Аднак у тралейбусе сусед па сядзенні, пажылы грузнаваты дзядзька ў самавітай дублёнцы, доўга адкашліваўся і хмыкаў, быццам на нешта наважваючыся, а затым крануў Свету за плячо, схіліўся і шапнуў ёй на вуха: “Вы мяне, напрамілы Бог, прабачце, але я б вам параіў усё ж пальчаткі надзець…” — І шматзначна кіўнуў на яе пярсцёнак. Збянтэжаная Света хацела была адкрыць рот, нават абурыцца хацела, але дзядзька па-змоўніцку прыклаў указальны палец да вуснаў і зноў зашаптаў ёй у самае вуха: “Паверце, я стары ювелір і ведаю кошт вашаму пярсцёнку… і завушніцам. Такія рэчы, спадарынька, небяспечна ў грамадскім траспарце напаказ выстаўляць — здымуць, і маргнуць і паспееце. Надзеньце, надзеньце свае пальчатачкі…” Свеце стала ніякавата ад гэтых слоў, яна паспешліва нацягнула пальчаткі, якія раней зняла, каб прабіць квіток. Калі ж ішла дадому, ёй у кожным стрэчным мужчыне бачыўся патэнцыйны нападнік, што кінецца выломліваць ёй правую кісць, або з мясам вырываць завушніцы. Арку, што вяла ў яе двор, Святлана прамінула бягом; стрымгалоў прамчала і тры лесвічных пралёты да кватэры. Аздобы яна, зразумела, зняла перад дзвярамі, сунула ў сумачку. Мамы дома не было і таму ставала часу як след прыхаваць Сяргеевы падарункі. Але пытанне, як з імі быць, засталося нявырашаным.
Да сённяшняга вечара Света думала гэта ціхамірна замяць, то бок нічога Сяргею не гаварыць наконт пярсцёнка і завушніцаў. Яна небеспадстаўна меркавала, што залішнія пытанні могуць сапсаваць іхнія ўзаемаадносіны. Але сёння Сяргей ізноў, ледзь толькі перабраўся цераз падаконнік, расцалаваў яе і выцягнуў з кішэні прадаўгаваты аксамітны футаральчык. У ім ляжалі каралі. Света сумелася, аднак падарунак прыняла, падзякавала. Вядома, што падазрэнні адносна цаны і паходжання Сяргеевых “паднашэнняў” толькі ўзмацніліся…
Прайшло дзве гадзіны, як яны ляжалі ў пасцелі, насценны гадзіннік адстукаў палову чацвёртай. У пакоі панавала непраглядная цемра, паколькі на завулку, што пад акном, ліхтары не тое што не ўключаліся — іх не было. Асобныя ж пражэктары на прылеглых да завулка фармацэўтычных складах былі скіраваны ў глыб тэрыторыі; рассеяныя адбіткі іх святла прыпыняла высокая бетонная агароджа. Цемра спальні добра спалучалася з цішынёю, якую толькі калі-нікалі перарывалі асцярожныя варушэнні, як мага сцішаны шэпт і быццам бы гукі пацалункаў.
— Сяргей, ты мяне прабач, але я не магу прымаць такіх дарагіх падарункаў, — прашаптала Света крыху гучней, чым звычайна.
— Ды кінь ты — дарагіх, — нядбайна буркнуў Сяргей.
— Дарагіх, — упарта паўтарыла Света, — я ведаю, што гэта дарагія аздобы.
— Ну і што! — прыдушана ўсклікнуў Сяргей. — А хоць бы і дарагія? Што, я не магу зрабіць падарунак сваёй каханай жанчыне? Нават дзіўна было, каб я табе абы-што падарыў… У даўніну мужчыны да ног каханак галовы ворагаў прыносілі! А ты кажаш…
— І ўсё ж я не магу прымаць такіх падарункаў.
— Чаму! Чаму не можаш?
— Не здагадваешся?
— Не здагадваюся і здагадвацца не хачу.
— А я табе падкажу. Справа ў тым, што мы з табой тут не першую ноч… забаўляемся, але я нічога пра цябе не даведалася… — Света зрабіла наўмысную паўзу, але Сяргей прыціх, не адказваў.
— Я ад цябе не скрывала нічога: дзе вучуся, хто мая мама, нават пра бацьку свайго чокнутага расказала… А ты? Чаму ты ад мяне тоішся… Я табе вораг, Сяргей? Скажы…
Той варухнуўся ў ложку, яшчэ крыху памаўчаў, а тады прамовіў:
— Усё так, усё слушна, Свецік… Ты маеш права пра мяне ведаць больш. І я даю табе слова, што паслязаўтра запрашу цябе ў госці… што ўсё пра сябе раскажу. Хаця… як вучыць мяне жыццё, часцяком не ведаць лепей, чым ведаць…
— Што ты гэтым хочаш сказаць?
— А тое: хіба нам не цудоўна ўдваіх? Хіба нам, калі мы ўключым зараз святло, будзе цяплей, утульней?.. Мы будзем больш закаханыя?
— Не разумею… пры чым тут…
— Я толькі хачу сказаць, што ад добрага лепшага не шукаюць… Ну а наконт аздобаў, што я табе падарыў, то не трывожся — яны не крадзеныя… Слова даю. А не запрашаў я цябе ў сваю кватэру таму, што жыву, так бы мовіць, па-халасцяцку… І маё жытло, у сваім штодзённым выглядзе, наўрад ці б табе спадабалася… Вэрхал там, Свецік, неверагодны халасцяцкі вэрхал.
— Ну дык я табе прыбраць памагу…
— Ні ў якім разе! — спужаўся Сяргей. — Гэта для мяне справа гонару. Дай толькі суткі, і кватэра мая заблішчыць… Карацей, паслязаўтра я за табой заеду… гадзінак гэтак… у шэсць вечара. Нармальна?
— Нармальна. На машыне?
— На машыне, канешне.
— Дамовіліся.
Тут яны замаўчалі, і хвілін пяць раздавалася варушэнне і цмоканне.
— Слухай, ледзь не забылася, — раздаўся ўрэшце задыханы Свецін голас. — Нам цяпер трэба быць асцярожней.