Апанаваная такімі лагоднымі мроямі, Зарэмба нават і не заўважыла, што выйшла з кавярні і брыдзе ўздоўж вуліцы. Прычым рушыць у накірунку, адваротным патрэбнаму. Таццяна ўзмахнула рукой, і першы ж легкавік спыніўся ля яе ног.
— У цэнтр, — развальваючыся на заднім сядзенні, пагардліва сыкнула яна пажылому вадзіцелю.
І ўсё ж рэшткі дня, да прызначанага часу спаткання, Зарэмба правяла ў трывозе. Салодкія летуценні пра хуткія і шчаслівыя змены ў ейным жыцці раз-пораз перарываліся сумненнямі, няўпэўненасцю, чорнымі падазрэннямі. Падчас здавалася, што розум не вытрымае гэтае барацьбы. А калі распраналася ў тэатральным гардэробе, заўважыла Таццяна, як няздорава блішчаць яе вочы, як брыдка расчырванеўся твар. Яна нават прашмыгнула перад абедам у грымёрку і забяліла тую празмерную чырвань.
Абедала яна, па завядзёнцы, разам з Бабаеўскім у рэстаране непадалёку. Каб скрыць надзвычайнае хваляванне, каб чым-небудзь не выдаць сваіх запаветных думанняў, Зарэмба была з ім, як ніколі, гаваркая і ветлівая. Хваліла новую пастаноўку, за кампанію бэсціла нялюбага дырэктару Пугача, строіла сумесныя планы на лета: куды яны паедуць адпачываць. І толькі нервовы — да месца і не да месца — смяшок, які зачаста вылятаў з ейных вуснаў, гаварыў пра небывалае душэўнае ўзрушэнне. Аркадзь Рыгоравіч нават пацікавіўся, чаму яна такая вясёлая.
Што ж, ён неўзабаве пра гэта даведаецца!
…А палове шостай Таццяна сказала, што ў яе баліць галава, і таму яна паедзе дадому. Гэта не выглядала падазроным, паколькі яна рэдка заставалася глядзець спектаклі, у якіх не прымала ўдзелу. Аркадзь Рыгоравіч, які ў гэты момант лаяўся па тэлефоне з адміністратарам, адно адабральна кіўнуў.
Дзве гадзіны Зарэмба прабавілася непадалёку ад цырка. Яшчэ за паўгадзіны да спаткання з незнаёмцам яна згледзела агавораную ім афішную тумбу. Гэта было сапраўды гожае месца для сустрэч, бо знаходзілася ўбаку ад цыркавога ганка, убаку ад шляхоў, па якім падыходзяць гледачы. А ў палове восьмай, праз паўгадзіны ад пачатку вечаровага відовішча, тут наогул павінна быць пуста. Да слова, свой мабільнік яна абачліва адключыла.
І вось, роўна ў прызначаны час Таццяна заняла сваё месца ля тумбы — тут было не да дзявочых крыўлянняў, калі наўмысна спазняешся на спатканні з мужчынамі, каб набіць сабе кошт. Паўз яе шмыгалі тралейбусы, аўтобусы і легкавікі, крочылі нешматлікія пешаходы. Якраз насупраць, праз праспект Скарыны, знаходзіўся прыпынак грамадскага транспарту. Зарэмба міжволі накіроўвала туды позірк. Што за глупства! Не на тралейбусе ж будзе дабірацца супрадзюсэр амерыканскага фільма. Але ж на чым? Таццяна адышлася на пару крокаў ад тумбы і зірнула па баках: і злева і справа набліжаліся сякія-такія людзі. Але яны былі нейкія несамавітыя, пераважна звычайныя абывацелі — парамі, тройкамі, з дзецьмі…
Наручны гадзіннік няўмольна паказваў сорак хвілін на восьмую, сорак пяць… пяцьдзесят… роўна восем… І з гэткай жа няўмольнасцю станавілася для Таццяны відавочна, што не толькі ніякі прадзюсэр да яе не падыдзе, а яшчэ і насміхаецца з яе, рагоча, згінаючыся напалам, нейкі нядобразычлівец, які ўсё гэта наладзіў. Стаіць ён, магчыма, вунь за тым кіёскам, глядзіць на яе, недарэку, і пацяшаецца. А назаўтра папаўзуць па тэатральных закутках плёткі-перасмешачкі…
Лютая, чалавеканенавісніцкая злосць апанавала Зарэмбу. Закарцела кінуцца на праклятую тумбу, здзерці з яе афішу, з асалодай парваць на шматкі. А затым аблаяць прахожых асламі і сволачамі. Але нельга было паказваць выгляду, нельга было даваць пажыву вераломнаму назіральніку. Яна засунула рукі ў кішэні паліто і сцяла кулакі так, што доўгія пазногці ўвайшлі ў далоні і пазгіналіся. У вачах памутнела. Таццяна наўздагад рушыла прэч. Хацелася разадраць ужо не афішу, а свой твар — твар дурніцы і ідыёткі. На дне правай кішэні ляжаў пачак цыгарэт. Зарэмба навобмацак, не вымаючы пачка, паспрабавала дастаць цыгарэціну, але заблыталася пальцамі ў абгортцы, змяла яе, а тады ашалела дазвання і сціснула ў камяк, раздушыла, раструшчыла бязвінныя цыгарэты. Ад гэтага крыху палягчэла. Але толькі крыху…