Бізнесовец бухнуўся наўсколенцы і папоўз.
Каўказец саступіў яму дарогу, адышоў у глыбейшы снег. Але пісталет увесь час быў нацэлены Марушкевічу ў галаву.
— Хвіліна табе, свіння! — нагадаў каўказец, калі няшчасны валокся міма. — І не падумай устаць на дзве лапы. Мамай клянуся, прыстрэлю!
— Ды не… я ш-што ж… я-я чэсна… — мармытаў Генадзь, таропка перабіраючы скалелымі рукамі.
Завярнуў за рог гаража. Да пад’езда было метраў сем. Не так і далёка. Але шлях стаўся пакутным: канечнасці ацяжэлі — быццам у кашмарным сне, у тым кожнаму вядомым сне, калі ўцякаеш ад пякельнай пачварыны, а ногі западаюць у вязкі грунт. Да таго ж ён увесь час страшэнна баяўся кулі. Так, бязгучнай смертаноснай кулі, якая з лёгкасцю разарве і кажух, і пінжак, і кашулю, якая са смакам увойдзе ў цела. Ад гэтага жахлівага прадчування смылела спіна — смылела пад левай лапаткай…
Ужо перад самым пад’ездам ён трапіў у бітае шкліва, распароў правыя кісць і калена. Прычым у кісці асколак так і захрас. Але гэта Марушкевіч выявіў ужо пазней, значна пазней… Пад прыцэлам каўказца ён не адчваў болю.
І яшчэ: дужа няёмка было паднімацца на карачках на заледзянелы высокі ганак. Два разы бізнесовец кучай з яго зваліўся. І кожнага разу думаў, што гэта канец. Акрамя таго, у гэты момант з суседняга пад’езда нехта выйшаў і знерухомеў на ганку, напэўна цікуючы за няшчасным Марушкевічам. Бізнесовец не бачыў гэтага выпадковага чалавека, але ўсёй душой узненавідзеў за тое, што той доўга, да непрыстойнасці доўга глядзеў на яго мучэнні. Яму нават здалося, што гэты пільны цікаўны позірк замінае ўзбіцца на ганак…
О, з якой палёгкай і радасцю заваліўся ён у чэрава пад’езда. Але гэта яшчэ не ўсё! Трэба было бегчы, спрытна бегчы на трэці паверх — каб незнаёмец не нагнаў яго тут са сваім пісталетам… Аднак сілы сталі пакідаць Генадзя: ногі нібы адняліся, ён не здолеў на іх устаць. Як сляпое кацянё, поўзаў ён у цёмным пад’ездзе, натыкаўся на муры, на батарэі ацяплення, на дзверы… Дзверы! За імі смерць! У роспачы схапіўся Генадзь за ручку дзвярэй, сутаргава сцяў яе пальцамі. Усё яшчэ ўкленчаны, адхіліўся ўсім корпусам назад… Але позна! — дзверы ўжо цягнулі знадворку. Няўмольна, неадхільна цягнулі на сябе… Марушкевіч не мог супрацьстаяць гэтай вонкавай сіле. Ён жаласна застагнаў і, ад чарговага рыўка, паваліўся на парог…
— Генадзь Кірылыч! Генадзь Кірылыч, як вы?! — у пройме чорнай зданню стаяла Альбіна.
— У-у-у… — толькі і змог ён вымавіць у адказ.
— Трэба вызваць міліцыю, Генадзь Кірылыч… Вось ваш пярсцёнак… на снезе… я падабрала… Давайце ўставаць…. Генадзь Кірылыч… — скрозь каламутную павалоку бяспамяцтва даляталі да Марушкевіча асобныя Альбініны фразы.
Генадзь адчуваў, як настойлівыя рукі варушаць яго, мнуць, сіляцца перасунуць…
Гэта было апошняе, што ён адчуваў за сённяшні дзень.
25
Ужо тры гадзіны Света Стрэчань не знаходзіла сабе месца. Яна то нервова крочыла па пакоі, то сядала ў крэсла і спрабавала чытаць, то ўскаквала з яго і падбягала да акна, за якім царавала глыбокая зімовая ноч. Акно выходзіла на несамавіты завулачак, які і ўдзень быў амаль заўсёды пусты. Па другі яго бок цягнулася высокая бетонная агароджа фармацэўтычных складоў. Толькі зрэдчас завулак асвятляўся фарамі аўтамабіляў. І кожнага разу Света ўздрыгвала, прыціскалася тварам да шыбы і ўзіралася-ўслухоўвалася ў прадонне лютаўскай ночы. Яна чакала Сяргея.
Рэшткі студзеня і палова лютага прайшлі ў яе пад знакам кахання. Яны не прайшлі — праляцелі імкліва і незаўважна. Адно што занатавалася ў памяці — гэта белазубая ўсмешка дарагога твару, гарачыня яго вуснаў і напорыстая сіла мужчынскіх рук, ад якой яна раставала і млела, ад якой не было паратунку.
Калі, ужо на трэцім спатканні, ён уладарна абхапіў яе стан і прыцягнуў да сябе ў паўзмроку пад’езда, Света ўпершыню за жыццё адчула неверагодна салодкую слабасць, тую слабасць, у якой яна сабе не належала. Ён рабіў тады з ёй усё што хацеў, і захаці ён большага, зажадай ён яе да апошняй мяжы, Света б не змагла супрацьстаяць. І гэта яна, якая ніколі не губляла галавы з хлопцамі, да якой ніхто так блізка не падступаўся!
Што гэта, пыталася ў сябе дзяўчына наступнага дня, — каханне, страсць, ачмурэнне? І не знаходзіла вызначэння таму пачуццю на роднай мове. А толькі да болю памяталі яе душа і цела сляды вечаровых пацалункаў на шыі, вуснах, валасах, мочках вушэй; памяталі ласкавыя і разам з тым нахабна-бессаромныя далоні Сяргея, што валадарылі над ёй цэлыя паўгадзіны…
Пасля таго яны сустракаліся праз два, праз тры дні, і кожнага разу іх спатканні заканчваліся палкімі абдымкамі ў нетрах яе пад’езда. Праўда, гаварыліся там і словы, але словы былі адно дадаткам да таго важнага і неадхільнага, да таго неўтаймоўнага дзейства, што адбывалася паміж імі. Ён быў смелы з ёй, вельмі смелы… Але, дзіўна, ніводнае яго дзеянне не абражала дзявочай цнатлівай годнасці, а наўсперач, было прыемным і міжволі хацелася яго паўтарэння… Чаго ніколі не было пры сустрэчах з ранейшымі яе кавалерамі: пасля пацалункаў некаторых з іх карцела выцерці хусткаю вусны ці прапаласкаць рот. Не тое — Сяргей. Гэты мужны валявы твар з невялічкім шрамам над левым брывом! Яна так любіла адшукваць у цемры і цалаваць той шрам. А мяккасць яго светлых валасоў, якую Света адчувала на сваёй шчацэ, калі Сяргей прыпадаў вуснамі да яе шыі…