Выбрать главу

Адно ўрыўкамі запомніла Света тую ноч. Памятае, як ляжалі яны абняўшыся, як плакала, а ён яе суцяшаў пяшчотнымі і пустымі словамі. Памятае, як хацелася спаць, як забірала ў свае цянёты стома. А Сяргей не адпускаў, прымаўся зноў цалаваць, гладзіць, ціскаць, варочаць і перакульваць яе разамлелае цела. Памятае, як зноў было горача, лагодна, балюча…

Ён пайшоў толькі без пятнаццаці шэсць.

26

Колькі разоў праклінаў Леанід Нілыч гэты Богам забыты раён, дзе па сваёй бязглуздай прыхамаці здымаў кватэру яго сын Сяргей. Гэта не раён — а нейкія катакомбы. Мала таго, што ад цэнтра да яго шураваць і шураваць, дык яшчэ і спланаваны ён так, што сам чорт заблукае.

І зараз, седзячы за абаранкам аўто, раз-пораз чартыхаўся Пугач-старэйшы: кляў мудрагелістае спляценне вуліц, узгорысты рэльеф мікрараёна і невыразна пазначаныя на будынках нумары. Аднаго разу ён заехаў не ў той двор, буксаваў у гурбах, блытаўся ў праездах і арках, а затым ледзь адтуль выдраўся.

Нарэшце ён дапяў патрэбнага дома. Цагляная пяціпавярхоўка недарэчна тулілася на невысокім пагорку, прычым з аднаго боку будыніны вокны першага паверха ледзьве на даставалі зямлі, а з другога знаходзіліся на ўзроўні трох метраў. Гэткая аляпаватая касавурына, а не дом.

Леанід Нілыч нямала пакруціўся ў цесным заснежаным дворыку, перш чым убіў свой легкавік паміж шэрагам сметніц і пацёрханым “жыгулёнкам” няпэўнага колеру. Недаверліва азірнуўся вакол, дбайна запёр дзверы і ўключыў сігналізацыю. Непадалёк, па ўтаптанай дарожцы перад пад’ездамі, чацвёра хлапчукоў заядла гойсалі ў хакей і маглі, у прынцыпе, заляпіць шайбай у шыбу Нілычавай машыны. Аднак іншага месца для паркоўкі ў гэтым убогім двары папросту не было.

Перад адным з чатырох пад’ездаў, нягледзячы на мароз, рагатала кампанія маладзёнаў, і слых славутага мастака міжволі лавіў адборныя мацюкі гэтых малойчыкаў. Зрэшты, там былі і дзяўчаты, якія не нашмат саступалі ў красамоўстве сваім прыяцелям. Пугач гідліва паморшчыўся і скіраваў у суседні пад’езд. Ганак быў неасветлены, высокі і коўзкі, парэнчы адсутнічалі. Абшарпаныя дверы з непрыстойнымі надпісамі рыпнулі перад яго носам, адчыніліся, і знутры вышмыгнула худая постаць няяснага полу, ад якой дало ў ноздры нечыстотамі і алкагольным смярдоццем. Постаць борздзенька збегла ўніз і пашыбавала нацянькі да суседняга дома. Леанід Нілыч з цікаўнасцю паглядзеў ёй услед, але так і не вызначыў яе палавую прыналежнасць. Гэта чамусьці непрыемна падзейнічала на мастака, і па лесвіцы ён узбіраўся хмурны.

Вось і дзверы на пятым паверсе з нумарам дваццаць дзевяць. Вось і званок, які ліпіць на адным шурупе. Усё гэта было добра знаёмае Леаніду Нілычу, хаця за апошнія паўгода толькі аднойчы наведваў ён сынава жытло. Сяргей ніколі не запрашаў сюды бацьку. І сёння не запрашаў…

Нілыч пацягнуўся да званка, намацаў у паўцемрадзі кнопку ўказальным пальцам… і перадумаў. Замест гэтага ён расшпіліў кажух, пашнарыў на поясе і дастаў мабільнік. Уключыў падсветку, набраў нумар. На тым канцы лініі даволі хутка, пасля чацвёртага сігналу, адгукнуліся.

— Ало, слухаю, — пачуў мастак сонны і, як здалося, непрыветлівы голас сына.

— Слухаеш? — бадзёра зыкнуў Пугач-старэйшы. — Добра слухаеш? Ну тады адчыняй — я пад тваімі дзвярыма.

Прайшло не так і мала секунд, перш чым сын упусціў бацьку ў кватэру.

— Здароў, мазгакрут! — ляпнуў Леанід Нілыч Сяргея па плячы, пранікаючы ў пярэднюю.

— Прывітанне… — млява адказаў сын; ён яўна не прымаў бацькавага панібрацкага тону. — Што здарылася?

— А што павінна здарыцца? — усё яшчэ са штучнай весялосцю сказаў Нілыч.

Не чакаючы запрашэння, ён спрытна скінуў кажух і шапку на тумбачку і прайшоў у адзіны пакой гэтай несамавітай кватэры.

Так, кватэра была несамавітая. У чым мастак яшчэ раз пераканаўся, калі акінуў вокам пакой. Не раўнуючы бярлог, а не жытло чалавека. Старыя безгустоўныя шпалеры месцамі паадставалі ад сцен. Асабліва гэта было заўважна пад акном, справа, — там, відаць, некалі нацякала дажджавая вада. Падаконнік меў брудны выгляд, на ім стаяла шклянка-попельніца, каля яе валялася пару акуркаў і, здаецца, адна чорная шкарпэтка. Другая шкарпэтка вісела на спінцы крэсла, што тулілася тут жа, пад акном. Вэрхал быў і на пісьмовым стале, злева ад акна. Тут, канешне ж, даўно нічога не пісалі, затое грувасцілася вельмі дарагая на выгляд магнітола з акустычнымі калонкамі. Прычым калонкі стаялі адна на адной, ды так, што верхняя рыхтавалася ўпасці. Каля магнітолы ляжалі навушнікі, мікрафон, касеты, нейкія кнігі, што збольшага выкарыстоўваліся як падстаўкі-падпоркі для мікрафона і яшчэ сякіх-такіх невядомых мастаку прычындалаў. Тут жа стаяў кубак, цукарніца, валялася пару чайных лыжачак і сцізорык. На тахце, што стаяла справа ад акна, пасцель была амаль не прыбрана: частка прасціны вылузвалася з-пад неахайна пасланага паверх яе пакрывала і падмятала сабой падлогу; падушка з нясвежай навалачкай ляжала на пакрывале; збітая ў камяк вярблюджая коўдра была адсунута да сцяны. Відаць па ўсім, сын самазабыўна дрых на гэтай тахце, калі пазваніў бацька. А было, між іншым, толькі восем гадзін вечара і для сну ранавата.