Выбрать главу

У бяспамяцтве дабрыла яна да нейкай падваротні і там, у цемрадзі аркі, прыткнулася да сцяны, няпэўнымі пальцамі дастала сумна вядомы ліст, дастала запальніцу і аддала агню сваю хуткаплынную мару… Пакуль папера не прагарэла дарэшты, пакуль не апякла ёй кончыкі пальцаў, Зарэмба няўцямна глядзела на язычкі полымя. А затым бязгучна, густа і несуцешна заплакала.

28

Вечарам таго ж дня, каля шасці гадзін, Аркадзь Рыгоравіч Бабаеўскі ўбачыў на сваім стале голы канверт. Голы ў тым сэнсе, што не было на ім ні адрасата, ні зваротнага адраса, ні якіх-кольвечы каментарыяў. Гэта непрыемна здзівіла дырэктара, прымусіла перарваць працу са службовымі паперамі і ўзяць канверт. Так, паварочаўшы яго ў руках, Рыгоравіч не знайшоў ніякіх пазнак. І тым не менш, ліст быў шчыльна заклеены.

Дырэктар націснуў кнопку перагаворніка, узяў трубку і звярнуўся да сваёй сакратаркі:

— Ніна, што гэта за канверт у мяне на стале?

— Канверт?.. А-а… Ды гэта, мусіць, ад ранішняй пошты, — успомніла сакратарка.

— Дык я ж яго толькі зараз убачыў!

— А я яго вам пятнаццаць хвілін назад і прынесла. Вы яшчэ тады па тэлефоне крычалі. Памятаеце?

— А чаму толькі зараз? Чаму не з усёй поштай? — прыставаў Бабаеўскі, яўна раздражнёны безыменным лістом.

— Сама не ведаю… — сумелася Ніна. — Мне здавалася, я ўсё тады вам занесла. А нядаўна гляджу — нейкі канверт ляжыць… Падумала — з ранішняй пошты выпаў.

— Ну ладна… — буркнуў Аркадзь Рыгоравіч і выключыў перагаворнік.

Ён нядбайна разарваў канверт. Тэкст быў выведзены на прынтэр, прычым мудрагелістым, вычварным шрыфтам.

“Высокашаноўны Аркадзь Рыгоравіч, — чытаў дырэктар, — піша Вам пастаянны, шматгадовы, адданы глядач Вашых пастановак. Бязмерна цэнячы Ваш дар рэжысёра, а таксама ўсведамляючы Вашу значнасць у беларускім культурным працэсе, хачу выказаць заклапочанасць тым, што актрыса Таццяна Зарэмба, якая неабыякавая Вам не толькі з прычыны выканання вядучых роляў, але і з цалкам мной зразумелых сардэчных прычын, не цэніць Вас належным чынам і паводзіць сябе амаральна. Карыстаючыся бязмерным даверам і прастадушнасцю геніяльнага чалавека, гэтая асоба, на жаль, не захоўвае жаночай вернасці, пра што я з сумам і болем нядаўна даведаўся. Каб не быць галаслоўным, скажу, што ў дадзены момант, калі вы напружана рыхтуецеся да спектакля, Зарэмба знаходзіцца на спатканні з адным расейскім прадзюсэрам, якога таксама намерваецца закілзаць у сваіх карыслівых мэтах. А іменна атрымаць месца ў яго дарагім і прэстыжным фільме. Вы, канешне, можаце зараз набраць нумар яе мабільнага тэлефона і ўпэўніцца, што ён каварна адключаны. Аднак лепш за ўсё паслухайцеся маёй сяброўскай парады і кіньце, кіньце зусім гэтую нікчэмную, вартую жалю інтрыганку, вярніцеся ў сям’ю і радуйце надалей гледачоў сваім рэжысёрскім талентам.

Усяго Вам добрага, шаноўны Аркадзь Рыгоравіч, і даруйце, калі крыху Вас засмуціў. Але нельга было маўчаць.

Добразычлівец”.

Хвіліны тры праседзеў Аркадзь Рыгоравіч нерухома. Тупа і рассеяна глядзеў на ліст. Затым страпянуўся, схапіўся за тэлефонную трубку і тут жа, як апечаны, адняў ад яе руку. Ашчаперыў галаву, у якой не было ніякіх канструктыўных думак — нібы выцялі Бабаеўскага па патыліцы мяшком з бульбаю. Ускочыў, таропка і бязмэтна захадзіў па пакоі. Сеў на канапу, вывудзіў з кішэні мабільнік, стаў ліхаманкава націскаць кнопкі. Але не набраўшы да канца, неяк баязліва выключыў апарат і зладзеявата схаваў яго назад у кішэню.

Нарэшце мозг пачаў ацэньваць тое, што адбылося. Вярнулася і магчымасць дзейнічаць. Бабаеўскі падляцеў да стала, уключыў перагаворнік і штучна спакойным голасам прамовіў:

— Ніна, зайдзі да мяне.

Затым абабег стол, плюхнуўся ў рабочае крэсла і стаў чакаць. Рукі, што ляжалі на стальніцы, не знаходзілі сабе прымянення і хапалі то акуляры, то аловак, то самапіску. Прытым відавочна падрыгвалі. Рыгоравіч схаваў іх уніз.

Ніна нешта замарудзілася і не прыходзіла. Гэта раззлавала дырэктара і яшчэ раз нагадала пра тое, што трэба ўсё ж здвоіць іхнія кабінеты і зрабіць агульны ўваход — каб усе наведвальнікі праходзілі праз сакратарку, а ён, у сваю чаргу, мог яе рукой дастаць. Заўважым, што гэтае пытанне непакоіла Аркадзя Рыгоравіча, па меншай меры, апошнія два гады, але не давала яго вырашыць адна важкая акалічнасць: як быць з інтымнымі спатканнямі ў кабінеце, да якіх, як да наркотыкаў, прызвычаіўся Бабаеўскі? І як знайсці кампраміс? А, пакуль тое, даводзілася гукацца з сакратаркай праз перагаворнік ды, вось як зараз, чакаць, пакуль яна выйдзе з суседняга кабінета, замкне яго і толькі тады дасягне дырэктарскай.