“Ён ізноў трызніць!” — са шкадаваннем падумаў Валерый Віктаравіч, але слухаў уважліва.
— Тое пекла, дзе я знаходзіўся, ёсць толькі адлюстраванне, толькі слабае падабенства сапраўдных катавальняў Сусвету… Тых катавальняў, дзе томяцца душы грэшнікаў… О! Мне толькі аднойчы дазволілі туды зазірнуць… туды — у тагасветнае пекла… Гэта жах, Валерка! Я скажу табе больш: калі б чалавек, што жыве паўнакроўна, той самы звычайны абывацель… убачыў на імгненне сапраўднае пекла, ён бы… ён бы, мусіць, памёр ад адчаю… А калі б не памёр, то ўжо зарокся б не грашыць да скону. Ды што там абывацель, брат! Забойца дзяцей, гвалтаўнік, знішчальнік цэлых народаў увобмірг бы зрабіўся рахманай авечкаю, каб туды зазірнуў… Ён бы на зямлю ўпаў, цалаваў бы яе ў слязах… ён бы на жываце папоўз да самай Дамавіны Гасподняй… тысячы кіламетраў бы адужаў на жываце, каб вымаліць сабе дараванне… Толькі не дадзена ім туды зазірнуць! — хваравіта, тонка ўсклікнуў Алег і збіўся з дыхання.
“Гэта, відаць, агонія”, — мільганула ў галаве Валерыя Віктаравіча.
Ён ужо хацеў выйсці і клікнуць медсястру, але брат нечакана падняў бяссільную, здавалася б, правую руку і паклаў яе на братава калена.
— Пачакай, брат, пачакай, мілы, даслухай… — Яго голас цяпер гучаў сіплай фістулай. — Ніхто б не толькі не грашыў, каб ведаў наступствы… але жыў бы ў бясконцай любові, у злагадзе з усім акаляючым: з людзьмі, птушкамі, са звярамі і чарвячкамі… Пра чарвячкоў асобна скажу… Не крыўдзь іх, Валерка, ні словам ні дзеяннем… Істоты яны самыя чыстыя, хоць і жывуць у зямлі, у цемрадзі… Таму што не ядуць яны жывой плоці, а толькі гноем сілкуюцца… Чалавек жывёлу знішчае, рыбак і птушачак… І тыя, у сваю чаргу, адно аднаго паядаюць… А чарвяк, ён не тое што жывую істоту не з’есць, ён травінку грызці не стане… ён толькі мёртвым харчуецца… ён наш санітар, ён бязгрэшны…
“Бедны, бедны мой брат!” — са скрухай глядзеў на Алега Валерый Віктаравіч.
— Ты пра пекла тое людзям перадай… каб страх Божы яны не гублялі… Шкадую іх, і забойцаў, і гвалтаўнікоў, і самагубцаў, і здраднікаў вой як шкадую… Няма ў іх любові Хрыстовай, то хай хоць на страху пякельным трымаюцца… Пра чарвяка хай памятаюць, не крыўдзяць хай чарвячка — ён за іх у іншасвеце заступнік.
Брат перапыніўся, аддыхваючыся. Аблізаў вусны. У яго вачах з’явіўся ліхаманкавы бляск. Валерый Віктаравіч з трывогай крануўся ягонай рукі — тая была гарачая, але не моцна.
— Табе нельга стамляцца, Алежка. Вунь і лоб узмакрэў… — Адынец дастаў насоўку і выцер некалькі кропелек поту на братавым ілбе. — Паляжы ціха… А я медсястру прывяду…
— Не трэба, Валерка, не трэба сястру… Я іх баюся… хоць і ніколі зла ад іх не было… Я буду ціха гаварыць… ужо хутка закончу… А ты не перабівай… не перабівай, нават калі не згодны са мною…
Валерый Віктаравіч узяў і гладзіў яго сухую руку.
— Памятаеш… Памятаеш двор наш на старой кватэры, на вуліцы Усходняй?.. Цяністы такі, зацішны дворык…
— Памятаю, Алег. Канешне, памятаю…
“Госпадзе, ды я ж ніколі не ўспамінаў пра той дом!”
— Ні аб чым не шкадую… нітрохі не наракаю на свой лёс… А па двары тым нуджуся… Каштан у нас пад акном рос. Прыгожа так зелянеў, пахуча… І цвіў кожны травень… Памятаеш?
— Памятаю… — Валерый Віктаравіч ужо не мог стрымліваць слёз, яны бобам каціліся па яго шчаках.
— А пад каштанам тым лавачка стаяла, жоўтая, з сіняй спінкаю… Я там сядзець любіў… асабліва вясною і лецейкам… І глядзець, як двор наш жыве… галасы яго слухаць… Сонца гуляе па траўцы, па дарожках, па бялізне развешанай, галасы людскія шарахаюцца між будынкаў, глушацца зелянінаю… А я на арку гляджу, што ў супрацьлеглым канцы двара… Адтуль бацькі нашы з работы вяртаюцца… Убачу іх і бягу галопам, цалуюся… А мама то цукерку з валізы дастане, то пячэнне, а то і марожанае…
— Госпадзе, а я?! Дзе ж я быў тады, Алежак?! — ускрыкнуў Валерый і сам спужаўся гучнасці свайго голасу.
— А ты?.. — здзіўлена і ласкава паглядзеў на яго брат. — А там жа, там жа непадалёк. З хлапчукамі.
— А я… я хіба не сустракаў разам з табой тату з мамаю?! — Валерый Віктаравіч начыста забыўся на падрабязнасці тых гадоў.
— І ты сустракаў, Валерык… І ты таксама… А толькі ты з хлапчукамі больш бавіўся, цябе было дамоў не загнаць… — Алег крыху памаўчаў. — Ты звязі мяне, брат, у наш дворык. Як пацяплее, звязі… Мне б адным вокам зірнуць на яго, пад каштанам тым пасядзець, пацікаваць за той аркаю, дзе тата з мамай выходзілі…
Адынец не мог гаварыць ад пакутлівых спазмаў, што разрывалі яго грудзі і горла. І раптам — толькі ў гэтую секунду! — ён успомніў, што няма, некалькі гадоў ужо няма ні двара іх старога, ні дома: знеслі іх, зруйнавалі; новабудоўлі там узвышаюцца ганарыстыя… Ні каштана няма, ні аркі той запаветнай…