— Як у бальніцу?.. — залепятаў Сяргей. — Як жа ў бальніцу, бабуля?! Куды?! Як?! Ды што ж з ёй такое здарылася!! — Апошнюю фразу ён амаль пракрычаў.
Але з-за дзвярэй не было адказу.
— Бабуля! Адчыніце, бабуля! — Сяргей замалаціў кулакамі спярша па вушаку, а потым і па абіўцы. — Мне трэба! Чуеце, мне трэба ведаць, што здарылася!
— А тое, — раптам агрэсіўна ўскрыкнуў старэчы голас, — што даводзяць такія, як ты, дзяўчат да самага самагубства! Набаюць, наабяцаюць залатых гор — і ў кусты!
— Як… што… што такое вы кажаце…
— Бязлітасныя, эгаісты, вырадкі — вось вы хто! — плакала за дзвярыма незнаёмая бабуля. — Яе, калі хочаш знаць, ужо б на свеце не было, каб маці не задумала паміж урокамі дамоў заскочыць. Два літры крыві сабе выпусціла, бядачка…
— Як крыві?! — роў і грукаў у дзверы Сяргей. — Чаму? Навошта? Гэтага быць не можа!
— Ды я сама ёй рукі жгутом перацягвала, пакуль “хуткая” падаспела. Вены яна паўскрывала… Э-э-х, не цэніце вы жыцця…
— Бабуля! Чуеце, бабуля! У якую… у якую бальніцу яе павезлі?..
— Не ведаю. Мабыць, у бальніцу “Хуткае дарпамогі”… куды звычайна вязуць…
Сяргей пабег уніз па лесвіцы. Першым памкненнем яго было лавіць таксоўку ды імчацца ў бальніцу. Але на праспекце Скарыны гэты парыў нечакана змяніўся цяжкой, бяздоннай дэпрэсіяй. Ён пабрыў куды вядуць вочы і бяздумна блукаў па горадзе некалькі гадзін.
Апамятаўся на незнаёмай вячэрняй вуліцы, апамятаўся ад таго, што быў без шапкі, і ад спорнага дажджу намоклі валасы і каўнер кашулі — халодныя цуркі ўжо цяклі па спіне. Сяргеевы паліто і штаны мелі некалькі вялікіх брудных плямаў, таму што ён колькі разоў упаў у вясновую куламесу. У роце было, як у памыйніцы. Муціла.
Вось што адбывалася з ім цягам апошніх гадзін.
Сяргей зайшоў на праспекце ў бар і выпіў гарэлкі. Выйшаў, збочыў з праспекта і блукаў па прылеглых да яго і паралельных вуліцах. Пару разоў, машынальна рэагуючы на шыльды, ён заходзіў у прыдарожныя шынкі і выпіваў не закусваючы. Затым сеў на аўтобус, але ў цісканіне яму зрабілася млосна, і ўжо праз прыпынак ён выйшаў. На выхадзе, у шчыльным натоўпе, Сяргей незнарок, але даволі груба штурхнуў пажылога мужчыну. Той доўга гарлаў на яго, абзываў п’янюгам, патрабаваў прабачэнняў, а затым размахнуўся і кухталём збіў з Сяргея пыжыкавую шапку. Тая ўпала ў калюжыну. У адказ, зусім беспамятна, Пугач тузануў дзядзьку ў грудзі. Той пакаўзнуўся, хлюпнуўся ў куламесу і прыціх. Сяргей жа шапкі не паднімаў і павалокся прэч ад прыпынку. Нехта гукнуў яму ўслед: “Нягоднік!”, нехта пракрычаў: “П’янтос!”, а хтосьці: “Падымі ж сваю шапку!” Пугач не чуў ні таго, ні другога, ні трэцяга.
Вуліца, на якой зараз стаяў Сяргей, была вузкая і цямравая. Наперадзе, і даволі далёка, віднеліся толькі два кволыя ліхтары, што кідалі святло на раскіслы ад дажджу снег, на шэрыя камяніцы. Вуліца наперадзе мела ўзвышэнне, і стуль цяклі цэлыя патокі вады — быццам прарвалася нябачная плаціна, і горад залівае паўнаводнае возера. На тратуары яшчэ было цярпіма, але на праезджай частцы рэдкія легкавушкі акуналіся па самыя дзверы.
Пугач абярнуўся і ўбачыў, што ззаду, праз квартал, гэтая вулка перасякаецца з добра асветленай шырокай вуліцай. Праз скрыжаванне шчыльна сноўдалі аўтобусы і тралейбусы, мітусіліся людзі. Сяргей пазнаў тую вуліцу — яна ўпадала ў праспект Скарыны непадалёку ад ГУМа. Там можна было злавіць таксоўку і з’ехаць, нарэшце, з гэтага агорклага цэнтра. Пугач, мокры як цуцык, пацёгся ў бок скрыжавання.
Ён выйшаў на ўзгаданую вуліцу і ўжо прыглядаў зручнае месца, дзе б можна было выйсці на праезджую частку, каб галасаваць, як яго аклікнулі:
— Сяргей! — У двух метрах, праваруч, стаяла Людка Дробаш.
Яна была ў скураной куртцы, без шапкі, захіналася ад дажджу парасонам. У левай руцэ Людка трымала непразрыстую поліэтыленавую сумку.
Пачуўшы яе голас, Пугач здрыгануўся і, як здалося, зусім не ўзрадаваўся гэтай сустрэчы.
— Сяргей, — дзяўчына зрабіла да яго пару крокаў, — што з табой?
— Нічога… — прамямліў хлопец; ён стаяў да яе бокам і пазіраў спадылба.
— Як нічога?! — Людка кранулася Сяргеевага пляча і апусціла вочы на яго штаны і ніз палітона. — Ты ж увесь у брудзе… Пачакай, — яна пранікліва зірнула яму ў твар і вызначыла: — Ды ты п’яны.
— А хаця б! — блазнавата ўсміхнуўся Сяргей і як бы перайшоў у атаку: — А каму якая справа, п’яны я ці цвярозы?!
— Ды як жа… як жа… чакай, у цябе ж сёння спектакль! — успомніла Людка. — Цябе што, падмянілі?
— Які яшчэ спектакль! — раздражнёна ўзмахнуў рукой Сяргей, пры гэтым пахіснуўся ўсім целам і мог бы ўпасці, каб Дробаш не прытрымала яго за локаць. — Які спектакль, Люда! — узвысіў ён голас. — У нашым прадажным балагане хіба даюць спектаклі?! Вось, глядзі! — Пугач груба схапіў яе за руку. — Вось сапраўдны спектакль! Вось акцёры! — Ён паказваў пальцам на людзей, што шчыльна шыбавалі па тратуары.