Выбрать главу

Я еду дамоў, Анжэла. У той кут, дзе ўпершыню ступіў басанож на маці-зямельку. Еду, каб прыдбаць душэўны спакой. Я знаю, што будзе мне там няпроста — сямейнае становішча маё ты ведаеш. Але шлях да Бога заўсёды ляжаў праз выпрабаванні, праз згрызоты сумлення і цялесную змору. Аднаго баюся, каб не спіцца, зламаўшыся духам. Гэта самае страшнае і адначасова самае верагоднае, што можа мяне чакаць…

Не памінай мяне ліхім словам, Анжэла. Не таі крыўды і злосці — яны толькі атручваюць наша жыццё і, як правіла, не памочнікі ў вырашэнні праблем. Расстанёмся ж па-добраму. А там… нязведаны шляхі Гасподнія, і можа так стацца, што яшчэ раз сустрэнемся мы з табой пад гэтым захмараным беларускім небам…

Аб адным прашу, не гавары Андрэйку пра гэты ліст, не траўміруй дзіцячую псіхіку. Пастарайся наогул маўчаць пра мяне — ён спакваля і забудзецца. А хлопец ён добры, гэта я табе з усёй адказнасцю гавару. Ведаю, вырасце чалавекам.

Усё ж не развітваюся назусім, не гавару “бывай”, роўна як і не кажу “да пабачэння”. Дамо ж Госпаду вызначыць нашыя пуцявіны.

А таму: шчасця вам, здароўя і дабрабыту…

Віталік”.

Скончыўшы чытаць, Анжэла не заплакала, не пабляднела, і ніводзін мускул не таргануўся на яе твары. На ім застыў выраз няўцямнага ашаламлення. Маруднай, увобмірг ацяжэлай хадою яна патупала з кухні. Ліст трымала ў апушчанай уздоўж цела правай руцэ. Яна зайшла ў залу і накіравалася да кніжнай секцыі. Пацягнула на сябе адну з шуфлядаў, дастала сярэдніх памераў шкатулку, дзе захоўваліся ўсе найважнейшыя дакументы (пашпарт, метрыкі, ашчадная кніжка, разнастайныя пасведчанні). У гэтай жа шуфлядзе, пад жоўтым лістом кардону, што засцілаў дно, ляжаў маленечкі серабрысты ключык. Анжэла дастала яго і адперла шкатулку. Затым няспешна і дзелавіта склала ў чатыры столкі Віталікаў ліст і засунула яго ў кіпу, між іншых папер.

Усё гэта яна прарабіла з тым жа застылым на твары бездапаможным ашаламленнем. Хутка шкатулка была заперта і вернута на сваё сталае месца.

Гольцава самнамбулічна павярнулася, зрабіла некалькі млявых крокаў да цэнтра залы, і тут, нібы прабіўшы нябачную плаціну, з яе грудзей вырваўся сіплы, усхліпісты енк, а твар мігам перакасіла роспачная грымаса. Жанчына пахіснулася на аслабелых нагах, з цяжкасцю дапяла канапы, што знаходзілася праваруч, і ніцма павалілася на яе; поўнае нехлямяжае цела закалацілася ў плачы.

Упала на канапу Анжэла няёмка: не плазам, а больш левым бокам, прычым левая рука выродліва падвярнулася ў локці, заламалася, і цела, што ўздрыгвала ў слёзных сутаргах, ціснула на гэтую падвернутую руку. Спадніца збілася і высока адкрыла правае сцягно ў празрыстай панчосе — тоўстае друзлае сцягно жанчыны бальзакаўскага ўзросту.

Так рыдала яна, немаладая і ўжо не вельмі прывабная жанчына, якую на дадзены момант не кахаў ніводзін мужчына на свеце, і, верагодна, ніхто ніколі не пакахае. Рыдала ў агромністай шматпавярхоўцы, дзе зверху, знізу, з усіх бакоў знаходзіліся людзі, людзі і людзі… Адгароджаныя мурамі і бетоннымі перакрыццямі, яны не чулі ейнага плачу і былі бясконца далёкія ад яе. Іх быццам не існавала.

Але ўсё ж Анжэла была не адна і таму, прарыдаўшы з паўгадзіны, яна схамянулася, села, выцерла слёзы насоўкай і пацягнулася на кухню, дзе неўзабаве застукаў нож аб шаткавальную дошчачку, забразгалі каструлі, зашквырчэла на патэльні цыбуля, палілася з крана вада…

Праз паўгадзіны вярнуўся са школы Андрэйка.

32

Света Стрэчань так і не дачакалася званка ад Сяргея ў той дзень, на які яны змовіліся сустрэцца і паехаць да яго на кватэру. Не было ад яго ніякіх звестак і ў наступныя некалькі дзён.

Душэўны стан Светы ўвесь гэты час быў крайне складаны. Крыўда і боль ад таго, што каханак яе падмануў, чаргаваліся з раптоўнымі прыступамі трывогі за Сяргея — што з ім здарылася нешта непрадбачанае і катастрафічнае. Яна знемагала ад бяздзейнага адчаю, ад таго, што не толькі нічым не можа яму дапамагчы, але і даведацца пра яго няздатная. Станавілася жудасна ад думкі, што ў агромністым Мінску, з яго двума мільёнамі жыхароў, яны могуць не спаткацца, нават пражыўшы сто жыццяў. Але тут жа прыходзіла ў галаву, што калі Сяргей жывы і здаровы, то не аб’яўляецца ён якраз таму, што парашыў яе кінуць. Так, банальна кінуць, удосталь пакарыстаўшыся яе целам… Падлюга! І нянавісць, чорная, замяшаная на рэўнасці да невядомай саперніцы нянавісць апаноўвала Свету.

Хадзіць у інстытут стала для яе сапраўднай мукай, бо розум, заняты сваім набалелым, начыста адмаўляўся ўспрымаць прамовы выкладчыкаў. Света адседжвала лекцыйныя гадзіны, безуважна ўтаропіўшыся на кафедру, і амаль нічога не запісвала. На семінарах пару разоў атрымала нездавальняюча і неўзабаве наогул перастала іх наведваць. Але самым нязносным было цярпець смех, рогат і хіхіканне аднагрупнікаў, якія жылі звычайнымі клопатамі і не здагадваліся, якія пакуты прычыняюць Свеце сваімі бадзёрымі, жыццярадаснымі галасамі. Яна з жахам адкрыла, што ўсё, чым займаюцца яе аднакашнікі ў інстытуце, гэта зусім не вучоба, а пастаянны, шматстайны, бясконцы флірт. Хлопцы прыстаюць да дзяўчат з прымітыўнымі досціпамі, дзяўчаты гэтак жа дасціпна стараюцца ім адказаць, какетнічаюць. Прычым робіцца ўсё гэта пад маскай цынізму і грубасці. О, як брыдка, як мярзотна станавілася ў яе на душы ад гэтых пошлых амураў! Света не адказвала на жарцікі-заляцанні хлопцаў, што ляпіліся да яе на занятках; на перапынках жа спяшалася адысціся як найдалей ад сваёй групы. Аднак гэта не дапамагала, таму што і каля іншых аўдыторый, у калідорах, на розных паверхах інстытута адбываўся, цвіў і працвітаў той жа ўсепаглынальны флірт.