Выбрать главу

Так мінула дзесяць гадоў, а мая дачка ўсё яшчэ не мела імя на гэтай зямлі. «Маё дзіця» і «мая любоў» – так называла яе бацькава пяшчота, а поўная самота яе існавання выключала ўсялякія дачыненні з іншымі. Імя Марэлы памерла разам з ёй. Я ніколі не размаўляў з дачкой пра маці, гэта было немагчыма. За кароткае сваё жыццё яна не мела ніякіх уражанняў ад вонкавага свету, апроч тых, якія дазвалялі вузкія межы яе адасобленага існавання. Але ўрэшце я згадаў пра хрышчэнне як пра магчымасць вызвалення ад жахаў, на якія асудзіў мяне кон. І нават ля купелі я вагаўся, не ведаючы, якое імя абраць. Мноства імёнаў – сімвалаў мудрасці і прыгажосці, імёнаў старажытных і нашых часоў, імёнаў маёй і чужых краінаў амаль сарвалася з маіх вуснаў разам з імёнамі – сімваламі высакароднасці, шчасця і дабрыні. Што прымусіла мяне патрывожыць памяць пахаванай? Які дэман змусіў мяне выдыхнуць гэтае слова, гук якога пагнаў маю кроў ад скроняў да сэрца? Якая пачвара прамаўляла з глыбіняў мае душы, калі ў цішыні ночы сярод крыжоў я прашаптаў святару «Марэла»? Хто ж, калі не сам д’ябал, сказіў рысы тварыка майго дзіцяці, надаўшы яму адценне смерці? Пачуўшы гэтыя гукі, яна ўзняла свае шкляныя вочы з зямлі ў неба і, апусціўшыся бязвольна на чорныя пліты нашага фамільнага склепа, адказала: «Я тут!»

З выразнасцю – халоднай, спакойнай выразнасцю зляцелі гэтыя простыя гукі з яе вуснаў – і нібы расплаўлены свінец з шыпеннем пацёк у маю галаву. Гады – гады могуць мінуць, але памяць пра гэта не знікне ніколі. Я не толькі забыўся на кветкі і віно, але цыкута і кіпарыс кідалі цень на дні мае і ночы. Я не мераў ні прасторы, ні часу, і зоры майго лёсу падалі з неба, і змрок накрыў зямлю, і хуткімі ценямі праходзілі міма мяне яе вобразы, сярод якіх я бачыў толькі адзін – Марэлу. Вятры шапталі мне адно слова, якое я мог чуць, і хвалі на моры мармыталі толькі адно – «Марэла»… Але яна памерла, і я сам аднёс яе ў склеп – і доўга горка смяяўся, не знайшоўшы ні следу першай там, куды паклаў другую – Марэлу.

Пераклала Марына Дзергачова

Падзенне Дому Ашэраў

Son coeur est un luth suspendu; Sitôt qu’on le touche il résonne.

De Béranger[8]

Увесь гэты маркотны, цьмяны, глухі дзень на зыходзе года, калі хмары гнятліва навісалі над зямлёй, я ехаў на кані праз цалкам бязрадасную мясцовасць, і калі спусцілася цемра, апынуўся перад змрочным Домам Ашэраў. Не ведаю, чаму, але першы ж погляд на будынак напоўніў маю душу нясцерпнай тугой. Я сказаў «нясцерпнай», бо ў ёй не было той палёгкі, якую прыносіць амаль прыемнае – бо паэтычнае – пачуццё, што мы перажываем, сузіраючы нават пейзажы, поўныя журбы або жаху. Я паглядзеў на дом і немудрагелісты краявід, на панурыя сцены, на вокны, падобныя да пустых вачніцаў, на рэдкую асаку, на белыя камлі гнілых дрэваў – і адчуў поўную прыгнечанасць духу, якую з усіх зямных адчуванняў можна параўнаць хіба што з абуджэннем курца опіюму – горкім вяртаннем да рэчаіснасці, жахлівым зрываннем завесы. Гэта была слабасць, скамянеласць, знямогласць сэрца, непераадольная кволасць думкі, якую ніякая сіла ўяўлення не магла абудзіць да чагосьці ўзнёслага. «Што ж гэта, – задумаўся я, – што ж так прыгнятае мяне, калі я гляджу на Дом Ашэраў?» Загадку немагчыма было развязаць; не мог я даць рады і няпэўным фантазіям, якія апанавалі мяне падчас маіх развагаў. Мне давялося прыйсці да той непераканаўчай высновы, што хаця гэта, без сумневаў, усяго толькі спалучэнне цалкам звычайных рэчаў, здольных так на нас уплываць, усё ж прырода гэтай з’явы – па-за межамі нашага разумення.

«Магчыма, – разважаў я, – будзе дастаткова штосьці змяніць у краявідзе, па-іншаму спалучыць элементы пейзажу – і скрушнасць уражання зменшыцца, а можа, і зусім знікне».

І, падумаўшы так, я скіраваў каня да стромага берага злавеснага чорнага возера, што застыла ў бляску і нерухомасці недалёка ад будынка, і пільна ўгледзеўся, чамусьці з яшчэ большым трымценнем, у перакуленыя і скажоныя адлюстраванні шэрай асакі, прывідных камлёў і пустых вокнаў-вачніцаў.

Тым не менш у гэтым валадарстве змроку я збіраўся спыніцца на некалькі тыдняў. З гаспадаром дому Родэрыкам Ашэрам мы былі блізкімі сябрамі ў дзяцінстве, але з нашай апошняй сустрэчы прайшло шмат гадоў. Нягледзячы на гэта, ліст ад яго дагнаў мяне днямі ў аддаленай частцы краіны, ліст усхваляваны і настойлівы, які не дапускаў ніякага адказу, апроч сустрэчы. Пасланне гэтае сведчыла пра нервовае ўзбуджэнне. Аўтар яго пісаў пра цялесную нядужасць, пра разумовы разлад, які яго прыгнятае, пра гарачае жаданне бачыць мяне, свайго найлепшага, больш за тое – адзінага блізкага сябра; пра спадзяванне, што мая жыццярадаснасць і маё таварыства прымусяць ягоную хваробу адступіць. І тон, у якім усё гэта і многае іншае было сказана, і відавочная палымянасць ягонай просьбы не пакідалі месца для ваганняў – і я прыняў запрашэнне, якое ўсё яшчэ лічыў вельмі дзіўным.

вернуться

8

Як лютня, сэрца у яго:

Крані – і адзавецца гукам. Беранжэ* (фр.).