— Перастань! — шыкнула на яго Дробаш. — Перастань, чуеш!
— Ведаеш, што значаць усе гэтыя агні, вітрыны, аўтамабілі, будыніны? — хрыпла гарлаў Сяргей. — Гэта дэкарацыі для мільёнаў акцёраў, — тых акцёраў, што намнога лепшыя за нас з табою! А ведаеш чаму? А таму, што яны заўсёды іграюць без фальшу; таму, што стаўка для іх — жыццё. Але яны заўсёды ў пройгрышы, небаракі! Іх спектакль нязменна заканчваецца смерцю! Ім нельга паправіцца, перайграць, зрабіць нанова!
— Ты п’яны, Сяргей! — нават без дакору, а з нейкім няўцямным жалем глядзела на яго Дробаш.
З мокрымі зліплымі валасамі, з зеленавата-бледным тварам, Пугач выглядаў страхалюдна.
— Яны, — паказваў ён тэатральнымі жэстамі на прахожых, — ад самага нараджэння прагнуць любові, цяпла і спагады. А замест гэтага жыццё ўпарта падсоўвае ім боль, холад, нячуласць — у выглядзе бацькавага рэменя, у выглядзе паганага беларускага клімату, у выглядзе здрады сяброў і каханых! А яны ўсё спадзяюцца, нябогі! Яны працягваюць іграць свой спектакль! Яны выжыльваюцца і сапраўды зрэдку дамагаюцца тае любові. Але праходзіць час — і сябар робіцца заклятым ворагам, каханы — здраднікам, а дзеці… дзеці вырастаюць і забываюцца на сваіх бацькоў!
— Ды што ты вярзеш! — Людка схапіла яго за каўнер той рукой, дзе была сумка, і, тузаючы, гаварыла: — Ненармальны! Усё не так, усё не так, як ты кажаш! Здымі свае чорныя акуляры! Чуеш, здымі!
— Няма! — хрыпеў Сяргей з пакутліва перакошаным тварам. — Няма! — Ён правёў далонню па сваіх вачах. — Бачыш, няма ў мяне ніякіх акуляраў. Я бачу свет у яго сапраўдным абліччы. І гэтае аблічча… Гэтае аблічча — жудлівае!
— Ты проста п’яны… — Людка неяк безнадзена адпусціла Сяргееў каўнер і адступіла на крок.
— Я п’яны! І хацеў бы быць тысячакроць п’янейшым, каб забыцца, каб не думаць пра гэты злавесны спектакль! — Ён ізноў узмахнуў рукой, паказваючы на прахожых, дамы і машыны. — А лепш… — Тут яго твар сказіла грымаса адчаю. — Лепш бы мне зусім не нарадзіцца на свет!
— Што ж ты вярзеш, дурань! — У голасе Дробаш цяпер была шкадоба, і толькі. — Хадзем да мяне, абсушышся, адпачнеш… — Яна ўзяла Сяргея за рукаво. — Хадзем, ты ж яшчэ ні разу ў мяне не быў… на новай кватэры…
Але Пугач таргануў рукой, выслабаніўся і, нібы спуджаны хлопчык, адбег ад яе на тры крокі.
— Пайшлі, Сяргей! — ласкава прасіла яго Людка і спрабавала наблізіцца. — Куды ж ты — у такім стане?!.
Сяргей, утаропіўшы на яе вар’яцкі пагляд, адступаў задам.
— Не падыходзь да мяне! — знячэўку выкрыкнуў ён не сваім голасам — так страшна, што Людка аслупянела.
— Ды вазьмі хоць мой парасон… — пралепятала яна.
— Не падыходзь! — яшчэ прарэзлівей выкрыкнуў няшчасны, сарваўся з месца і кінуўся праз вуліцу.
Бег ён між машын, ды так зыбка, што Дробаш ажно зажмурыла вочы… Калі ж ізноў паглядзела на вуліцу, то не заўважыла Сяргея на тым баку. Відаць, ён змяшаўся з натоўпам.
…Уцёкшы ад Людкі, Пугач не марудзячы і зусім бязмэтна сеў у аўтобус. Ён праехаў некалькі прыпынкаў і выйшаў. Выйшаў таму, што млосць, якую ён адчуваў пастаянна, узрасла ад дрогкай язды і пагражала ванітамі. Нядрэнна б было аблягчыцца, і таму Сяргей збочыў у першы ж завулак: змрочны, бязлюдны, але з даволі высокім і сухім тратуарам. Хлопец прайшоў па ім метраў дваццаць, як адчуў кволасць у нагах. Ён схапіўся за тоўстае дрэва, што тырчала непасрэдна з тратуара, сагнуўся напалам…
Ірвота зняла млосць, аднак ногі ўсё яшчэ былі нядужыя і Пугач некалькі хвілін прастаяў, аберуч трымаючыся за дрэва. І тут… тут ён успомніў гэты зацішны завулак — з гэтымі даваеннымі двухпавярхоўкамі праваруч, з гэтай заводскай агароджаю злева. Успомніў таму, што калісьці, гадоў дзесяць назад, хадзіў па ім, напэўна, сотню разоў. Хадзіў узімку і летам, увесну і восенню. Хадзіў цэлы год. Там, метрах у пяцідзесяці наперадзе, некалі жыла яго каханая — першае сур’ёзнае захапленне ў Сяргеевым жыцці… Тая вулачка ў густых прысадах, што прылягала да Свіслачы, мела прыгожую і запамінальную назву — “Лодачная”. Там было некалькі альтанак, дзе яны любілі сядзець, цалуючыся… А кватэра каханкі — трохпакаёўка, столі з ляпнінаю. Утульны пакойчык з акном на ціхі цяністы дворык… Ён некалькі разоў, калі бацькі каханай былі на дачы, начаваў у гэтым пакойчыку… Як прыемна было ўстаць на летнім досвітку, знасцежыць акно і ўвабраць у грудзі водар бэзу, каштанаў… Усё адышло ўраз, неяк подла і ганебна закончылася. Яны пасварыліся па пусцяковіне, а ён, з прычыны паганага гонару, рашыў не тэлефанаваць першым, памучыць. І не званіў пару тыдняў, не званіў з асалодаю. Не, ён не хацеў яе кінуць. Але праз два тыдні падвярнулася палка-бессаромная дзеўка, і прапаў Сяргей на цэлы месяц… А потым і позна было мірыцца. І самае дзіўнае, што не засмуціўся ён з тае прычыны, не бедаваў, а, наадварот, начыста забыўся ў віры маладога жыцця на каханне, што доўжылася цэлы год. І надалей амаль ніколі не ўспамінаў…