Выбрать главу

Сяргей не адказваў.

— Дык вось. Мне надакучыла цярпець твае выхадкі і штукарствы, мне надакучыла бяздзейна назіраць, як мой адзіны сын заганяе сябе ў духоўную немарач і гіне на маіх вачах. Гіне як чалавек. Мне невыносна глядзець, як ён удае з сябе супермэна, як ён плюе і чхае на людскія законы, як ён жыве ў паганым смуродным катуху, замест таго каб жыць сярод людзей, у нармальнай кватэры. Усё гэта мне надакучыла.

Леанід Нілыч дастаў насоўку і абцёр узмакрэлы лоб. У пакоі было гарачае застаялае паветра.

— Ты ў дваццаць дзевяць гадоў не стварыў сям’ю і нават патуг тваіх не відаць у гэтым кірунку. Хіба гэта нармальна для здаровага мужыка? Хіба я цябе нарадзіў вырадкам, і ад цябе дзяўчаты шарахаюцца? Разбярыся з сабой, сынок, — голас бацькі крыху памякчэў, — разбярыся. Не бегай ад людзей, гэта шлях у нішто. Прымі свет такім, якім ён ёсць, і табе палягчэе. Бог памагае толькі добраму сэрцу, ад ліхіх адварочваецца. Вось ты зараз нацягнуў коўдру на вушы, затуліў твар падушкай і думаеш, што адварочваешся ад мяне. А насамрэч захінуўся ад усяго свету. Гэта не вырашэнне праблемы, сынок. Ад свету не адвернешся. Больш за тое, ён не перайначыцца па тваім хаценні, а будзе такім, як заўжды: суровым і ласкавым, праўдзівым і хлуслівым — усякім… Ніхто не захопіцца тваім, хай і неблагім, талентам, калі ў сэрцы тваім няма любасці, а наадварот, паўстане супраць цябе. Палюбі людзей, сынку! А іначай… — голас мастака зноў павышэў, — іначай і насамрэч праляжыш усё жыццё тварам да сцяны, а да жыцця задніцай: нераскрыты, непрыняты, забыты ўсімі, нікчэмны…

— Замаўчы! — знячэўку ўскрыкнуў Сяргей і рыўком сеў на тахце; бледная грымаса злосці на яго твары не пакідала сумневу ў тым, што ён пільна прыслухоўваўся да бацькавых слоў, што яны яго балюча паранілі. — Замаўчы!! — ускрыкнуў ён другі раз, задыхаючыся ад гневу.

Бацька асекся і з грэблівым шкадаваннем глядзеў на сына.

— Не хачу… Не жадаю выслухоўваць твае подлыя папрокі… Ды ты сам… ты сам усяго толькі ханжа, які прымае мярзотныя законы гэтага грамадства, адно каб не быць затаптаным гэтым быдлам, гэтым табуном раз’ятраных коней… Ты проста халуй у багацеяў, якім заманулася абстаўляць свае кватэры прыгожай мазнёй, якія прагнуць увекавечыць на партрэтах свае драпежныя твары!..

— Што ты вярзеш, дурань! — узяўся за галаву мастак; цяпер у яго быў чырвоным не толькі твар, але і бялкі вачэй.

— Ага! — зларадасна ўскрыкнуў сын. — Не падабаецца?! Праўда вушы пячэ?! Ды ва ўсіх вакол, і ў цябе таксама, мяшок грахоў за плячыма. Такіх грахоў, у якіх нават самому сабе брыдка прызнацца. І таму хаваеце вы іх за гладзенькімі крывадушнымі штампамі: любоў, сям’я, доўг, чалавечнасць… Цьфу! А самі толькі і пільнуеце, каб свой куш ухапіць, каб ашукаць адно аднаго, жыўцом з’есці. Ненавіджу вашу мараль! Ды для мяне злодзей у законе тысячакроць сімпатычнейшы, бо ён жыве па жадунках сваёй жывёльнай прыроды! Ён хаця б не ханжа!

— Ідыёт! — усклікнуў Нілыч. — О, Госпадзе, мой сын ідыёт!

— Ды любы ідыёт лепшы за цябе, такога паважанага, добрапрыстойнага і правільнага. Бо ў яго душа чыстая, дзіцячая, ён ніколі не крывадушнічае! А ты… нябось не адзін шкілет у шафе трымаеш, ханжа!

Тут ужо мастак не саўладаў з сабой, падаўся наперад, ухапіў сына загрудкі, рвануў на сябе.

— Замаўчы! — Ён рэзка збляднеў, дыхаў са свістам і не мог больш вымавіць нічога ўцямнага; адно круціў кашулю на сынавых грудзях.

Сяргей паспрабаваў выслабаніцца, але не справіўся з моцнымі мастаковымі пальцамі — тыя нібы прыраслі да кашулі. Бацькаў твар быў страхотлівы ў гневе.

І тады сын з нейкай нахабнай смеласцю зірнуў яму ў вочы і сказаў:

— Што, бацька, сапраўды ёсць у цябе грашок, калі так раз’юшыўся?

Пачуўшы гэта, Нілыч нечакана абмяк, аслабіў захоп, але Сяргей ужо не вырываўся, а працягваў глядзець яму ў вочы. У бязмоўнасці яны прастаялі з хвіліну.

Пагляд бацькі быў збянтэжаны, безуважны і як бы павернуты назад — у сваю існасць. Нарэшце ён адпусціў сына, адступіў на пару крокаў і апалым, не сваім голасам сказаў:

— Так, я грэшны… Я шмат у чым перад табой грэшны… Ды толькі адно памятай, Сяргей: пакуль я жыву, пакуль трымаюць гэтыя рукі пэндзаль, — ён падняў свае спрацаваныя кісці да ўзроўню твару, — я ўсё для цябе зраблю. Таму што нас на зямлі толькі двое… — Нілыч уздыхнуў. — Аднак памятай, сын, і тое, што мне ўжо за пяцьдзесят. Я магу пражыць яшчэ столькі, а магу і памерці ў любую секунду. І ўсё гэта будзе выглядаць на натуральную смерць. З гэтага ўзросту, сынок, прырода ўжо за мяне не адказвае. Так што, я цябе проста прашу, калі ёсць у цябе якія праблемы (а яны відавочна ёсць), давай іх вырашаць зараз, пакуль я ў сіле.