І дзяўчына на міг задрамала, але не было ёй збавення ў гэтым сне: глухі працяглы стогн ваўкалака скалануў яе існасць. Начны прыхадзень усё яшчэ ляцеў у сваю бяздонную прорву!
Света рыўком страсянула з сябе коўдру, села на тахце, падкурчыўшы ногі да грудзей; ногі абхапіла рукамі.
Неўзабаве кватэра ажыла: пачуліся галасы мамы і Аркадзя Рыгоравіча. Няўжо ён усё-такі начаваў у маміным пакоі? Якая мярзота! Як жа брудна, як нізка ўсё на зямлі! Света не хацела, зусім не хацела іх бачыць.
Вось і мама пад дзвярыма, зараз пастукае. Стукае.
— Свецік, уставаць бы пара. Свецік!
— Мне сёння на другую пару… — адказала дачка падробна сонным голасам.
Маці не стала настойваць, пайшла карміць гэтага Аркадзя Рыгоравіча. Канешне, ёй цяпер ёсць пра каго клапаціцца. “Ненавіджу, ненавіджу іх! — грэбліва зморшчылася Света. — Тараканы”.
Недзе праз паўгадзіны яна засталася ў кватэры адна. Прайшла на кухню — у начной сарочцы, басанож, з разбэрсанымі пакутлівым сном валасамі. Трэба было выпіць кавы, каб узбадзёрыцца. Света скіпяціла вады, дастала бляшанку з растварымай кавай, усыпала дзве чайныя лыжкі ў кубак, усыпала цукру… Піла прагна, апякаючы язык і паднябенне. Але калі выпіла палавіну, адчула млосць, даўкія спазмы ў горле. Яна кінулася да ракавіны, сагнулася напалам… Здавалася, што сам страўнік вылеціць праз рот — такая жахлівая была рвота.
“Гэта ад духаты, ад начнога кашмару, — думала Света, калі валаклася на аслабелых нагах у сваю спальню. — Трэба выйсці на вуліцу, абавязкова… падыхаць… падыхаць свежым паветрам”. Сяк-так яна апранулася. Збітыя валасы, не расчэсваючы, схавала пад шапку; не наводзіла і макіяж — навошта?
Ранак сустрэў яе імжой, туманам, горамі бруднага снегу. Толькі на праспекце Скарыны, на самай праезджай частцы, шарэў асфальт. Па асфальце порстка імчалі разнамасныя аўтамабілі. Пешаходы ж тэпалі па тратуары, пакрытым вадзяністай адліжнай плёнкай. Тут лёгка можна было ўпасці і пакалечыцца.
Света брыла ўверх, у бок ГУМа. Рып, тарахценне і бразганне машын балюча цвялілі яе нервы. Раздражнялі і жвава-бадзёрыя пешаходы, якія спяшаліся як на пажар. Навошта? Куды яна так шыбуюць? Куды імкнуцца, калі ўсё мана, ашуканства і подласць? Трэба дайсці да сквера, думала дзяўчына, там мала людзей, там можна ціха пасядзець і падумаць… Але пра што? Пра што яна можа думаць на гэтай зямлі?..
Дзяўчына ўжо набліжалася да ўвахода ў сквер, калі з падземнага выхаду станцыі метро, непасрэдна на яе, высыпала гурма іншаземцаў, чалавек пятнаццаць. Гэта, відаць па ўсім, былі экскурсанты. Румяныя, усмешлівыя, дагледжаныя і густоўна апранутыя, яны весела гергеталі па-англійску, выкрыквалі, размахвалі фотаапаратамі. Некаторыя абярнуліся да Палаца Рэспублікі, паказвалі на яго рукамі, наперабой нешта гаварылі, ускліквалі, рагаталі…
Света як заварожаная глядзела на гэтую гурму: сытыя ўсмешлівыя твары, бялявыя валасы і, галоўнае, англійская мова іншаземцаў мігам нагадалі дзяўчыне разбуральнікаў яе сям’і, сумна вядомых Біла і Джэка. Але не згадка пра тых сектантаў паласнула Свеціна сэрца, а вобраз роднага бацькі — Лявона Міхалыча. Бацькі, які ўжо тры гады як пакінуў яе на вырак лёсу, які за гэты час ніводнага разу не патэлефанаваў, не пацікавіўся роднай дачкою. Света нібы наяве ўбачыла Лявона Міхалыча — на мяккай канапе, у абдымку з маладой пекнай жонкаю Юляй; а па каленях, руках і плячах гэтай парачкі поўзаюць сыны — тры гарэзныя румяныя карапузы… А яшчэ прыгадала Света эпізод чатырохгадовай даўнасці, калі тут, менавіта ў гэтым падземным пераходзе, чыхвосціў Лявон Міхалыч жабрака, успомніла, як ударыў бацька нагой па шапцы няшчаснага, як падняліся ў паветра папяровыя грошы…
Стрымгалоў, спатыкаючыся, як і чатыры гады таму, памчалася Света дамоў. Два разы пакаўзнулася і ўпала на пакрыты вадою лёд. Болю яна не адчувала.
Дома яна не марудзячы прайшла ў ванную — хацелася набраць гарачай вады, залезці ў яе і ляжаць, сагравацца. Ляжаць цэлы дзень і не бачыць, не бачыць нікога… Але гарачай вады не было, ішла толькі халодная. Божа, за што?! Ёй жа так патрэбна зараз гарачая вада. Света рынулася на кухню, крутанула тамашні кран: пацякла халодная — рудаватая, з іржою. Холадна, як жа холадна на гэтым свеце!
І тут яе позірк упаў на нож — звычайны кухонны нож, што ляжаў каля ракавіны. На ім былі відны ільсняныя сляды чорнага хлеба… Страшнае рашэнне ўвобмірг саспела ў Свецінай душы. Яна схапіла нож у правую руку і прыціснула да грудзей, нібы апасаючыся, што яго адбяруць. Цяпер у галаве панавала толькі адна ідэя — ідэя збавення ад холаду, ад вераломства і подласці: ад жыцця.