Выбрать главу

Спалатнелая, усё яшчэ ў верхнім адзенні, хісткай хадою рушыла Света з кухні, усё прыціскаючы кухонны нож да грудзей; прайшла ў свой пакой, зачыніла дзверы і зашчоўкнула засаўку…

33

Яшчэ за два метры да сваёй грымёркі Сяргей Пугач расчуў там голас Альберта Сычова і гідліва паморшчыўся. Увайшоўшы, убачыў, што Альберт сядзеў на тумбачцы Янкі Тышкевіча, боўтаў нагамі і ўзахлёб распавядаў нейкую займальную гісторыйку. Тышкевіч ёрзаў на крэсле перад люстэркам і прыдзірліва разглядаў свой твар.

Сяргею не хацелася рукацца з Альбертам і таму ён проста сказаў: “Здароў, хлопцы”, — і адразу ж усеўся за свой грымёрны столік; прыняўся перабіраць рыштунак.

Альберт яўна не спяшаўся сыходзіць і несупынна цвяліў Сяргееў слых тэатральнымі показкамі. Пры гэтым раз-пораз усклікваў “Вой, не магу!”, хапаўся за жывот і скаланаў цесную грымёрку грымлівым рогатам. Тышкевіч жа з захапленнем яго слухаў, падсмейваўся, і відавочна было, што ён таксама не спяшаецца грыміравацца.

— А што, хлопцы, можа, сёння рэпетыцыі не будзе? — з’едліва і раздражнёна спытаўся Пугач у дакучлівых хлопцаў.

— Будзе, толькі без Бабаеўскага, — нядбайна кінуў яму Альберт і, ляпнуўшы далонь аб далонь, тут жа ўскрыкнуў: — А во, Янка, яшчэ хохма была! — І ўсчаў рагатліва распавядаць Тышкевічу чарговае пашлоцце.

— Як не будзе? — перабіў яго Сяргей. — А хто за яго?

— Хутчэй за ўсё Фурсаў, — адказаў Янка. — Так што лафа.

— Дык а што з Баб.. — Пугач хацеў сказаць “з Бабаем”, але ўспомніўшы пра Альберта, запнуўся і паправіўся: — З Рыгорычам?

— А нешта там дома ў яго, — ухмыліста зірнуў на Сяргея Альберт. — Надзвычайнае здарэнне нейкае…

— Адкуль ты ведаеш?

— Ведаю, калі гавару, — нават пакрыўдзіўся Сычоў. — Ён яшчэ з вячэрняга спектакля сарваўся. І сёння, Нінка казала, яго да абеду не будзе… Рыгорыч жа ўжо з Зарэмбай — цю-цю, памахаў, так бы мовіць, ручкай, — працягваў ухмыляцца Альберт. — У старой сям’і, мабыць, што здарылася…

Тут Альберт пераключыў увагу на Тышкевіча, усклікнуў: “А во, Янка, паслухай лажу!” — і, артыстычна крыўляючыся, запоўніў грымёрку новай показкай.

Ён залівіста распавядаў хвілін пяць, як адчуў, што яго схапілі за плячо, тарганулі і сашмаргнулі з тумбачкі. Перад ім, з раз’юшаным перакошаным тварам, стаяў Сяргей і трымаў загрудкі.

— Перастань тут іржаць, чуеш! — хрыпеў Пугач і да трэску камячыў Сычову кашулю.

— Ды ты што, ачмурэў?! — абурыўся Альберт і схапіў Сяргея за рукі, намагаючыся выслабаніцца; цыбаты, ён быў на добрых паўгалавы вышэйшы за Пугача.

Але той з нечаканай сілай сарваў яго з месца, давалок да дзвярэй і вышпурнуў у калідор. Усё адбылося нагэтулькі вокамгненна, што Янка Тышкевіч нават не паспеў да іх падскочыць, каб спыніць тузаніну. Ён толькі лыпаў ад здзіўлення вачыма.

— Дэгенерат! — гарлаў з калідора асмялелы Альберт. — Псіх! Я на цябе ў суд падам!

Пугач не адказваў на яго выкрыкі. Выставіўшы Сычова з грымёркі, ён неяк звяў, абмяк, шаргатлівай хадою дацёгся да свайго крэсла, сеў і абхапіў галаву рукамі.

— Навошта ты з ім так? — падышоў да Сяргея Тышкевіч.

— А хай не рагоча, — буркнуў той ужо без ранейшай злосці.

…Пасля абеду, недзе паміж трыма і чатырма гадзінамі, Сяргей Пугач уляцеў у пад’езд дома Святланы Стрэчань і шпарка пабег па сходах. Аднак адолеўшы два лесвічныя пралёты, перад трэцім ён замарудзіў крок і ўжо не ляцеў па прыступках, а нібы краўся. Выгляд Сяргей меў насцярожаны і зладзеяваты, быццам гатовы ён быў у любую секунду павярнуць наўспят і ўцякаць на злом галавы.

На лесвічнай пляцоўцы Пугач зусім сцішыўся і на дыбачках падышоў да крайніх левых дзвярэй; прыпаў да вушака, прыслухоўваючыся. Нерухомы, ён прастаяў так даволі доўга. Затым гэтак жа на дыбачках пракраўся да супрацьлеглых дзвярэй, падняў руку да званка, павагаўся, апусціў, а тады зноў падняў руку і на гэты раз націснуў на кнопку.

— Хто там? — амаль імгненна раздаўся за дзвярыма старэчы голас: відаць па ўсім, за Сяргеем сачылі праз вочка.

— Прабачце, калі ласка, бабуля, — падробна зычлівым голасам пачаў Пугач, — можа, вы мне падкажаце, дзе дзяўчына з сорак першай кватэры… Нешта там з самае раніцы ніхто трубку не падымае… Я падумаў, мо тэлефон сапсаваўся…

— А вы хто будзеце, малады чалавек?

— Ды аднагрупнік я Свецін. Яе два дні на занятках не было. Група хвалюецца. Тэлефанавалі дамоў — ніхто не адказвае…

— У бальніцу забралі Свету, ледзь не памерла яна ўчора… — Голас бабулькі за дзвярыма, як здалося Сяргею, сарваўся на ўсхліп.