плаўна пагойдваючыся на мяккім сядзенні, Генадзь раз-пораз адабральна трапаў Альбіну па плячы, гаварыў пошлыя пусцяковіны і пад дзявочыя хіхіканні прайграваў у галаве палка-фантастычныя хітраспляценні сённяшняй ночы. Сальная дурнаватая ўхмылка крывіла яго фізяномію. Гэта быў адзін з лепшых яго дзён на зямлі…
Яны доўга вырульвалі паміж нягеглых пяціпавярховак, пакуль заехалі ў патрэбны двор. Варта сказаць, што сваю кватэру спатканняў Марушкевіч наўмысна купіў у закінутым і нерэспектабельным раёне, у нязграбнай блочнай “хрушчоўцы”. І не толькі дзеля канспірацыі. Ён любіў назіраць ашаламленне чарговай сяброўкі, калі яна, падняўшыся на трэці паверх па запляванай вузкай лесвіцы, пранікала за аблезлыя шэрыя дзверы і раптам трапляла ў неверагодную раскошу. Таемная кватэра Генадзя Марушкевіча складалася з двух- і трохпакаёўкі, хітра злучаных паміж сабою, перапланавыных выбітным архітэктарам і абсталяваных вопытным дызайнерам. Пераходы з пакоя ў пакой там былі выкананы ў выглядзе арак, і кожнае памяшканне, без перабольшвання, можна было назваць шэдэўральным — настолькі густоўна там спалучаліся колеры сцен, узоры паркету, мэбля і насценныя аздобы. А гонарам Генадзя была ванная, зробленая па сусветных стандартах — з падагрэвам падлогі, з душам, што рэгуляваўся электронікай, з невялікім басейнам. Бізнесовец дужа любіў пялёхкацца тут з кім-небудзь на пару.
…З машыны яны вылузаліся моўчкі. Марушкевіч не даў указанняў вадзіцелю — Сашка і так знаў, што назаўтра, роўна ў сем гадзін раніцы, ён павінен стаяць з гарачым маторам пад вокнамі, каб павезці дадому дзяўчыну, а затым вярнуцца па гаспадара. Так у іх было заведзена. Калі ж меркаваліся якія змяненні, то Генадзь сам іх папярэдне даводзіў.
Сёння яны не пад’ехалі, як звычайна, да самага пад’езда, таму што, пасля пазаўчарашняй завірухі, двор быў завалены гурбамі. Усцяж пад’ездаў была прабіта вузкая дарожка, па якой магла ехаць толькі адна машына. А паколькі перад іхнім №4, што з’яўляўся апошнім у гэтым доме, ужо стаяў легкавік, то Генадзь загадаў вадзіцелю не заязджаць на згаданую дарожку, а спыніцца ад яе метрах у дзесяці.
І зараз, адправіўшы машыну, Марушкевіч з Альбінай, што трымала яго пад локаць, зухавата пакрочыў наўскос двара да свайго пад’езда. Дыміў цыгарэтай.
Двор быў пустэльны, пратаптаная сцяжынка павіхляла між сумётаў, абагнула купку сметнікаў, уперлася ў металічны гараж інваліда і пайшла паўз яго. І тут з-за рага гаража вынырнула цьмяная мужчынская постаць, а хрыпаты голас ціха, але разборліва скамандаваў:
— Стаяць! Хто крыкне — кішкі павыпускаю.
Ад гэтых слоў душа Марушкевіча сышла кудысці ў трыбух, далоні па-здрадніцку ўспацелі, а ў самае вуха нехта нібы шапнуў: “Загорскі навёў. Гэта капец”. І трэба ж было так па-шкалярску папасціся: паблізу — ні душы, гараж надзейна адгароджваў іх ад акон пяціпавярхоўкі, шэраг сметніц затуляў іх ад суседняга дома. У голасе ж незнаёмца, апрача гартаннага каўказскага маўлення, выразна прагучалі бязлітасныя, крыважэрныя ноты.
Пасля яго вокрыку, ад неспадзеўкі, Марушкевічава сяброўка віскнула і шарахнулася ўбок.
— Маўчаць! — прыглушана рыкнуў нападнік і вышмаргнуў з-за пазухі пісталет, на рулі якога выразна зіхатнула цыліндрычнае падаўжэнне.
Альбіна больш не ўскрыквала, а з нечаканай моцай учапілася ў плячо Марушкевіча.
“Гэта капец”, — яшчэ раз шапнуў нехта ў Генадзева вуха, і на памяць прыйшоў вобраз састарэлай маці, якая ўжо, мусіць, ніколі не пабачыць свайго сына. На міг стала балюча ад таго, што якраз сёння Генадзь запланаваў з’ездзіць на выхадныя да яе, у вёску. Ён, увогуле, даўно думае перавезці старую ў горад…
— Зараз, мужык, слухай уважліва, — вярнуў яго да рэчаіснасці каўказец і зрабіў пару крокаў да сваіх ахвяр. — Гэтая штука страляе без трэску. І не дай вам алах мяне раззлаваць.
Цяпер Марушкевіч мог разгледзець, што ў нападніка была шырокая чорная барада, якая злівалася з цёмнай зімовай курткай. Цёмнымі былі і штаны мужыка, і боты, і шапка, насунутая на самыя вочы. Была відна толькі частка твару — ад выліц да запалых вачніц; кантрастуючы з барадой і шапкай, яна ўражвала сваёй нездаровай, прывіднай бледнасцю.
— Калі тарганецца твая лярва, — указаў каўказец пісталетам на Альбіну, — то першая куля — табе ў галаву. Зразумеў?
— Угу, — адно мыкнуў Генадзь, бо ад страху заняло голас.
— А цяпер — даставай партманэ. — Ліхадзей навёў пісталет яму ў твар. — І ўсё з кішэняў. Хутчэй! — У апошніх словах Генадзю пачулася нейкая хваравітая злосць.