Выбрать главу

Але галоўнае, што найперш кінулася ў вочы Леаніду Нілычу, — гэта вялізная баксёрская груша, якая звісала са столі, трымаючыся на круку, прызначаным для люстры. Люстры ж не было наогул, і пакой асвятляўся хітрамудрай сістэмай лямпачак у шкляных каўпачках, размешчаных на стыку столі і сцен, па перыметры. Такога раней не было. Лямпачак Нілыч налічыў восем, аднак гарэла толькі чатыры — праз адну. Узгаданая баксёрская груша была яўна не новая, разбітая, там-сям нават прапоратая, ці што.

— Дык што ў цябе за пажар? — перарваў сын бацькавы разглядванні і дзіваванні. — Што за дурнота — званіць не ў дзверы, а па тэлефоне. Дый увогуле, можна б было папярэдзіць…

— Папярэдзіць, кажаш? — рэзка, з суровым тварам павярнуўся да яго Леанід Нілыч. — А можа, мне яшчэ прашэнне аб аудыенцыі табе напісаць ды заказным лістом адправіць?

— Пры чым тут прашэнне, — паморшчыўся сын. — А раптам бы мяне дома не было? Дарэмна б бензін паліў…

— А цябе заўсёды дома не бывае, калі бацька звоніць. Можа, ты толькі выбраных прапускаеш… чорт цябе ведае.

— Калі я цябе не пускаў?! — Сяргей дастаў з кішэні пачак “Космасу”, выцягнуў зубамі цыгарэту, пстрыкнуў запальніцай.

Бацька схапіў яго за руку.

— Ты можаш хоць пяць хвілін гэтую брыду не смаліць?

— А што такое?

— Ведаеш жа, што не выношу я тытунёвага дыму. Няўжо нельга без гэтага пацярпець? Нябось не кожны дзень я ў цябе бываю.

— Ды што ты, у рэшце рэшт, хочаш! — абурана ўсклікнуў сын, аднак кінуў цыгарэту на стол. — Уварваўся як смерч, разбудзіў ды яшчэ тузае па пусцяковінах. Я, можа быць, стаміўся і спаць хачу…

— Спаць ён хоча! Вось якраз пра гэты твой сон бясконцы я і прыйшоў гаварыць. То ты набярыся цярпення, паслухай.

— Э-э-э, бацька, — скрывіўся і неяк безнадзейна махнуў рукой Сяргей. — Ды чуў я ўжо твае павучанні, чуў ужо досыць. — Ён накіраваўся да канапы і залез на яе з нагамі. — Калі па справе якой прыйшоў — гавары. А на гнілую тваю філасофію ў мяне няма часу…

— А на спаннё ў сем гадзін вечара ў цябе часу стае?! — гаркнуў гарачы Леанід Нілыч і падскочыў да сына. — На гэтае бяздзейнае валянне ў агідным сваім катуху ты час знаходзіш?! Слухай, сын, — тут ён гэтак жа раптоўна панізіў тон і быццам паспакайнеў, — ты ўвогуле разумееш, што з табой адбываецца? Ты хоць трохі ўяўляеш сабе, да чаго можа прывесці твая жыццёвая пазіцыя, ці не ўяўляеш?

Сын з нудой паглядзеў на бацьку знізу ўверх, перасунуўся да самай сцяны і падкурчыў ногі. А затым, дзёрзка зіхатнуўшы вачыма, кінуў:

— А я проста жыву.

— Як проста жывеш?.. — на міг сумеўся Нілыч.

— А так — проста жыву, — пацвердзіў сын і дадаў: — Проста жыву і не дазволю, каб мне заміналі ў гэтым працэсе. Не жадаю, каб мяне павучалі і настаўлялі, як жыць. Не жадаю выслухоўваць тваіх ушчуванняў, маралізаванняў — я іх да млосці наеўся. А таму, калі гэта ўсё, з чым ты да мяне прыйшоў, то я паступаю вось гэтак. — Тут Сяргей схапіў коўдру, дзелавіта яе расправіў, а тады прыняў гарызантальнае становішча, накрыўся і павярнуўся тварам да сцяны: ён дэманстратыўна лёг спаць.

Нілыч агаломшана назіраў за яго дзеяннямі. Толькі не раней як праз хвіліну прамовіў:

— Добра, сын. Дзякуй табе за ветлы прыём, за павагу да бацькі. Дзякуй. Я, канешне, пайду і не буду трывожыць тваю шаноўную асобу, не буду замінаць спачываць — ты слаўна сёння папрацаваў, а таму спі…

— Вось толькі не трэба іроніі, — буркнуў сын праз падушку.

— Добра, адкінем іронію, і, калі ўжо я патраціў час на дарогу, то на развітанне скажу табе пару слоў… — Нілычаў твар за апошнюю хвіліну стаў нездарова-барвовага колеру: мастак даўно пакутаваў на паўнакроўе і павышаны крывяны ціск.

— Дарэмна стараешся — я слухаць не буду. — Сын нацягнуў коўдру на самую макаўку. Ад таго агаліліся яго ступні ў драных шкарпэтках.

— Не слухай, калі ты такое свінчо. Але калі ў табе засталося хоць крыху чалавечага, то нешта з маіх слоў усё ж дойдзе да твайго розуму. Прынамсі, я на тое спадзяюся.