— Гэта ў якім сэнсе? — зацікаўлена зірнула на яго прыяцелька.
— А так. Няважна… — махнуў рукою Пугач. — Проста тэатр для мяне — нішто. Гэта схованка, дзе я адседжваюся ў чаканні сапраўдных роляў. Тэатр адмірае, Людочак.
— Ну, гэта збітая тэма, — насмешліва хітнула галавой Дробаш. — Адмірае ды не адамрэ. Ужо колькі дзесяцігоддзяў яму гэта прарочаць…
— Адамрэ, харошая мая, адамрэ. Бо тэатр — гэта прыдумка антычнасці. Ён нясе з сабой тыя формы, што ў сучаснасці выглядаюць не толькі наіўнымі, але і недарэчнымі, як манная каша на п’яным застоллі.
— Не згодная.
— Таму і кінуліся цяпер усе тэатры — апроч такіх дапатопных нерушаў, як наш — шукаць новыя формы, прыёмы, голымі па сцэне скачуць, гавораць сальнасці, ледзьве палавымі органамі не трасуць. А ўсё дарма! — Ён высмактаў рэшткі напітку і паставіў пляшку на стол. — Бо яно гэтак жа падобнае на рэальнасць, як дзіцячыя мульцікі! Хіба ў жыцці так голасна, напаказ прамаўляюць, як на сцэне? Хіба там ёсць такія карцінныя жэсты, такія паўзы, заломліванні рук, поўзанне на каленях?
— Ёсць.
— Дзе? Ачніся, Людочак! Агляніся. Не ўбачыш ты гэтага ў жыцці, бо яно нашмат болей скрытнае, намнога прасцейшае і адначасова больш драматычнае, чым на сцэне! Там ніхто сваіх пачуццяў напаказ не выстаўляе, ніхто не выкрыквае на ўсю залу свайго запаветнага, працягваючы дрыготкія рукі да гледачоў. А калі хто і распускае нюні — то адно ў п’яным выглядзе сабутэльніку.
— А чаго ж тады тэатр перажыў тысячагоддзі?
— А таго, што не было яму альтэрнатывы, любая. Таму што толькі за апошняе стагоддзе чалавецтва зрабіла крок, даўжэйшы за ўсю сваю папярэднюю гісторыю. Мы цепер перажываем жахлівы час, калі руйнуюцца ўсе шматвяковыя ўяўленні чалавека пра светабудову. І пра культуру, мастацтва — у тым ліку… Кінематограф — вось што пакуль можа паспець за нашым шалёным часам, толькі ў кіно можна сыграць набліжаную да жыцця ролю.
— Але ж ёсць вечныя каштоўнасці: каханне, вернасць, спагада, што былі і пры Гамеры, пры Шэкспіры, пры Чэхаве…
— Ха! Былі ды сплылі! — з’едліва ўхмыльнуўся Пугач. — Ты зірні зараз у тэлевізар і адразу дацяміш, якія цепер каштоўнасці.
— Ну і якія?
— Свабодная любоў, то бок секс без разбору! Крутыя нізкалобыя хлопцы з аўтаматамі ды не менш крутыя і тупыя “мянты”, якія гэтых бандзюгаў ловяць. Вось яны — каштоўнасці і героі сучаснасці. Табе гэтага мала?
— Дык якраз для таго, каб супрацьстаяць гэтаму, існуе тэатр.
— Ну і што, супрацьстаяў ён, перамог бездухоўнасць? — пранікліва паглядзеў на Людку Сяргей. — Ды давай жа будзем шчырымі — не супрацьстаяў, не перамог, а сам гэтаму паддаецца. І ўжо бегаюць па некаторых сцэнах галаногія дзеўкі, ужо ганяюцца за імі голыя ж мужыкі, ужо прамаўляюцца на публіку каляпасцельныя (не шэкспіраўскія!) пошласці, ужо прапагандуецца гвалт… — Пугач перавёў дух. — Тэатр новага часу, тэатр камерцыйны — гэта язычніцкі балаган, групавая распуста, пададзеная пад вытанчаным соусам.
— А чаму ж у нас, дзе ідзе класічная драматургія, аншлагі? Чаму ж… — запнулася Людка, бо Сяргей ухапіў яе за локаць.
— А таму, — страсна зашаптаў ён, — што з двух-трох мільёнаў заўсёды знойдзецца кучка людзей, каб запоўніць нашу маленькую глядзельную залу. Трэба ж неяк час бавіць. Тэлевізар тэлевізарам, а тут усё-ткі жывыя блазны крыўляюцца.
— Дык хай бы хадзілі туды, дзе, як ты кажаш, бегаюць аголеныя дзеўкі, — хацела злавіць Сяргея на супярэчнасці суразмоўніца.
— А пакуль што не ўсе да гэтага апусціліся. — парыраваў Пугач. — Дый, відаць, не звядуцца дарэшты тыя ёлупні, каго цікавіць не толькі голае цела, а і яшчэ сёе-тое на свеце.
5
Кватэра Леаніда Нілыча Пугача, Сяргеевага бацькі, была не з маленькіх: чатырохпакаёўка ў пасляваенным, сталінскім доме. З трохметровымі столямі, з прасторнымі кухняй і ваннаю. Дый чалавек Леанід Нілыч быў нешараговы. Калісьці, яшчэ за брэжнеўскім часам, ён заняў даволі высокую пасаду ў Саюзе мастакоў і змяніў сваю несамавітую двухпакаёўку на гэтыя харомы ў цэнтры горада. Была ў яго непадалёк і майстэрня.
Але прыйшла перабудова, за ёй — наш варварскі капіталізм, і з майстэрняй прыйшлося расстацца. Не, Леанід Нілыч не разгубіўся ў новых умовах. Наўсперач, пайшоў угору дзякуючы прыроджанай камерцыйнай жылцы і ўменню ладзіць з людзьмі. І майстэрню ён мог бы зняць новую… Ды проста замнога аказалася яму для адзінокага жыцця і чатырох пакояў кватэры. Сяргей, сын, пажадаў жыць асобна ад бацькі. Здымае, за бацькавы ж грошы, кватэрку ў Богам забытым раёне. Так што два пакоі Нілыч пераабсталяваў пад рабочыя.
Жонкі ў яго няма так даўно, што часам здаецца, не было ніколі.