Выбрать главу

Але зараз, як ніколі страшна, агаломшылі Валерыя Віктаравіча братавы бледнасць, зляжалыя рэдзенькія валасы, сінія кругі пад вачыма. Алег знаходзіўся ў рэанімацыйным боксе. Ён паўляжаў на некалькіх падушках, падаткнутых пад спіну і галаву, у бальнічнай піжаме, накрыты казённай коўдрай па грудзі; тонкія рукі былі выцягнуты ўздоўж цела, паверх коўдры. Уражвала шкілетная худзізна братавых пальцаў, а таксама касцістасць твару. Валерый Віктаравіч і сам быў чалавекам сухарлявым, але ніколі не думаў, што мае такі ўродлівы вуглаваты чэрап, такі востры нос, такую выпнутую наперад ніжнюю сківіцу.

Брат ляжаў адзін, суседні ложак быў акуратна засланы. На Алегавай тумбачцы стаялі два пустых і адзін поўны балоны для кропельніц. Стойка для кропельніцы ўзвышалася ад брата леваруч. Паветра ў боксе не падалося нясвежым, аднак моцна пахла хлоркай і лекамі.

Алег млява перавёў позірк на Валерыя Віктаравіча, і — дзіўна! — упершыню за апошнія два гады ў ім мільганула радасць. Так, ва ўсякім разе, падалося Валерыю.

— Гэта я, Алежак, — ціха сказаў ён, наблізіўся і стаў над братам.

— Сядзь, Валерка, — слабым, але, як здалося, цалкам адэкватным голасам прамовіў Алег і паказаў вачыма на табурэтку, што стаяла ля самага ложка, праваруч ад яго.

Валерый Віктаравіч хацеў адказаць, але ў горле ўтварыўся даўкі камяк. Ён насілу не разрыдаўся. Сеў на ўказанае братам месца.

— Што там на двары? — усё тым жа слабым і непрывычна ўцямным голасам спытаўся брат.

— Апошні дзень зімы, Алежка, — механічна прамармытаў Валерый; за два гады — з таго часу, як брат упаў у беспрасветнае вар’яцтва — ён развучыўся з ім размаўляць як з роўным.

— Зіма… — раздумліва прамовіў брат. — Я забыўся, як яна выглядае…

“О, Госпадзе, дай мне сілы стрываць”, — падумаў Валерый, бо надрыўная спазма зноў сціснула насаглотку.

— Затое я бачу снег… Вунь, у акне. — Алег паказаў вачыма на вузкае высокае акно, знізу, на тры чвэрці, зафарбаванае пад зялёны колер сцяны. — Снег ішоў учора, і тры дні таму… Тры дні таму ён быў асабліва прыгожы… Ведаеш, Валерка, там… — ён хацеў паказаць правай рукою, але толькі перабраў пальцамі, — там, пад акном, вечарам уключаецца ліхтар і дзівосна падсвечвае шыбу… Калі ідзе снег… — хворы запнуўся і аблізаў пасмяглыя губы, — то сняжынкі здаюцца такімі цудоўнымі… І кожная мае сваю душу… Гэта матылькі, якія прылятаюць мяне наведаць…

“Божа, памілуй яго душу, — сказаў пра сябе Валерый, міжволі адвёўшы пагляд ад братавых вачэй. — Не, ужо лепей поўнае вар’яцтва, чым усведамляць сваё маруднае паміранне…”

— Усё будзе добра, Алежак, усё будзе добра… — толькі і здолеў ён з сябе выціснуць.

— А ведаеш, мне ўжо лепей, мне значна лепей апошнім часам. — Голас Алега быў хоць і нядужы і надтрэснуты, аднак страшэнна падобны на братаў голас.

І раптам зімна стала на душы ў Валерыя Віктаравіча, зімна і вусцішна ад таго, што ўявілася, як ён сам — праз гадоў трыццаць ці праз тры месяцы — гэтак жа апынецца на смяротным ложы: з касцістым сінюшным тварам, з прыліплымі да лба рэдкімі пасмамі, з нямоглымі дротападобнымі рукамі. Але ў адным будзе іх розніца — у тым, што не прыйдзе да Валеры брат Алег, не прыйдзе ніхто… Небывалы адчай авалодаў Валерыем Віктаравічам. Закарцела ўпасці перад братам на калені, цалаваць рукі, вымольваць прабачэнне за сваё здароўе і розум. Але не змог, баючыся парушыць адносны спакой няшчаснага, а толькі напружыўся ўсімі цягліцамі. А той нібы адчуў братаву душэўную барацьбу і прамовіў:

— Ты не шкадуй мяне, брат. Кожнаму сваё. Бачыш, я ў ясным розуме, а гэта добра. — Алег вымучыў на твары ледзь прыкметную ўсмешку. — Я хачу табе сказаць пару слоў…

— Канешне, — паспешліва падхапіў Валерый Віктаравіч, — канешне, гавары. Я…

— Ты зачыні, калі ласка, як найшчыльней дзверы, — брат нават злёгку кіўнуў падбародкам у іх бок.

У дзвярах і напраўду была шчыліна сантыметраў дзесяць. Валерый устаў і зачыніў іх, а тады вярнуўся да Алега.

— Слухай, брат, слухай мяне ўважліва. — Голас хворага крыху ўзмацніўся, параўнеў. — Я ведаю, што са мной адбывалася ўсе гэтыя гады… цяпер ведаю… Пекла бывае і на зямлі, Валерка, непасрэдна на нашай зямлі… Я там быў — так было трэба…