Выбрать главу

Шаноўная Таццяна Яўгенаўна, не стану гаварыць Вам банальных кампліментаў (накшталт таго, як я быў зачараваны Вашай ігрой і падобнае). Скажу па-дзелавому і коратка: я зразумеў, што на вышэйзгаданую ролю нашага фільма патрэбная якраз такая актрыса — з Вашым страсным позіркам, з Вашай выразнай мімікай і жэстамі, з Вашымі жаноцкімі, па-славянску пышнымі формамі. Даруйце, калі дапусціў некаторую вольнасць у апошнім сказе, але па-іншаму не мог перадаць свае ўражанні ад… Ну ды ладна.

Цяпер пра галоўнае. Ужо праз дзень я завалодаў двума дзесяткамі Вашых каляровых фотаздымкаў (думаю, Вы мне даруеце гэтае самавольства), адсканіраваў іх і выслаў па Інтэрнэце галоўнаму рэжысёру. Ён адказаў не марудзячы, прычым ягоныя меркаванні цалкам супалі з маімі: знешне Вы ідэальна прыдатныя на гэтую ролю. Праўда, галоўнаму неабходна пабачыць Вас у справе, правесці сякія-такія кінапробы. Думаю, Вы разумееце, што без гэтага немагчыма. Аднак магу запэўніць, што шанцаў у Вас непараўнальна больш, чым у астатніх дзвюх кандыдатак (адну актрысу галоўны, калі атрымаў Вашы фотаздымкі, адразу ж выкрасліў). Такім чынам, у Вас ёсць рэальная магчымасць зняцца ў аднаго з найбуйнейшых сусветных майстроў, у фільме, які абяцае стаць звышкасавым. А гэта мільёны долараў, шаноўная Таццяна Яўгенаўна.

Але ж пяройдзем да канкрэтыкі. Кінапробы намечана правесці роўна праз два тыдні, у Санкт-Пецярбургу. І калі Вы пагодзіцеся ўзяць у іх удзел, то сардэчна прашу Вас быць сёння роўна а палове восьмай вечара каля цырка, а іменна ля крайняй правай афішнай тумбы. Я да Вас сам падыду, і мы скіруем у рэстаранчык, дзе ў асобнай кабіне ціхамірна абмяркуем дэталі.

Вы можаце спытацца, хто я, і як вы мяне пазнаеце. Не трывожцеся, шаноўная Таццяна Яўгенаўна. Мой скромны твар, мяркую, добра знаёмы Вам па штотыднёвай перадачы аднаго з галоўных расійскіх тэлеканалаў. Я там вядоўца.

Што ж, да сустрэчы, Таццяна Яўгенаўна? Спадзяюся, усё ў нас атрымаецца.

І апошняе. Думаю, не трэба казаць, што наша спатканне павінна застацца таемным. Не варта заўчасна, пакуль не падпісаны кантракт, даваць розгалас у газетах і спараджаць кулуарныя плёткі. Да таго ж, здымкі будуць працягвацца да лета, і Вы ажно тры месяцы не зможаце прымаць удзел у рабоце Вашага тэатра. Мяркую, гэта не вельмі спадабаецца яго дырэктару. А там — хто ведае — можа, будзе новы кантракт, новы фільм?..

З нецярпеннем чакаю сустрэчы.

Даруйце, што не падпісваю свайго прозвішча”.

У складаных пачуццях выходзіла Таццяна з паштовага аддзялення. Гэта было хваравітае спалучэнне радаснага экстазу і напружанай падазронасці. “Не можа такога быць, — гаварыла сабе Таццяна, — гэта занадта добра, каб быць праўдаю”.

З апушчанай галавой, з лістом у руках, пабрыла Зарэмба па тратуары. Але ж чаму — не можа? Чаму гэта не павінна быць праўдай? Хіба не заслугоўвае ўрэшце яна, Таццяна, усіх тых добрых слоў, таго захаплення, што выказваў у сваім пасланні незнаёмы прадзюсэр? Не, Зарэмба з дзяцінства ведае, што гэта так, што яна народжана для лепшае долі, чымся гнісці ў агорклым Мінску, у гэтым задрыпаным драмтэатры. Можа, гэта прабіў яе час? Можа, дайшла яна нарэшце да той доўгачаканай лёсапераваротнай кропкі? Заслужанай, заўважце, заслужанай кропкі!

Таццяна завітала ў кавярню, што тулілася ў вуглавым доме, прайшла да кутняга століка, заказала кубачак кавы. Так, трэба пасядзець і спакойна абмазгаваць тое, што адбылося. Лёгка сказаць: спакойна! Ці да спакою тут, калі з незапомных часоў марыла Зарэмба стаць зоркаю. Няважна якой — актрысай, спявачкай, тэлевядоўцаю…

Не вельмі якасная, але гарачая і досыць моцная кава яшчэ больш узрушыла яе нервовую сістэму. Ну ладна, думала Таццяна, хай усё высветліцца толькі сённяшнім вечарам. Але чаму не пажыць гэтым імгненнем радасці, навошта атручваць сабе душу падазрэннямі, недаверам? У яе і так было мала ўсцешнага ў жыцці, недаравальна мала ў параўнанні з тым, што яна заслугоўвае сваёй пекнатой, здольнасцямі. Лёс заўсёды быў да яе скупаваты, і чаму б не ўявіць, што менавіта зараз выпраўляецца гэтая несправядлівасць? Так, цяпер усё стане на свае месцы! Да ліха тэатр, да ліха Бабаеўскага! Зарэмба і без таго запланавала сужыцельстваваць з ім не болей за пяць гадоў. Ды за гэтыя пяць гадоў меркавала выціснуць яго як анучку: займець вядучыя ролі, стварыць імя, зняцца ў некалькіх расейскіх фільмах. Ха, расейскіх! Ды яны папросту пігмеі побач з сапраўдным, амерыканскім кіно, зняўшыся ў якім, ёй не тое што Мінск — Масква будзе нягегліцай! Дзякуючы расейскай прэсе, гэтым гарлапанам і снобам, яна, Зарэмба, ледзь толькі пачаўшы здымацца ў Піцеры з амерыканцамі, праславіцца на ўсю постсавецкую прастору. Яе будуць малітоўна дамагацца лепшыя тэатры Масквы… Але Масква — толькі бляклы цень Галівуда… Галівуд! Адно гэтае слова прымушала яе трымцець з маленсва ад захаплення і зайздрасці. Аднак ужо тады, калі праглядала ў сваім паршывым правінцыйным кінатэатрыку кінастужкі з Манро, ведала Зарэмба, што яна зробіць усё магчымае і немагчымае, каб заняць месца гэтай пышнацелай бландзінкі… І цяпер гэты час набліжаецца.