У гэтым чароўным сне прамінула тры тыдні. І зусім не здзівілася Света, калі Сяргей сказаў, што прыйдзе да яе сёння ўночы. Ён сказаў як бы безапеляцыйна, ведаючы, што адмовы быць не магло. Яна нічога не адказала, а толькі з сарамлівай пакорлівасцю зірнула яму ў вочы. Яна не ведала, што гаварыць. І тут ён залез у сваю сумку і дастаў поліэтыленавы непразрысты пакунак. Працягнуў Свеце.
— Гэта лесвіца, Свецік. — І, вывудзіўшы з пакунка вяровачны скрутак з танюткімі драўлянымі планкамі, паказаў пятлю, якую трэба будзе зашмаргнуць за батарэі ацяплення. — А палове другой я ў цябе. Зможаш расчыніць акно?
— Змагу.
…Лесвіца ўжо шмат разоў раскладвалася, правяралася і зноў згортвалася ў скрутак узрушанай Светай. Часам яе апаноўваў сумнеў, ці вытрымае гэтая з выгляду нетрывалая вяроўка Сяргея. А часам ахоплівала трывога: што калі ён проста пажартаваў, што калі ён не прыйдзе? Вядома ж, не прыйдзе! Каму можа замануцца лезці ў пятнаццаць градусаў марозу па вяровачнай лесвіцы? І навошта, калі можна бясшумна адчыніць дзверы? Мама б і так не пачула, бо апошнія два тыдні прымае снатворнае. Нейкая недарэчнасць, глупства…
І тут жа ўяўлялася ёй, як пераваліць хвілінная стрэлка за палову другой, наблізіцца да трох, пяройдзе і гэтую адзнаку, а яна, няшчасная, будзе сядзець і чакаць. Потым заплача, будзе шарахацца па пакоі як апантаная. І гэтак усю ноч, таму што не зможа ўжо заснуць. А заўтра Сяргей не пазвоніць, не пазвоніць і паслязаўтра… Страх ахінаў яе душу чорным крыллем: не пазвоніць! Здавалася, нічога страшнейшага не можа здарыцца на белым свеце. Што яна будзе тады рабіць?! Ён і адраса свайго не пакінуў, ён тэлефануе, калі яму ўздумаецца, ён прыходзіць, калі пажадае. А яна стала яго рабой. Яна без яго не можа…
Свецін пагляд безуважна слізгаў па рэчах, якія зараз здаваліся чужымі. Вось пісьмовы стол, дзе яна ўжо гадоў дванаццаць рыхтуе хатнія заданні; вось утульны фатэль, у якім яна любіць слухаць магнітолу; вось кніжная паліца, з якой яна часцяком дастае штось пачытаць; карціна над ложкам са смешнымі зверанятамі… Але ўсё гэта не мае зараз для яе ніякай каштоўнасці, усё гэта — тлен, калі не прыйдзе яе каханы.
Дзяўчына нясмела падняла вочы на насценны гадзіннік: дваццаць пяць хвілін на другую. О, Божа! Яшчэ пяць хвілін, і ейнае сэрца не вытрымае. Яно і цяпер калоціцца так, што вось-вось грудную клетку разломіць…
І тут Света ўспомніла, што не заперла дзверы на зашчапку, як прасіў Сяргей. Яна стрымгалоў кінулася да іх, замкнула. Затым адамкнула, высунула галаву ў калідор, прыслухалася. Ціха. Уваход у залу, дзе спачывае Нэля Аляксандраўна, знаходзіўся ў іншым канцы калідора. Але дзверы ў залу (так здалося дзяўчыне) на гэты раз прыадчынены. Так, прыадчынены на некалькі сантыметраў. Трэба падкрасціся і зачыніць! Не, не, не… няма болей часу.
Света зноўку закрыла свае дзверы, засунула зашчапку. Да паловы другой заставалася каля дзвюх хвілін. “Ён не прыйдзе!” — чамусьці ўпэўнена стукнула ў галаве. “Як не прыйдзе! — ледзь не ўскрыкнула Света, нібы звярталася да нейкага рэальнага апанента. — Як жа не прыйдзе!!” Але ціша была ёй адказам. Толькі мерна цікаў гадзіннік.
Дзяўчына падбегла да акна. Завулак патанаў у начным прадонні. Ані гуку, ані руху ўнізе. Яна здранцвела прыпала да шыбы шчакою і прастаяла так богведама колькі часу. Яна не хацела паварочваць галавы да гадзінніка, бо баялася звар’яцець ад адчаю. Але раптам завулак азарыла святло фар: нейкі аўтамабіль набліжаўся справа. Так, легкавік прашорхаў паўз яе акно. Аднак не прытармазіў, не спыніўся… І зноў вярнулася цішыня. Хацелася плакаць ад крыўды.
Стрымліваючы рыданні, дзяўчына дабегла да тахты, павалілася на яе ніцма. Але нервовая сіла тут жа прымусіла яе сесці. Сесці і ўслухоўвацца. А над галавой цікаў няўмольны гадзіннік. Колькі ж паказвае гэты кат? Света адкінулася на локці і паглядзела дагары: трыццаць сем хвілін на другую!
Лёгенька бразнула шыба акна. Ад гэтага раптоўнага гуку сэрца выкінула ў артэрыі велізарную порцыю крыві, і рукі на імгненне знямелі. Затым знямелі і ногі. На шчасце, гэта доўжылася якую секунду, і неўзабаве Света была ля акна. Яна ўставала на дыбачкі, казеліла вочы ўніз, але, вядома ж, нікога там не ўбачыла. Трэба было высунуцца на вуліцу, а для таго адчыніць створкі. З гэтым дзяўчына справілася спорна, бо папярэдне колькі разоў прарэпеціравала — для чаго давялося акуратна паддзець нажом уцяпляльныя палосы паперы, ададраць іх ад клею.