— Ага… канешне… зараз… — вярнулася да яго мова. — Усё аддам… зараз… — Марушкевіч заваждаўся ў нагруднай кішэні, таму што праклятае партманэ за штосьці зачапілася, захрасла. — Усё… усё аддам… — Нарэшце партманэ было вышмаргнута і Генадзь, акрылены подленькай радасцю, працягнуў яго незнаёмцу і нават, адштурхнуўшы Альбіну, пасунуўся ў яго бок…
— Стаяць! — напаўголасу гаркнуў той. — Стаяць, а то развалю чэрап!
— Дык я ж… я толькі хацеў аддаць… — апраўдваўся працяты жахам бізнесовец. — Вы ж самі сказалі…
— Замаўчы, смярдзючы ішак! Замаўчы! — сыкнуў скрозь зубы каўказец і наблізіў рулю да Марушкевічавага твару. — Партманэ — на снег.
— Куды? — затрапятаў Генадзь.
— На снег, аслінае вымя! Пад ногі, пад ногі сабе кідай!
Партманэ паляцела на снег каля Марушкевіча.
— А цяпер: гадзіннік, пярсцёнкі, бразготкі — на снег! — загадаў нападнік раз’юшаным голасам. — Варушыся!
Дрыготкімі пальцамі стаў здымаць Генадзь пярсцёнкі, нашыйны залаты ланцужок з медальёнам, бранзалет з тоўстага запясця. Усё паляцела да кучы.
— Усё дастаў? — з пагрозлівай падазронасцю запытаўся каўказец.
— Усё… здаецца, усё… далібог… — залепятаў Марушкевіч. — Ды бярыце… мне ж не шкада… бярыце… — Ён з маладушнай дагодлівасцю паказваў рукой на дол.
Пра Альбіну яны як быццам забыліся. Дзяўчына стаяла за Генадзевай спінай і з нямым спалохам глядзела на гэтую сцэну.
— Зараз рабі тры крокі да мяне, — сказаў нападнік.
— Да вас?
— Хутчэй, смярдзюк!
Марушкевіч зрабіў тры крокі, пераступіўшы праз кашалёк і аздобы.
— Паварочвайся тварам да сваёй лярвы. Ну!
Марушкевіч павярнуўся.
— Расшпільвай шырынку, — вылецеў выразны загад.
Аднак Генадзь не даў веры вушам:
— Што?..
— Шырынку расшпільвай, — больш-менш спакойна паўтарыў ліхадзей.
Бізнесовец управіўся з гузікамі штаноў.
— Даставай прычындалы і мачыся на партманэ.
Ад гэтых слоў Марушкевіча, незважаючы на нежартоўны страх смерці, перасмыкнула. Ён зірнуў на Альбіну, якая стаяла ад яго кроках у пяці, — стаяла, гадліва адвярнуўшы галаву ўбок.
— А н-нав-вошта? — заікаста пралапатаў няшчасны.
Але не паспеў ён закрыць рот, як нападнік падскочыў да яго і выцяў паміж лапатак нечым надзвычай каляным. Ад гэтага ўдару ўздоўж хрыбетніка нібы прабег ток і стрэльнуў у паясніцу. Ногі абнядужалі. Аднак да прытомнасці бізнесоўца вярнула сцюдзёная сталь рулі, што вярэдліва ўперлася ў шыю.
— Мачыся, дзярмо, роўна на партманэ. Ну! — прашыпеў на самае вуха няўмольны загад. — Мачыся! — І руля ўтулілася ў пухлую шыю Марушкевіча.
Не жывы не мёртвы, спраўляў Генадзь малую патрэбу на свае грошы, пярсцёнкі, залаты ланцужок і бранзалет.
Як на бяду, мачы аказалася замнога, і ён хвіліны дзве прастаяў за гэтым звышынтымным заняткам, павернуты тварам да пекнай Альбіны,
Прычым недзе на сярэдзіне справы каўказец, згледзеўшы, як сарамліва дзяўчына адварочвае галаву, скамандаваў:
— Гэй ты, даўганогая! А ну глядзець на свайго хахаля!
Тая не паслухалася. І тады Марушкевіч атрымаў паўторны ўдар ручкай пісталета паміж лапатак і пачуў загад:
— А ну скажы ёй, каб не адварочвала рыла! Ну! — І руля яшчэ мацней убілася ў Генадзеву шыю.
— Глядзі сюды, курва! — з нечаканым для сябе шалам выгукнуў бізнесовец; аднак голас выйшаў не так пагрозным, як тонкім і баязліва надрыўным. — Глядзі, чуеш, глядзі на мяне, б…дзь, а то вірлы павыдзіраю!
Альбіна з непрытоенай агідай павярнулася тварам да Генадзя і ўтаропіла вочы ў раён ягонай шырынкі. “Прыб’ю за гэта скаціну!” — варухнулася ў Марушкевічавай галаве помслівая думка.
Балазе ён хутка закончыў.
— Цяпер — збіраць усё назад! — скамандаваў ліхадзей.
— Што збіраць? — шчыра не даўмеўся бізнесовец і атрымаў трэці ўдар паміж лапатак.
— Жывей, падла, збірай свае манаткі са снегу!
— А!.. канешне… я проста адразу не зразумеў… — Марушкевіч паслухмяна нагнуўся і пад нязводным позіркам Альбіны, пад наглядам каўказца стаў збіраць абгаджаныя рэчы. Слізкія ад падмерзлай мачы, яны выпадалі з рук, бізнесмен ізноў згінаўся і падымаў іх.
— Што стаіш, як ішак! — рыкнуў на яго нападнік, калі Генадзь урэшце сабраў свае рэчы з долу. — Вяртай усё туды, дзе было. Даю табе дзве хвіліны.
Марушкевіч ліхаманкава стаў нацягваць спруцянелы ланцужок на шыю, насоўваць пярсцёнак на палец, а бранзалет — на руку… Як ні дзіўна, у дзве хвіліны ён уклаўся.
І тут жа прагучала новая каманда ліхадзея:
— Станавіся на карачкі і паўзі, смярдзюк, да свайго пад’езда. Хвіліна табе. Час пайшоў.