Холадам абдало яе твар, рукі і грудзі пад хатнім халацікам. Света вынікнула ледзь не па пояс: пад акном стаяў чалавек у цемнай шапцы і, наколькі было відаць, цёмнай форме. Ён падняў да яе твар і моўчкі ўзмахнуў рукой. Гэта Сяргей.
Хутка лесвіца была спушчана долу, і ён спрытна стаў паднімацца. Аднак, калі начны верхалаз дасягнуў падаконніка, Света адчула страх. Яна не зразумела яго прычыну, але машынальна кінулася ад акна да дзвярэй, ліхаманкава праверыла зашчапку. Прыпала вухам да шчыта. Але ўсё заглушалі ўдары ўласнага сэрца. Дзяўчына зноў шарахнулася да акна. У гэты міг Сяргей бясшумна саскочыў на падлогу. Затым яны разам, вельмі дбайна і асцярожліва, зачынілі створкі, апусцілі ніжнія засаўкі, пакінуўшы незашчэпленымі верхнія.
Сяргей быў у цёмнай камуфляжнай форме вайскоўца, у вязанай чорнай шапцы. Усё гэта ён скінуў на крэсла. На ім аказаўся сіні шарсцяны світэр, сінія спартыўныя штаны.
Ён падышоў да яе, мякка абняў і цмокнуў у шчаку.
— У цябе ў шафе многа адзення? — шапнуў ён на самае вуха, вокамгненна агледзеўшы пакой.
— А што? — здзівілася дзяўчына.
— Калі раптам будзе стук у дзверы, то я шмыгну туды. — Ён падышоў да шафы, ціхенька адчыніў дзверцы і зазірнуў унутр. — Нармальна. Давай, Свецік, сюды маю вопратку сунем.
Света ўзяла ягоныя штаны і куртку, панесла да шафы. Павесіла. Сяргей тым часам важдаўся за яе спінай.
Дзяўчына зачыніла створку, павярнулася і абамлела: ён стаяў перад ёй у адной майцы, стаяў амаль усутык. Света разгублена знерухомела і зірнула яму ў вочы. І тут, толькі зараз, да яе дарэшты дайшло, што гэта не жарты, што зараз, мо праз пару хвілін, здарыцца тое, пра што патаемна марыць кожная дзяўчына з незапомных часоў. Але чаму ж так страшна? Чаму ж так стала няёмка, калі ўсе праз гэта праходзяць? Не, ужо лепей яно здарыцца зараз, у дваццаць гадоў, а не пазней, — з каханым, вельмі ёй каханым чалавекам…
І ён, нібы апярэджваючы Свеціны палахлівыя думкі, абхапіў яе за талію і моцна не прыцягнуў — кінуў на сябе так, што яна ўстала на дыбачкі. Прыпаў да ейных вуснаў сваімі. Ён туліў яе з такой сілай, што Свеціны грудзі расплыліся па яго мускулістых грудзях, дзявочы жывот адчуваў на сабе кубікі яго прэса…
— Я кахаю цябе. — Каб сказаць гэтыя словы, ён на міг адарваўся ад яе вуснаў. — Любая… — І прынік, горача прынік зноўку.
Гэтая гарачыня праз шыю, грудзі, жывот папаўзла ўніз па Свеціным целе. І тут яна адчула, што Сяргеевы рукі, якія раней былі на яе таліі, ужо гладзяць клубы, прычым арудуюць не па халаце, а пад ім, па саменькім целе. Ай! — яго далоні апынуліся на яе ягадзіцах і ўжо нават не гладзяць, а мнуць, акунаюцца ў іхнюю мякаць. Ад гэтых настойлівых грубых рухаў было б, напэўна, балюча, каб не сталася так прыемна. Ад іх Свеціна плоць нібы ператваралася ў кісель, вочы зацягнула туманам. Яна нават не бачыла твару каханага, які безупынку яе цалаваў…
Раптам, калі гарачыня ў нізе цела дасягнула небывалае моцы, Сяргей з нечаканай лёгкасцю — а Света была зусім не худасочная і амаль аднаго з ім росту — адарваў яе ад падлогі і ўскінуў на плячо. Яго цупкая рука абручом сышлася на яе клубах, як бы спутаўшы. “Божа, няўжо гэта ўсё?” — страпянулася штосьці ў дзявочай душы, і Света адчайна тарганулася ў Сяргеевых руках, узняла корпус пад самую столь. І адразу, быццам зразумеўшы марнасць супраціўлення, бяссільна апусцілася на яго спіну. Яна нагадвала цяпер касманаўта, што ўжо адарваўся ад зямлі, і ўсякае супраціўленне палёту можа прывесці толькі да катастрофы. Скораная закону ўсёмагутнай прыроды, ляжала Света на Сяргеевым плячы жыватом. Ён нёс, рашуча нёс яе да тахты… Нельга было ні ўскрыкнуць, ні слова вымавіць. Усё мусіла адбывацца моўчкі і як мага ціха.
На тахту ён яе не апусціў, не паклаў, а скінуў у нейкім неўтаймоўным шале. Імкліва наваліўся, падмяў, апёк пацалункамі твар, шыю, грудзі… Света амаль не заўважыла, як ласкавыя і разам з тым настойлівыя, умелыя рукі сцягнулі з яе рэшткі адзення, паспяваючы пры тым прыўзнімаць патрэбныя часткі цела ад тахты, паспявалі і лашчыць і песціць… Валасы яго грудзей казыталі яе саскі, а далоні нястомна шчыравалі над клубамі і ягадзіцамі. Там было страшэнна, нясцерпна горача! А затым гарачыню пранізаў ашаламляльны кароткі боль, і з гэтага мігу яны ўжо сталі адным жыватом, аднымі грудзьмі і аднымі вуснамі… Салодкая млявасць апанавала Свеціна цела, цеплыя хвалі рытмічных штуршкоў гушкалі яе ў акіяне лагоды. Часам яна акуналася ў бяспамяцтва, часам слёзы засцілі ейныя вочы.