— Гэтага не было, Света! Нічога гэтага не было, таму што я прывід, міраж, мыльная бурбалка!
— Не, Сяргей! Ты не міраж, не прывід, бо яны не пазбаўляюць дзявочай цноты, яны не пакідаюць пасля сябе вяровачных лесвіц і дарагіх упрыгожванняў. А ты… Ты зусім рэальны нягоднік. І я… — тут Света ўсхліпнула, голас яе сарваўся, з вачэй хлынулі слёзы. — Я цябе ненавіджу…
— Правільна! — усклікнуў Сяргей. — Правільна, Света! Я варты нянавісці. Але… Але ты мяне ўсё яшчэ кахаеш, бедная мая Света.
— Ненавіджу! — рыдаючы, крычала ў трубку дзяўчына. — Гад! Падонак! Вырадак подлы!
— Ты яшчэ кахаеш! — з недарэчным зларадствам доўжыў Сяргееў голас. — І каб стала табе лягчэй… каб было лягчэй са мной развітацца, то я… я табе вось што скажу. Я здрадзіў табе! Чуеш? Здрадзіў! У той дзень, калі мы збіраліся ехаць да мяне на кватэру, я стаяў, ужо стаяў ля твайго дома, ужо хацеў патэлефанаваць. Але не патэлефанаваў, а замест гэтага пайшоў у бліжэйшы шынок і нарэзаўся да ачмурэння! Напіўся як люмпен… А тады… тады, Света, я ўзяў за грошы звычайную прастытутку. Чуеш?! — выкрыкваў ён распаляючыся. — І правёў з ёй ноч… у гасцініцы “Мінск”, цэлую ноч кахання.
— Ты хлусіш, падлюга! Хлусіш!
— Гэта праўда, гэта такая праўда, пасля якой… пасля якой нам лягчэй будзе расстацца.
— Ты хлусіш… хлусіш… — Света ўжо не магла крычаць, голас яе апаў да шэпту.
— Бывай. Бывай, Света! І забудзь пра мяне, забудзь назаўсёды…
На тым канцы лініі раздаліся кароткія гудкі.
…Света правяла жахлівую ноч. Кожны гук, кожны рып і шоргат вярэдліва аддаваліся ў яе мозгу. Яна чула, як вярнуліся мама з Аркадзем Рыгоравічам, як яны пастуквалі і гаманілі на кухні, потым уключылі ў зале тэлевізар і доўга яго глядзелі. Яна чула, як мама, па прыходзе, паспрабавала да яе зайсці, але дзверы былі запёрты на засаўку. Нэля Аляксандраўна пару разоў тарганула іх і адышлася. Яна, відаць, падумала, што дачка спіць.
А Света не спала, не спала гадзін да пяці раніцы, змардаваная не думкамі нават, а нібы залезлі ў яе мозг прутом і шуравалі ў звілінах. Было душна, было мулка, было невыносна…
І вось здалося, што дыхнула на яе свежасцю — быццам павеў начнога ветру ўварваўся ў Свецін пакой. Яна страпянулася, села на ложак і пачала ўзірацца ў цемрадзь. Вочы пакрысе прывыкалі, і яна разабрала, што павеў — цёплы вільготны павеў — ідзе ад акна, якое расчынена. Расчынена? Кім? Света падхапілася, саскочыла на падлогу і падыбала да акна. Па меры таго як яна набліжалася, стала чутно, што знадворку шчабечуць птушкі. Шчабечуць па-веснавому, залівіста. Але адкуль птушкі, калі за акном снег, сакавіцкая слота? І ноч… а птушкі збольшага маўчаць па начах. Каля падаконніка Света ахнула: вяровачная лесвіца ўмацавана за батарэю і перакінута ўніз. Дзяўчына перагнулася і ўбачыла, што па лесвіцы паднімаецца чалавек у чорным камбінезоне і чорнай вязанай шапцы. Мерна, прывычна лезе. Гэта Сяргей! Ён вярнуўся. Неверагоднай радасцю напоўнілася Свеціна сэрца. Сяргей вярнуўся! А на двары вясна — цёплы ветрык авявае яе рукі, забіраецца пад начную сарочку, лашчыць твар. Шчабечуць-заліваюцца птушкі. Але адкуль, з якіх дрэў? Усё патанае ў вільготнай вясновай смузе, у начным прыцемку… А Сяргей набліжаецца. Вось ён ухапіўся правай рукой за падаконнік, левай, падцягваецца, вось-вось перакіне нагу… І тут ён падняў твар: на Свету нахабна глядзела, выскалялася ваўчыная морда. Бяздумныя маленькія вочы, вялізныя белыя зубы. Жудасны, немы Свецін крык прарэзаў начную цішу; ён зліўся з глухім, сіплым ваўчыным рыкам у нейкі вычварны унісон. Гэты падвойны крык нібы сарваў ваўкалака з падаконніка, і ён каменем шухнуў долу. Света перастала крычаць, уражаная рэзкім знікненнем начнога прыхадня, але доўга, ненатуральна доўга чула яго перадсмяротны енк, нібы ляцеў ён у прорву, а не падаў з другога паверха. Госпадзе, хутчэй бы… хутчэй бы скончыўся гэты д’ябальскі енк!
Света прачнулася ў ліпкім поце. За акном займаўся пахмурны світанак. Гадзіннік паказваў палову сёмай.
Але гэты нованароджаны дзень, што нёс радасць абуджэння мільярдам жывых істот на зямлі, не абяцаў Святлане ні дабра, ні спакою.. Яна баялася ўставаць, баялася падыходзіць да акна, каб не ўбачыць усё той жа зляжалы снег, абрыдлую сакавіцкую слоту. Што рабіць ёй у гэтым бяздушным горадзе, у інстытуце, дзе ўсе ёй чужыя? Не, яна пакуль што не будзе ўставаць.
Света павярнулася да сцяны, нацягнула коўдру на самую макаўку і заціхла. Праз паўгадзіны павінна ўстаць мама, за ёй — Аркадзь Рыгоравіч. Дзяўчыне не хацелася яго бачыць апошнімі днямі, яна штораніцы чакала, пакуль ён паснедае і пойдзе на працу. Так будзе і сёння. Ну ладна, пойдзе ён, тут жа пыталася ў сябе Света, а далей што? А далей тыя ж назойлівыя, душазнішчальныя думкі? Трэба заснуць, забыцца, сасніць нешта лагоднае, адмежавацца ад жыцця, з яго вераломствам і подласцю…