Выбрать главу

— “Гродна”.

— Давай перакурым.

— Я, увогуле, у буфет збіралася. Хадзем, са мной пасядзіш.

— Угаварыла.

Адносіны Сяргея Пугача з Людкай Дробаш былі неадназначнымі хаця б таму, што гады тры назад яны перажылі бурны і кароткі раман. Каханне доўжылася які месяц, потым адбылася невялікая размоўка — з тых, што звычайна вядуць да прымірэння. Але прымірэння не адбылося, таму што Людка, нечакана нават для сябе, праз два тыдні выскачыла замуж за нейкага журналіста. І, як бывае ў абсалютнай большасці падобных выпадкаў, стаўся гэты шлюб няўдалым. Журналіст, што літаральна зачараваў Людку красамоўствам і густымі чорнымі вусамі, насамрэч аказаўся чалавекам даволі пустым і нікчэмным: ныцікам, фантазёрам ды яшчэ і п’яніцам. Ён кінуў яе праз паўгода, з’ехаўшы ў іншы горад, — кінуў на трэцім месяцы цяжарнасці, а таксама з даўгамі за кватэру, якую яны здымалі. І мусіла бедная Дробаш вяртацца ў свой камунальны пакойчык. Блізкіх родзічаў у яе не было і таму, як ні балела душа, давялося ёй паспяшацца з абортам. Вось такая гісторыя.

Людку, што раней была вяртухай і рагатухай, з год было не пазнаць. Яна пацямнела з твару, зблажэла целам, замкнулася, і Пугачу, які ведаў толькі пра няўдалы шлюб, адно заставалася здагадвацца, якія буры бушуюць у душы яго колішняй каханкі. Толькі яе ігра на сцэне — гэта таксама кідалася ў вочы — стала куды больш глыбокай і драматычнай. Неўзабаве Дробаш пачалі даваць небывала значныя ролі, яе імя зачасціла на старонках культурніцкіх газет, а праз некаторы час яна патрапіла ў расейскі тэлесерыял і прагрымела на ўсім постсавецкім абсягу.

Цяпер Дробаш мела трохпакаёўку ў цэнтры, аўтамабіль “Таёта”, і Аркадзь Бабаеўскі ўсур’ёз непакоіўся, што яна пакіне тэатр “Кіцеж” з яго смяхотлівымі, капеечнымі зарплатамі. Але Людка была (а мо за апошнія тры гады стала) разумнай жанчынай і ведала, што жыццё — гэта страшэнна зменлівая і непрадказальная штука, што няблага, пакуль там лунае ў небе яе журавель, мець у руках і сініцу — у выглядзе іхняга скромнага, аднак паважанага тэатра, сваёй невялікай, але пастаяннай зарплаты, свайго сварлівага і зайздрослівага, але звыклага калектыву.

Рана, нанесеная Людцы законным мужам (з якім яна і па сёння афіцыйна не развялася), дарэшты не загаілася. З тае пары яна ўзненавідзела мужыкоў, лічыла іх нізкімі, юрлівымі, карыслівымі істотамі і толькі Пугачу, перад якім як бы адчувала сваю віну, яна давярала. Сяргей, у сваю чаргу, па-чалавечы спачуваў Людчынай жаночай нядолі і шчыра захапляўся яе акцёрскім талентам. Словам, на момант, з якога пачынаецца гэты аповед, паміж імі ўстанавіліся цёплыя, сяброўскія, беззаганныя адносіны.

У напаўпустым буфеце яны селі за кутні столік, папярэдне ўзяўшы сёе-тое за стойкай. Дакладней, узяла паесці Людка, а Сяргей абмежаваўся бутэлькай “Кока-колы”.

— Ты б таксама чагосьці перакусіў, — кіўнула актрыса на свой поўны паднос.

— Не хачу. Бабай ужо накарміў — кусок у горла не лезе.

— Дык да чаго ён прычапіўся?

— А ліха яго ведае, — зморшчыўся Пугач, — не з той нагі ўстаў, мусіць. Ён, бач ты, хоча, каб я быў гэткім бязмоўным ёлупам — “падай-прынясі”. І не дацямяць яго глузды атлусцелыя, што нават слуга, лёкай на сцэне іграць павінен.

— Табе б, Серж, да іншага рэжысёра перайсці.

— Ды спрабаваў, Людок, хіба не ведаеш! Яны ж усе пад бабаеўскую дудку скачуць. Тут кожная сабака ведае, што я ў яго ў апале. А каму трэба заядацца з галоўным!

— Ты перабольшваеш яго магчымасці. — Людка адсунула пустую талерку і прынялася за новую. — Вунь Фурсаў — чалавек зусім самастойны…

— Вой не смяшы! — ажно папярхнуўся Сяргей “Кока-колай” і ўзмахнуў левай рукою. — Славік Фурсаў? Ды першы падпявала Бабаеўскага, яшчэ і баязлівец якіх пашукаць.

— Ды ну? — здзівілася Дробаш. — Дзяўчаты яго хвалілі…

— Не ведаю, за што там яны яго хвалілі, — фыркнуў Сяргей, — а толькі гэты “самастойны” чалавек прамым тэкстам заявіў, што ён надта даражыць сваім месцам, каб з такімі, як я, звязвацца. Ледзь стрымаўся, каб яму па мордзе не з’ездзіць! — Ён сціснуў жылісты кулак на стале.

— Таму што не ўмееш ты з людзьмі дамаўляцца. Адразу на ражон прэш.

— Канешне! — ускрыкнуў Пугач, і на іх абярнулася некалькі чалавек за суседнімі столікамі. — Канешне, — панізіў ён голас і нахіліўся да суразмоўніцы, — не ўмею я дамаўляцца, не ўмею запабягаць, не ўмею ў лазню звадзіць, напаіць ды ўлагодзіць карыснага чалавека, не магу ў пасцель легчы з кім трэба. Гэтага я не ўмею. І, чуеш ты, — ён ізноў узвысіў голас, — не-ха-чу! Але яны яшчэ пра мяне пачуюць. Смяецца той, хто смяецца апошні, Людок. — Астатнюю фразу Сяргей прамовіў з помслівай шматзначнасцю.