На тым канцы лініі, калі Анжэла брала трубку, злавесна маўчалі. І гэта найбольш вярэдзіла яе нервы. Іншым разам хацелася ўзняць тэлефон дагары і са смакам разбіць аб падлогу. Карцела выкрыкнуць у трубку праклёны начному дамагальніку, паслаць яго да чортавай маці. Але не насмельвалася на гэта Гольцава, а толькі здымала трубку, з трымтлівым сэрцам прыпадала да яе і баязліва ўслухоўвалася ў цішыню. Яна чамусьці была ўпэўненая, што гэта штукарствы яе ненавіснага мужа, які і з турмы, праз нейкага памагатага, хоча яе даканаць. А можа?.. Не, яна нават думаць сабе не дазваляла пра гэтае “можа” — пра тое, што Антось выйшаў на волю і, перш чым нанесці смяротны ўдар, з асалодай шкуматае яе душу. А на волю ён выйсці не мог іначай, як праз уцёкі… Гэта было самым жахлівым, што магло здарыцца, і Гольцава ўсяляк адганяла, адштурхоўвала ад сябе такія здагадкі. І, вядома, не магла пазбыцца дазвання — не давалі начныя званкі.
А яшчэ Віталік, сужыцель, стаў начаваць у яе ўсё радзей, спасылаўся на жыццёвыя цяжкасці і праблемы, якія ён павінен адолець. Прыходзіў добра калі раз на тыдзень, быў негаваркі, маркотны, нязменна прыносіў бутэльку таннага віна… Не, не магла Анжэла дзяліцца з ім сваімі трывогамі.
Да таго ж сын Андрэйка стаў на сябе не падобны, закінуў вучобу, атрымоўваў тройкі і двойкі, а аднаго разу моцна пабіў аднакласніка. Анжэлу выклікалі ў школу, і адбылася непрыемная размова з класным кіраўніком, а таксама прыйшлося прасіць прабачэння ў бацькоў збітага хлопчыка. Сам Андрэйка на яе ўшчуванні не рэагаваў, урокі па-ранейшаму рыхтаваў абы-як, а ўсё больш праседжваў у закутку з прыгодніцкімі кніжкамі. Чытаў запоем. Анжэла не ведала спосабу, як прымусіць Андрэйку ўзяцца за розум, акрамя фізічнага пакарання. А гэта, зважаючы на сынава заіканне, было недапушчальна.
Аднойчы ў суботу, пасля аж трох начных званкоў, што раздаліся з двухгадзіннымі прамежкамі, Гольцава адважылася на адчайны крок. Выправіўшы Андрэйку ў школу, яна неабачліва лёгка апранулася і паехала ў супрацьлеглы кут горада, дзе ў даваеннай чатырохпавярхоўцы, у камунальным пакоі, пражывала ненавісная ёй свякруха. Не, Анжэла не пайшла да яе, а змяшалася з натоўпам пакупнікоў перад крамай “Садавіна-гародніна” (там быў невялічкі рынак) і цікавала за свякрушыным пад’ездам. Нягледзячы на мароз і пранізлівы вецер, яна пратырчала там гадзіны тры ў вар’яцкім спадзеве пабачыць Антося. Што яна будзе рабіць, калі сапраўды згледзіць абрыдлага мужа, Гольцава не ведала.
Адно што займела Анжэла ад гэтае варты — абветраны твар, азяблае цела і скалелыя да болю ў пазногцях пальцы. Нават свякруха з пад’езда не выйшла.
Па вяртанні дадому Гольцаву чакаў новы сюрпрыз. У паштовай скрыні, якую яна рэгулярна правярала (хоць па беднасці і не выпісвала газет), ляжаў безыменны канверт. Яна паспяшалася ў кватэру, скінула паліто на тумбачку, прайшла ў кухню і там, пры гожым дзённым святле, ускрыла каверт і прачытала напісаны ад рукі тэкст:
“Анжэла! Даруй, што паведамляю табе гэтую сумную навіну ў пісьмовай форме. Але, павер, гэта адзіны спосаб сказаць табе ўсё неабходнае, каб не захліпнуцца ад слёз. Прыйшла пара падвесці непазбежную рысу ў нашых узаемаадносінах. Пагадзіся, што яны не маглі працягвацца доўга ў такім млявым, выродлівым выглядзе. Усяму ёсць мяжа. Аднак крый мяне Божа ў чымсьці цябе вінаваціць. Вінаватыя мы абое, паколькі легкадумна, надзвычай легкадумна ставіліся да жыцця, да нашага сумеснага пражывання. Такія сустрэчы Бог дае толькі раз, іх трэба цаніць. Мы не скарысталі свой шанц.
Калі ты чытаеш гэтыя радкі, я ўжо ў дарозе: пад мерны грукат цягніковых колаў журліва гляджу ў акно, з кожнай хвілінай аддаляюся ад сталіцы, якую за чатыры гады ўзненавідзеў усёй душою. Так, Анжэла. Я кінуў інстытут, нягледзячы на тое, што ўсё-такі агораў зімовую сесію, і накіроўваюся на радзіму. Праўдзівей, інстытут я не кінуў, а толькі ўзяў акадэмічны водпуск. Аднак сумняваюся, ці знайду сілы калі-небудзь яшчэ прыехаць у Мінск. Надта ўжо няшчыра, меркантыльна, бязбожна жывуць тут людзі. Яны думаюць, што жыццё — гэта яркія фарбы, тэлевізійныя шоу, расфуфыраныя даўганогія дзяўчаты; яны лічаць, што жыццё — гэта імклівыя аўто, мабільнікі, “відзікі”, кампутары і факсы… Не, Анжэла, яны памыляюцца. Жыццё — гэта трэль салаўя над росным разлогам, гэта ўсплёск карася ў зацішным лясным азярцы, гэта пах сенажаці… А галоўнае — гэта наша шчымлівая, узвышаная самота, калі адчуваеш сябе здатным гутарыць з вечнасцю. Мы ўсё роўна адны, Анжэла, адны на ўсім свеце: кожны самотны, страшэнна самотны і асуджаны на смерць ад самага нараджэння. А сям’я, сябры, саслужыўцы адно памагаюць нам адолець гэты пакутны шлях ад калыскі да дамавіны… А часам і перашкаджаюць, бо адно што патрэбна нам на жыццёвым шляху — далучыцца да вечнага… А тады і памерці не страшна.