— Гэта як? — вясёлым шэптам спытаўся Сяргей.
— Ну… як бы табе сказаць… У нас цяпер яшчэ адзін чалавек начуе… акрамя мамы.
— Хто такі? Сваяк, родзіч?
— Ды ў тым і справа, што не сваяк і не родзіч, а… тут цэлая гісторыя.
— Ну?
— Словам, учора вечарам мама вярталася з гасцей, недзе а палове дванаццатай… і наткнулася на лесвічнай пляцоўцы, паміж паверхамі… на чалавека, які ляжаў на падлозе. Ён пачуў яе крокі, варухнуўся, застагнаў і папрасіў памагчы. Мама схадзіла дамоў, разубудзіла мяне. Узялі ліхтарык. Карацей, гэтага чалавека падпаілі, завабілі ў пад’езд, збілі і абрабавалі… Твар яго быў у крывавых пісягах, сіняках… паліто ў брудзе і пыле, парванае. Ён нават не мог стаць на ногі, і мы ледзь дацягнулі яго да кватэры.
— Дык навошта ж адразу ў кватэру? — здзівіўся Сяргей. — Трэ было міліцыю выклікаць. Мо гэта звычайны валацуга ці бандзюган?
— Які валацуга! Тут самае цікавае і пачынаецца. Ведаеш, кім ён аказаўся?
— Ну.
— Дырэктар драматычнага тэатра, найвядомейшы рэжысёр.
— Дырэктар тэатра?
— Так, дырэктар тэатра. Прычым мы з мамай раней на яго спектаклі хадзілі. Во як у жыцці бывае!
— Ды што за глупствы — дырэктар! — недаверліва прабурчаў Сяргей. — А вы правяралі?
— А вось і правяралі! — задзірыста сказала Света. — Кішэні ў яго нападнікі вычысцілі, там нічога не было. Затое раніцой мы знайшлі на пляцоўцы, дзе ён ляжаў, і пашпарт і пасведчанне… як яго… заслужанага дзеяча мастацтваў. Гэта Аркадзь Рыгоравіч Бабаеўскі, найвядомейшае ў Беларусі імя!
Сяргей нічога на гэта не адказаў.
— Няўжо не чуў пра такога? — працягвала Света захопленым голасам.
— Ды… чуў… здаецца, — прамармытаў Сяргей. — Нешта чуў, мабыць…
— Карацей, у яго там праблемы з сям’ёй… ён пакуль у нас пажыве.
— У вас?! — з нечаканым нездавальненнем усклікнуў хлопец.
— Так… А што? — здзівілася Света ягонаму тону.
— Ды як жа — чужы чалавек, а вы так лёгка яго пускаеце! Бязглуздзіца нейкая…
— Ды чаго ты гарачышся? Табе што за клопат?
— Нічога не разумею… Дзве жанчыны прывячаюць абсалютна незнаёмага чалавека. Неверагоднае легкадумства! Ды ў вас жа два пакоі ўсяго!
— Дык ён на кухні, на раскладушцы спіць.
— Крута! — фыркнуў Сяргей і нервова хіхікнуў. — І доўга ён тут збіраецца… пражываць?
— Не ведаю… Ну, папрасіў некалькі дзён. Ды чаго ты так ускінуўся!
— “Ускінуўся”! Чужы мужык спіць у трох метрах ад маёй каханай жанчыны, а я радавацца павінен?! Нейкі п’янтос і стары распуснік…
— Чаму ён п’янтос і распуснік? Чаго ты незнаёмага чалавека ганіш?
— А таму п’янтос, што вы яго ў сцельку п’яным знайшлі! А таму распуснік, што пасяліўся ў незамужніх жанчын! Сволач.
— Ну, не чакала ад цябе такога, Сяргей…
— Канешне, — у голасе хлопца прагучаў ядавіты сарказм, — ты чакала, што я ў ладкі запляскаю ды пабягу з ім расцалоўвацца!.. — І тут жа дадаў крыху спакайней: — Слухай, а як, цікава, ты ў туалет па начах будзеш хадзіць? У вас жа кухня якраз насупроць туалета. І ты, маладая дзяўчына, у начной сарочцы… А дзверы ў кухню, нябось, празрыстыя? Га?
— Я не буду адказваць, калі са мной такім тонам…
— Ну і не адказвай, а я пайду! — Сяргей падхапіўся з ложка і ўсчаў важдацца ў цемры.
— Куды ты пойдзеш — самая ноч! — устрывожылася Света і таксама саскочыла на падлогу.
Яна паспрабавала перашкодзіць Сяргеевым апрананням, але хлопец яе адхіліў.
— Тс! Ты што — здурнела? Зараз твой дырэктар прымчыцца.
— Куды ты, я цябе пытаюся, папрэшся пасярод ночы? — усхвалявана шаптала Света.
— Не праблема, — ужо не так сярдзіта, з прымірэнчымі ноткамі ў голасе сказаў Сяргей. — Выскачу на праспект, там у любы час таксоўку можна злавіць.
— Ды пачакай ты хаця дзве гадзіны.
— Не магу. Нешта нервы мае растузаліся.
— Ну чаго ты так на гэта зрэагаваў? Ну пажыве ён некалькі дзён і з’едзе.
— Ладна, Свецік, — у цемры раздалося некалькі паспешлівых пацалункаў, — не будзем пра гэта. А паслязаўтра — як і дамаўляліся. Добра?
— Добра…
— Не крыўдуй.
Яны прывычна расчынілі акно, перакінулі вяровачную лесвіцу, і праз колькі хвілін Сяргей цвёрда стаяў на зямлі. Ён развітальна ўзмахнуў рукой і пашыбаваў налева, каб завярнуць за рог дома.
31
Апошні мясяц Анжэла Гольцава жыла ў пастаянным стрэсе. Усё было не так, усё з рук валілася. А галоўнае, даймалі штоночныя званкі па тэлефоне ад нейкага вырадка. Рэдка якую ноч не было гэтых пакутлівых званкоў. І нават калі тэлефон маўчаў, то ўсё адно не магла спаць спакойна Анжэла, бо кожную хвіліну чакала, што затрашчыць апастылы аппарат, і прыйдзецца наўзгалоп ляцець да яго, каб сын не прачнуўся.