— Добра, Алежак! — роспачна ўскрыкнуў ён. — Завязу, пакажу… пабудзем у нашым двары… Мы з табой яшчэ пажывём, браце. Праўда? — Ён укленчыў перад ложкам і прыпаў да Алегавых грудзей, рыдаючы. — Усё зраблю, усё што ні пажадаеш… А пакуль… Пакуль хочаш, я цябе дамоў забяру? Хутка вясна, зеляніна, дзьмухаўцовае царства… Га? Паедзеш, Алежак?
— Паеду… — задумліва, упершы пагляд у столь, сказаў брат.
— То я пабягу зараз, з галоўным перагавару… Ты пачакай… Я ўпрашу яго цябе адпусціць… упрашу неадменна… — Ён ускочыў на ногі. — Пачакаеш? Я мігам.
— Пачакаю. Дзякуй… Дзякуй табе, Валерык. — Брат глядзеў на яго абсалютна яснымі, не замглёнымі шматгадовым вар’яцтвам вачыма.
Валерый Віктаравіч як хлапчук кінуўся з палаты на злом галавы. У палату якраз уваходзіла медсястра.
Ён доўга, слёзна і збівіста ўгаворваў сухарлявага галоўурача — старога яўрэя з надзвычай ласкавымі ільснянымі вачыма. Той глядзеў на Валерыя Віктаравіча і толькі са шкадобай хітаў галавою. Марк Яўсеевіч ведаў, што не зможа выпісаць Алега Адынца… Больш за тое, ён ведаў, што рэшта Алегавага жыцця вымяраецца не днямі — гадзінамі. Пра гэта адназначна казалі пасля ранішняга агляду і уролаг, і кардыёлаг, і тэрапеўт… Праз дзесяць хвілін гэтай шчымлівай спрэчкі ўрачу патэлефанавалі, ён папрасіў Адынца пачакаць і таропка выйшаў з кабінета.
У яго адсутнасць распалены мозг Валерыя Віктаравіча прыдумваў галаваломныя аргументы, каб пераканаць доктара адпусціць Алега дадому. Адынец узрушана крочыў па памяшканні, размахваў рукамі і гаварыў сам з сабою… Ён ведаў, што дзеля братавай перадсмяротнай волі пойдзе на ўсё. Ён сам стаяў на грані вар’яцтва…
А за акном зноў пацерусіў снег. Несканчоная, непазбыўная, дакучлівая зіма!
…Дзверы расчыніліся неяк марудліва і нясмела, і Марк Яўсеевіч зайшоў у кабінет — з пануранай галавою, з апушчанымі ў кішэні халата рукамі.
— Доктар! — памкнуўся да яго Адынец. — Я вас прашу… доктар!..
— Не трэба, Валерый Віктаравіч… Не трэба… — Урач знерухомеў пасярод пакоя і вінавата зірнуў на прасіцеля сваімі добрымі, у заўсёднай вільготнай павалоцы вачыма. — Ваш брат сканаў… Толькі што… прабачце…
30
З той самай ночы, калі Сяргей упершыню залез да Светы Стрэчань праз акно, прайшло каля двух тыдняў. За гэты час падобныя сустрэчы зрабіліся рэгулярнымі: праз ноч, рэдка — праз дзве. Акрамя таго, Сяргей некалькі разоў вадзіў яе ў рэстараны.
Аглушаная рамантыкай начных спатканняў, Света толькі нядаўна пачала вяртацца да рэчаіснасці, разумець, што адбываецца паміж імі нешта дзіўнае і вычварнае — не як у людзей. І справа тут нават не ў таемных лажаннях праз акно, не ў палкай валтузні ў нетрывала запёртым пакоі, калі родная маці спіць ад іх праз сцяну. Не. Найбольшую Свеціну трывогу выклікала тое, што яна, па сутнасці, нічога пра Сяргея не ведае. Каханы сам не распавядаў пра сябе. Рэдкія і нясмелыя спробы Святланы пранікнуць у таямніцу яго жыцця заканчваліся безвынікова. Сяргей або пераводзіў ейныя пытанні на жарт, або наогул адмоўчваўся. Зрэшты, усё гэта не дужа непакоіла закаханую ў яго Свету, паколькі з лішкам кампенсавалася тым, што дзеелася паміж імі ў спальні. Але толькі да ўчарашняга дня…
Пазаўчора Сяргей падарыў ёй пярсцёнак і завушніцы. Прыгожыя, жоўта-бліскучыя, з каменьчыкамі — гэта, бадай, усё, што магла Света пра іх сказаць. Як кожная нармальная жанчына яна ўзрадавалася пераважна не вартасці падарунка (тым болей што ў гэтым не разбіралася), а ўвазе, праяўленай з боку каханага чалавека. Наступнага дня, зусім без пошлай думкі пафанабэрыцца, яна надзела ўзгаданыя аздобы і пайшла ў інстытут, на заняткі. Але там адбылося нешта нешараговае: каля Светы непрывычна шчыльна сталі ўвіхацца знаёмыя і малазнаёмыя хлопцы, а дзяўчаты з групы кідалі на яе здзіўлена-зайздрослівыя позіркі. Найбліжэйшая сяброўка Іра Кароліч дык і наўпрост спыталася, адкуль у яе такі файны пярсцёнак і завушніцы. Прыйшлося зманіць, што неяк падарыў бацька. Зманіла і тут жа задумалася: навошта? Чаму было не сказаць праўду? І зразумела Святлана, што вось акурат праўды яна больш за ўсё і баіцца. Надта ўжо стасаваліся тыя шыкоўныя рэстараны, куды вадзіў яе Сяргей, з гэтым каштоўным падарункам, а таксама з непрабіўнай таямнічасцю яго асобы… Яна паспрабавала выцесніць з галавы такія непрыемныя разважанні, і гэта ёй збольшага ўдалося. Дамоў Света ехала ў добрым гуморы, прадчуваючы вечаровы Сяргееў званок па тэлефоне, яго п’янлівыя пяшчотныя словы.