Сяргей не адказаў і сядзеў, схіліўшы твар долу. Многа б цяпер даў бацька за ягоны адказ…
— Ну, да пабачэння, сын. І даруй, калі што не так… — Леанід Нілыч паклаў далонь Сяргею на галаву; той працягваў сядзець панурыўшыся і маўчаў.
І толькі, калі Нілыч ужо перасякаў парог пакоя, ледзь чутна, з хрыпоцінкай у голасе кінуў:
— Да пабачэння.
Душэўны стан Леаніда Нілыча пасля гэтай сустрэчы быў такі паганы, што ён дабраўся дадому на аўтамаце. А затым, ведаючы, што не зможа заснуць, прыняўся маляваць новую карціну і праваждаўся з ёй да світання. Там былі горы з заляселымі схіламі і аснежанымі вяршынямі, аб падножжа якіх біліся ўспененыя хвалі; нізкае вечаровае сонца пагасала на горных вяршынях. Людзей, звяроў і птушак там не было…
27
Учора, а палове дзесятай вечара, калі Таццяна Зарэмба была дома адна, раздаўся тэлефонны званок. Незнаёмы голас паведаміў, што для яе маецца ліст да запатрабавання на адной з поштаў (назваў нумар), і што заўтра яна можа яго атрымаць. Як толькі Таццяна паспрабавала дамагчыся тлумачэнняў, незнаёмец павесіў трубку.
Першае, што прыйшло тады ў галаву, гэта тое, што ліст не можа ўтрымліваць адмоўную інфармацыю. Паведамленні пра трагедыі, раптоўныя сконы родзічаў і іншыя непрыемнасці, як правіла, даводзяцца праз тэлеграмы, у крайнім выпадку — праз заказныя лісты. Усё гэта прыносіцца паштальёнамі дамоў, пад распіску атрымальніка.
Не, тут, дзякуй Богу, нешта іншае. Прычым, найхутчэй, прыемнае. Што ж, Зарэмба любіла такія сюрпрызы. Праўда, ёй досыць часта даводзілася атрымоўваць розныя запіскі, цыдулкі, ананімныя лісты з прызнаннямі ў каханні, са страснымі просьбамі аб спатканнях, з абяцаннямі залатых гор і падобнымі мужчынскімі глупствамі. Нельга сказаць, што Зарэмба заўсёды адмаўляла сваім паклоннікам. Нават за апошні год, ужо сужыцелькай Бабаеўскага, яна двойчы адгукалася на пасланні, падкінутыя ёй у грымёрку немаведама кім. І адна з сустрэч закончылася даволі весела, у гасцінічным нумары “Ітурыста”. Але цяпер ёй было не да забаў: Зарэмба дужа перажывала ад зрыву здымак у серыяле, які абяцаў ёй і славу і грошы. Здымак хутчэй за ўсё не будзе наогул, а гэта ніяк не ўваходзіла ў Таніны планы.
Так, ёй зараз не да любоўных прыгодаў, і яна б не пайшла сёння ў тое аддзяленне сувязі па ўзгаданы ліст, каб не меркавала атрымаць нешта сур’ёзнейшае: усё ж любоўныя запіскі рэдка высылаюцца да запатрабавання.
Адбыўшы ранішнюю рэпетыцыю, дзе яна пару разоў накрычала на няшчаснага Аркадзя Рыгоравіча, Зарэмба хуценька выслізнула з тэатра, узяла таксі і праз дзесяць хвілін была ля патрэбнага паштовага аддзялення.
Бляклая сухая паштарка — відаць па ўсім, старая дзева — па-будзённаму выкінула ёй ліст праз акенца выдачы, папярэдне папрасіўшы распісацца. Ужо пры першым позірку на канверт Таццяну ахапіла расчараванне: канверт быў па Беларусі, больш за тое — стаяў мінскі зваротны адрас. Пісаў нехта А.Б.Шарповіч. А чаго можна чакаць ад прыватнага паслання Шарповіча, як не чарговых прызнанняў у захапленні яе пекнатой? Астабрыдла!
Таццяна, аднак, падышла да свабоднага століка, прысела і, паморшчыўшыся, разарвала канверт: пасланне было аддрукавана на якаснай ружаватай паперы. Вось што яна прачытала.
“Паважаная Таццяна Яўгенаўна!
Адразу прашу ў Вас прабачэння, што патрывожыў гэтым лістом, што так фамільярна да Вас звяртаюся. Не верце зваротнаму адрасу і можаце адразу выкінуць гэты канверт. Адрас нічога не значыць. Таксама прашу Вас, у нашых агульных інтарэсах, знішчыць і сам тэкст, а запомніць толькі ніжэйнапісанае.
Я з’яўляюся супрацоўнікам адной (не буду пакуль называць) сур’ёзнай амерыканскай кінакампаніі, якая мае намер праз месяц распачаць здымкі шырокафарматнага двухсерыйнага кінафільма. Фільм будзе здымацца на расійскім матэрыяле, на расійскі сюжэт сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя, у Санкт-Пецярбургу.
Аднак у нас узнікла наступная праблема. У апошні момант галоўны рэжысёр (а гэта найвядомейшае імя Галівуда) прыйшоў да высновы, што не зможа задзейнічаць у адной з галоўных роляў амерыканскую актрысу, як тое раней меркавалася. Ён лічыць, што тут павінна дзейнічаць мясцовая актрыса, з тыповай славянскай знешнасцю. Прызнаюся, што на гэтай глебе надарыўся канфлікт паміж галоўным рэжысёрам і першым прадзюсэрам, і паўстала пагроза зрыву здымак. Прыйдзецца плаціць няўстойкі, а гэта мільёны долараў.
Адным словам, кампанія даручыла мне заняцца пошукам прыдатнай актрысы на гэтую ролю, таму што я грамадзянін Расійскай Федэрацыі і, зразумела, лягчэй за іншых магу зарыентавацца ў нашым культурніцкім асяроддзі. Скажу шчыра, ужо за тыдзень я знайшоў у Санкт-Пецярбургу аж тры кандыдатуры на гэтую ролю. Я нават адаслаў па Інтэрнэце фотаздымкі актрыс галоўнаму рэжысёру, і ён, у прынцыпе, іх адобрыў як кандыдатак на кінапробы. Але, ужо пасля гэтага, знаходзячыся па службовай справе, звязанай таксама з будучымі здымкамі памянёнага фільма, я аказаўся ў Мінску. Чыста выпадкова сябры запрасілі мяне ў Ваш тэатр, на спектакль, дзе Вы граеце галоўную ролю.